Мы ўрачыста развіталіся з усімі, хто быў на борце буксіра; нейкімі дзіўнымі позіркамі праводзілі нас, калі мы спускаліся ў нашу лодачку і, пагойдваючыся на хвалях, плылі назад да «Кон-Цікі». Потым буксірны канат адвязалі, і плыт быў пакінуты на волю лёсу. Трыццаць пяць чалавек на «Гуардзіян Рыас» выстраіліся ўздоўж борта і махалі нам да таго часу, пакуль мы маглі распазнаваць іх абрысы. А шэсць чалавек сядзелі на скрынях на плыце і праводзілі буксір вачыма, пакуль ён не схаваўся ўдалечыні. Толькі пасля таго, як чорны слуп дыму развеяўся і знік за небасхілам, мы паківалі галавой і зірнулі адзін на аднаго.
— Да пабачэння, да пабачэння, — сказаў Тарстэйн. — Цяпер, хлопцы, пара пускаць у ход нашу машыну!
Мы засмяяліся і, наслініўшы пальцы, пачалі вызначаць напрамак ветру. Дзьмуў даволі лёгкі брыз, які мяняўся з паўднёвага на паўднёва-ўсходні. Мы паднялі бамбукавую рэю з вялікім прамавугольным парусам. Ён расслаблена звісаў, і гэта надавала твару Кон-Цікі зморшчаны, нездаволены выгляд.
— Старому не падабаецца, — прамовіў Эрык, — калі ён быў маладым, вятры дзьмулі мацней.
— Ага, здорава мы імчымся, — сказаў Герман і кінуў кавалак бальзавага дрэва ў ваду ля носа плыта.
— Адзін, два, тры... трыццаць дзевяць, сорак, сорак адзін.
Кавалак дрэва ўсё яшчэ спакойна ляжаў у вадзе побач з плытом; ён не прайшоў і палавіны шляху ўздоўж борта.
— Цудоўна! — сказаў Тарстэйн. — Чаго добрага, гэтая трэска будзе суправаджаць нас усю дарогу.
— Спадзяюся, што вячэрнім брызам нас не аднясе назад, —сказаў Бенгт. — Развітанне з Кальяо было вельмі вясёлым, але я не хацеў бы, каб нас віталі там з такім хуткім зваротам!
Але вось кавалак дрэва мінуў канец плыта. Мы крыкнулі «ўра» і пачалі ўкладваць і замацоўваць усё, што было скінута на палубу ў апошнюю хвіліну. Бенгт распаліў прымус унутры пустой скрыні, і неўзабаве мы смакавалі гарачае какава з галетамі і прабівалі дзіркі ў свежых какосавых арэхах. Бананы, як выявілася, былі яшчэ не зусім спелыя.
— Адносна аднаго цяпер можна сказаць, што ўсё ў парадку, — здаволена смеючыся, прамовіў Эрык.
У шырокіх штанах з авечай шкуры, у высокай індзейскай шапцы на галаве, з папугаем на плячы, ён пахаджваў па палубе.
— Толькі вось адно мне не падабаецца, — дадаў Эрык, — калі мы будзем і надалей нерухома тырчаць тут, дык усе гэтыя маладаследаваныя сустрэчныя плыні могуць аднесці нас якраз да ўзбярэжных скал.
Мы пагаварылі аб тым, ці не ўзяцца нам за вёслы, але вырашылі пачакаць ветру.
I вецер узняўся. Ён падзьмуў з паўднёвага ўсходу роўна і моцна. Неўзабаве наш парус выпнуўся наперад, нібы грудзі пры магутным уздыху, а твар Кон-Цікі весела заззяў. I «Кон-Цікі» пачаў рухацца.
— Эгэй! — радасна закрычалі мы, павярнуўшыся на захад, і ўзяліся падцягваць штагі і ванты. Рулявое вясло было апушчана ў ваду, і расклад вахт набыў сілу. Мы кідалі папяровыя шарыкі і трэскі за борт ля носа плыта і перабягалі на карму, адлічваючы з гадзіннікам у руках:
— Раз, два, тры... восемнаццаць, дзевятнаццаць — ёсць!
Паперкі і трэсачкі праплывалі міма рулявога вясла і неўзабаве выстройваліся, нібы нанізаныя на нітку пацеркі, пагойдваючыся ўверх і ўніз сярод хваль, за кармой. Мы плылі наперад метр за метрам. «Кон-Цікі» не разразаў ваду, як вастраносыя гоначныя яхты. Нязграбны і шырокі, цяжкі і грувасткі, ён спаважна рухаўся наперад, перавальваючыся з хвалі на хвалю. Ён не спяшаўся, але, рушыўшы з месца, упарта і настойліва плыў усё далей і далей.
Цяпер уся наша ўвага была звернута на рулявое прыстасаванне. Плыт быў пабудаваны дакладна так, як яго апісвалі іспанцы, але ў наш час сярод жывых не засталося нікога, хто б мог даць нам практычны ўрок кіравання індзейскім плытом. Гэтае пытанне мы падрабязна абмяркоўвалі на беразе са спецыялістамі, але вынікі былі зусім нездавальняючыя. Спецыялісты ведалі не больш за нас. Як толькі паўднёва-ўсходні вецер узмацніўся, мы павінны былі ўтрымліваць плыт у такім становішчы, каб вецер надзімаў парус з боку кармы. Калі плыт занадта многа паварочваўся бокам да ветру, парус адразу ж пачынаў паласкацца і біў па грузу, па людзях і бамбукавай каюце, а ўвесь плыт паварочваўся і плыў далей кармою наперад. Гэта было цяжкае змаганне; тры з нас ваявалі з парусам, а астатнія тры з усяе сілы навальваліся на доўгае рулявое вясло, каб павярнуць нос драўлянага плыта і адвесці яго ад ветру. А пасля таго як нам удавалася павярнуць плыт, рулявы павінен быў пільна сачыць, каб праз хвіліну не паўтарылася ўсё спачатку.