Зноў успыхнуў блакітам пакой, правуркатала-прагрымела, і раптоўна абрынуўся іншы шум — шум моцнага ліўня. Я быў упэўнены, што і Надзея ў гэтыя хвіліны сузірання непадуладнай стыхіі, як і я, адчувала асаблівую ўтульнасць цёплай канапы і абароненасць у абдымках. Там — грыміць і ліе, там шал стыхіі, а тут — ціхае шчасце асэнсавання сябе ў доме, пад дахам з любым чалавекам.
— Галоўнае — усё добра, усё добра, — Надзея зноў прыпала вуснамі да маіх і пацалавала з прыкметнай п’янлівай жарсцю, ды адхілілася, калі пабачыла, як я таксама пачаў распальвацца. Быццам дражніла. І я памкнуўся за ёй, раптоўна ўзбуджаны вільготнай мяккасцю яе вуснаў, яе перарывістым дыханнем.
Надзея напачатку быццам супраціўлялася. Не, не свайму жаданню, а таму пачуццю, якое пачало авалодваць намі абаімі. То была не простая жарсць. З кожнай бліскавіцай і ўдарам грому ў нас уваходзіла нешта адвечнае, абуджалася застылае, надзейна замураванае тысячагоддзямі цывілізаванасці. Той лівень за акном быццам прабіў дах, і цяпер струмені блакітнай у святле маланак вады змывалі з нас усе забароны, вызвалялі ад усіх норм і правіл. І мы ачысціліся, пазбавіліся апошніх путаў чалавечых умоўнасцей.
Стыхія віравала звонку, стыхія віравала ў нас. Не, мы самі былі стыхіяй — пяшчотнай і адначасова звярынай, непадуладнай розуму. Развагам тут не было месца, мы былі еднасцю, якая насычала сябе ўсёдазволенасцю і шалела ад бязмежжа сваёй фантазіі. І нельга было адрозніць у гэтым шаленстве гартанныя крыкі Надзеі ад майго рыку, вылучыць у перарывістым, цяпер амаль безупынным святле белых маланак нешта асобнае з распаленага клубка двух цел.
То быў не секс. Нельга назваць пачуццё поўнага зліцця, ажно да фізічнага адчування еднасці з іншым чалавекам, сексам. Людзі за доўгія гады свайго існавання так і не далі зразумелага тлумачэння каханню. Хіба ж можна падабраць слова, каб назваць ім каханне ў навальнічную ноч?
І гэта не мы спыніліся ўслед за сціханнем навальніцы ў сваёй празе насычэння адно адным, у імкненні даць адно аднаму максімум, на які здольны цалкам свабодны ў сваіх жаданнях чалавек, вызвалены ад сарамяжлівасці і штучнай прыстойнасці, гэта само неба, чуйнае і глыбокае, раптоўна апала ў сваім шаленстве ўслед за намі, і апошнія хвалі дрыжыкаў аргазму на целе Надзеі адгукаліся лагодным вуркатаннем грому, што не быў далёка, а проста над намі — невядомая істота, якая жыла, сілкавалася нашым шаленствам і піла з нашай жарсці.
Мы ляжалі колькі хвілін моўчкі, астываючы і супакойваючыся, не кажучы ні слова, бо яны ў гэты момант былі не проста непатрэбнымі — любое з іх было б фальшывым, бо язык чалавечы раптам апынуўся бясконца бедным, каб выказаць хоць малую кроплю ўдзячнасці і пяшчоты адно аднаму за гэтае бязмежжа шчырай жарсці.
Урэшце Надзея, мякка паціснуўшы мае пальцы сваёй рукой, слізганула з канапы, шчоўкнула свяцільняй. Узняла рукі ўгару, сплёўшы пальцы, пацягнулася і закружылася.
Першы раз яна так адкрыта, без аніякай сарамлівасці, дэманстравала перада мной сваё насычанае ласкай аголенае цела, менавіта дэманстравала, паварочваючыся павольна, гледзячы на мяне сваім мілым гарэзлівым позіркам.
— Я шчаслівая. Я самая шчаслівая. — Я самая-самая шчаслівая. — напявала яна.
Адчыніла шафу, дастала першую, якая патрапілася на вочы, маю кашулю, надзела, падкасала рукавы, зашпіліла гузік. Толькі адзін. Чацвёрты зверху. Стала, адставіўшы крыху адну нагу, уперла левую руку ў бок, правую закінула за шыю і схіліла галаву, прымружыла вочы:
— Я табе падабаюся? Кажы, я буду гатаваць табе каву!
— У кашулі маёй, адно на чацвёрты гузік зашпіленай, ты гатуеш мне каву, — прадэкламаваў я з нечаканым хваляваннем. — Людзі забываюць многае. Я не змагу цябе ніколі забыць у маёй кашулі.
— Паверу! Але праверу! — Надзея прайшла на «кухню».
Мы пілі каву на верандзе, адчыніўшы дзверы ў ноч, дзе шапатаў па лісці сцішаны дождж.
— Надзюш.
— Чую.
— Я пра круг хачу спытаць.
— Пытайся.
— Дык праўда?
— А чым гэта можа быць? — Надзея адставіла кубак, хітра прымружылася, нахілілася да мяне і загаварыла таямнічым шэптам: — Усё было не так! Я згаварылася, каб цябе спаілі наркатычным настоем на мухаморах, украла ў Падлужнага плуг, дзеўкі за літр каньяку наладзілі інсцэніроўку старажытнага абраду. Урэшце, мэта была дасягнутая: я завалакла цябе ў свой ложак і сёння зацяжарала! Сёння была ноч Цмока! Цяпер ты будзеш ведаць, як зараджаюцца Цмокі! І я нараджу яго — ён прынясе мне шчасце, а цябе з’есць!
— Надзюш. Не прыдурвайся. Дык праўда?
— Праўда тое, у што верыш.
— А ты верыш? Скажы!
— Я ведаю.
— Што ты ведаеш? — не адставаў я.
Надзея маўчала, быццам раздумвала, казаць ці не, і пачала апавядаць такой інтанацыяй, бы малому дзіцяці казку:
— Ведзьмакі ведаюць шмат якіх страшных спраў. Але многія рэчы робяцца агулам, вядзьмак тут толькі дапамагае. Круг забыцця — страшны. Калі з яго выскачыш, страх пераадолеўшы, то страціш усю памяць, забудзеш, хто ты ёсць. А калі ранка дачакаешся, то дакладна не будзеш помніць апошніх дзён. Жанчыны аруць баразну, а вядзьмак у гэты час нагаворвае закляцце: на колькі дзён чалавека пазбавіць памяці.