Наступная ноч была яшчэ горшай; замест таго каб супакоіцца, мора разгулялася яшчэмацней. Змагацца па дзве гадзіны запар з рулявым вяслом стала не пад сілу; у другую палову вахты ад чалавека ўжо было мала карысці, і хвалі бралі верх над намі, круцілі нас, адпіхалі ўбок, а вада залівала плыт. Тады мы перайшлі на гадзінныя вахты ля руля і паўтарагадзінны адпачынак. Так першыя шэсцьдзесят гадзін прайшлі ў няспыннай барацьбе з хаосам хваляў, якія бесперастанку навальваліся на нас адна за другой. Высокія хвалі і нізкія, спічастыя і круглыя, косыя хвалі і хвалі паўзверх другіх хваль. Горш за ўсіх сярод нас адчуваў сябе Кнут. Ён быў вызвалены ад вахтаў ля руля, але ўзамен гэтага прыносіў ахвяры Нептуну і моўчкі пакутаваў у кутку каюты. Звесіўшы галаву, папугай панура сядзеў у сваёй клетцы і пачынаў лопаць крыламі кожны раз, як толькі плыт атрымліваў нечаканы штуршок і вада з шумам стукалася ў заднюю сцяну каюты. «Кон-Цікі» гайдала не надта моцна. Ён трымаўся на хвалях куды больш устойліва, чым любое судна такіх жа памераў; але было немагчыма ўгадаць наперад, у які бок нахіліцца палуба ў наступны раз, і мы так і не авалодалі майстэрствам смела рухацца па плыце, паколькі яго не толькі гайдала, але і ўвесь час кідала з боку ў бок.
На трэцюю ноч мора крыху супакоілася, хоць усё яшчэ дзьмуў моцны вецер. Прыблізна ў чатыры гадзіны раніцы з цемры нечакана з’явіўся ўспенены вал, які дагнаў плыт і павярнуў яго на 180°, перш чым рулявыя паспелі сцяміць, што адбылося. Парус пачаў стукаць па бамбукавай каюце, пагражаючы разбіць яе ўшчэнт і разарвацца сам. Прыйшлося ўсім выскачыць на палубу ратаваць груз і паццягваць шкоты, для таго каб паспрабаваць вярнуць плыт на правільны курс і каб парус мог зноў надзьмуцца і мірна выпнуцца ўперад. Але плыт не паварочваўся. Ён ішоў наперад кармой, што мы ні рабілі. Адзіным вынікам усёй валтузні са снасцямі і рулявым вяслом было толькі тое, што двое з нас траха не зваліліся за борт, калі іх у цемры накрыла парусам. Мора прыкметна рабілася ўсё больш спакойным. З анямелымі ад стомы рукамі і нагамі, усе ў сіняках, з абдзёртай скурай на далонях і вачыма, якія самі зліпаліся ад пастаяннага недасыпання, мы былі ні на што не здатны. Лепш было захаваць сілы на выпадак, калі надвор’е пагоршыцца і патрэбна будзе ўся наша энергія — ніколі ж нельга загадзя ведаць, што цябе чакае. Таму мы апусцілі парус і абкруцілі яго вакол бамбукавай рэі. «Кон-Цікі» ляжаў бокам да хваляў і падскакваў на іх, нібы корак. Усе рэчы на плыце былі моцна прывязаны, а мы ўшасцёх залезлі ў маленькую бамбукавую каюту, леглі ўпокат і заснулі як забітыя, сціснутыя, нібы сардыны ў бляшанцы кансерваў.
Мы і не думалі, што змаганне са стыхіяй, якое давялося нам вытрымаць, было самае цяжкае за ўвесь час падарожжа. Толькі апынуўшыся далёка ў акіяне, мы знайшлі просты і дасціпны спосаб кіравання плытом, спосаб, якім карысталіся калісьці інкі.
Мы прачнуліся позна раніцай, калі папугай пачаў свістаць, крычаць і скакаць узад і ўперад па жэрдачцы. Хвалі ўзнімаліся яшчэ высока, але цяпер яны каціліся доўгімі роўнымі валамі і не налазілі гэтак дзіка і бязладна адна на адну, як напярэдадні. Першае, што мы ўбачылі, было сонца, якое ярка асвятляла жоўтую бамбукавую палубу і надавала акіяну вакол нас вясёлы і дружалюбны выгляд. Якая нам справа да таго, што хвалі пеняцца і высока ўзнімаюцца, калі яны пакідаюць наш плыт у спакоі? Якая нам справа да таго, што яны ўзнімаюцца проста перад намі, калі мы ведаем, што праз секунду плыт ускарабкаецца наверх і, быццам паравы каток, прыгладзіць успенены вал, а цяжкая грозная гара вады толькі прыўзніме нас у паветра і будзе вурчаць і цурчаць, перакочваючыся пад намі? Старыя майстры з Перу ведалі, што яны рабілі, калі адмаўляліся ад лодак з пустацелым корпусам, які мог напаўняцца вадой, і ад занадта доўгіх плытоў, якія не маглі б пераходзіць з адной хвалі на другую. Коркавы паравы каток — вось чым з’яўляўся бальзавы плыт.
У поўдзень Эрык вызначыў наша месцазнаходжанне; выявілася, што пасля таго як мы прынялі парус, нас значна аднесла на поўнач уздоўж берага. Мы ўсё яшчэ знаходзіліся ў паласе плыні Гумбольдта, на адлегласці роўна сто марскіх міль ад сушы. Цяпер паўставала сур’ёзнае пытанне, ці не аднясе нас да здрадлівых плыняў, што праходзяць крыху на поўдзень ад астравоў Галапагос. Гэта магло б кепска скончыцца, бо там моцныя акіянскія плыні, якія рухаюцца ў напрамку Цэнтральнай Амерыкі, цягалі б нас на сабе то ў адзін, то ў другі бок. Але калі ўсё будзе добра, як мы разлічвалі, галоўная плынь панясе нас на захад цераз акіян, раней чым мы паспеем забрацца далёка на поўнач, да астравоў Галапагос. Вецер па-ранейшаму дзьмуў проста з паўднёвага ўсходу. Мы паднялі парус, павярнулі плыт кармой у бок ветру і аднавілі вахты ля руля.