Рулявое вясло даўжынёю шэсць метраў свабодна ляжала паміж шпянькамі-ўключынамі, што былі ўбіты ў вялізную калоду, прымацаваную да кармы. Гэта было тое самае рулявое вясло, якім карысталіся нашы туземныя сябры, калі мы сплаўлялі бярвенні ўніз па рацэ Паленке ў Эквадоры. Доўгая жэрдка з мангравага дрэва была моцная, як сталь, але такая цяжкая, што адразу ж патанула б, калі б мы ўпусцілі яе за борт. Да канца жэрдкі была прывязана вяроўкамі вялікая лопасць з сасны. Патрабавалася ўся наша сіла, каб нерухома ўтрымліваць доўгае рулявое вясло, калі хвалі ўдаралі ў яго. Нашы пальцы вельмі хутка таміліся, бо мы вымушаны былі сюд-туд сутаргава сціскаць вясло, каб павярнуць яго і надаць яму такое становішча, пры якім лопасць стаяла б у вадзе зусім прама. Тут нас выручыла тое, што мы здагадаліся прывязаць да дзяржальна рулявога вясла папярочны брусок, які служыў нам цяпер рычагом. А тым часам вецер мацнеў.
А другой палове дня пасат дзьмуў ужо на ўсю сілу. Акіян хутка пакрыўся раўлівымі хвалямі, якія набягалі на нас ззаду. Цяпер мы ўпершыню па-сапраўднаму зразумелі, што знаходзімся ў палоне ў самога акіяна. Цяпер ён з’яўляўся суровай рэчаіснасцю; сувязі са светам, у якім мы жылі дагэтуль, больш не было. Шчасліва ўсё абыдзецца ці не, будзе цяпер цалкам залежаць ад мараходных якасцей бальзавага плыта ў адкрытым акіяне. Мы ведалі, што з гэтага часу няма ніякай надзеі на сустрэчны вецер, ніякіх шанцаў вярнуцца назад. Мы ўвайшлі ў сапраўдны пасат, і з кожным днём нас будзе гнаць усё далей і далей у акіян. Нам заставалася толькі плыць наперад з надзьмутым ветрам парусам; калі мы паспрабуем павярнуць назад, нас усё роўна панясе далей у мора кармой наперад. Перад намі быў толькі адзін выхад — плыць з ветрам, кіруючы нос плыта у той бок, дзе заходзіць сонца. Але ж гэта і з’яўлялася якраз мэтай нашага падарожжа — плыць па шляху сонца, так, як гэта рабіў, паводле нашых меркаванняў, Кон-Цікі са сваімі старажытнымі сонцапаклоннікамі, калі іх выгналі з Перу за акіян.
З радасцю і палёгкай мы ўбачылі, як наш драўляны плыт падняўся на першы грозны грэбень хвалі, які, пенячыся, накаціўся на нас. Але рулявы зусім не меў сілы ўтрымліваць вясло ў нерухомым становішчы, калі раўлівыя хвалі накочваліся на вясло і ледзь не вырывалі яго з уключын або адносілі яго ўбок, і рулявы, бездапаможна павісшы на ім, круціўся, як акрабат. Нават удвух не ўдавалася ўтрымаць вясла, калі хвалі ўзнімаліся побач і навальваліся на рулявых, якія стаялі на карме. Нам прыйшла ў галаву думка працягнуць вяроўкі ад лопасці вясла да абодвух бартоў плыта і з дапамогай іншых вяровак замацаваць вясло на месцы ва ўключынах так, каб яно было абмежавана ў сваім руху і магло супраціўляцца нават найвялікшым хвалям, пакуль мы самі будзем у стане трымацца.