Яміны між хвалямі паступова рабіліся ўсё глыбейшымі, і мы зразумелі, што знаходзімся ў самай імклівай частцы плыні Гумбольдта. Было відавочна, што хвалі выкліканы плынню, а не проста ўзняты ветрам. Зялёная халодная вада акружала нас з усіх бакоў, і зубчастыя горы Перу зніклі ў градзе густых воблакаў за кармой. Калі цемра ахутала акіян, пачалася наша першая стычка са стыхіямі. Мы ўсё яшчэ не былі ўпэўнены ў акіяне, усё яшчэ не ведалі, будзе ён нашым сябрам ці ворагам, калі мы апынемся з ім адзін на адзін, да чаго мы, уласна кажучы, самі імкнуліся. Сярод цемры мы чулі, як шум хваляў вакол нас раптам заглушаўся свістам вала, што насоўваўся на плыт, і бачылі белы грэбень, які падкрадваўся да нас упоравень з дахам каюты. Мы хапаліся за што папала і з трывогай чакалі, калі маса вады рыне на нас і на плыт. Але кожны раз нас ахоплівала ўсё тое ж пачуццё здзіўлення і палёгкі. «Кон-Цікі» спакойна ўзнімаў карму і падымаўся ўгору, не звяртаючы ўвагі на горы вады, што бурліла абапал яго бартоў. Потым ён зноў апускаўся ўніз і чакаў наступнай вялікай хвалі. Самыя высозныя валы часта каціліся па два або па тры запар, а паміж імі ішоў доўгі рад больш дробных хваляў. У тым выпадку, калі два вялікія валы рухаліся адзін за адным на занадта блізкай адлегласці, другі вал падаў на карму ў той час, як першы ўсё яшчэ трымаў нос плыта высока ў паветры. Таму мы пастанавілі, паколькі фальшборта на карме не было, каб рулявы, стоячы на вахце, абавязкова абвязаў сябе вакол пояса вяроўкай, другі канец якой моцна прывязваўся да плыта. Задача рулявых заключалася ў тым, каб трымаць парус заўсёды надзьмутым, не даючы носу лодкі ўхіліцца ўбок ад хваляў і ветру. Мы замацавалі на скрыні на карме стары карабельны компас, каб Эрык мог правяраць курс і вылічваць наша месцазнаходжанне і хуткасць руху. Зараз мы не ведалі дакладна, дзе мы знаходзімся, бо ўсё неба было заслана непрагляднымі хмарамі, а да самага гарызонту слаўся толькі хаос валаў. Вахту ля руля даводзілася весці двум чалавекам адразу; стоячы адзін каля аднаго, яны павінны былі з усяе сілы змагацца з вяслом, якое імкнулася вырвацца з рук, між тым як астатнія, залезшы ў сярэдзіну адкрытай каюты, спрабавалі хоць крыху падрамаць. Калі насоўвалася сапраўды вялізная хваля, рулявыя пакідалі вясло. на адны вяроўкі і, выбегшы на палубу, хапаліся за бамбукавую жэрдку, што тырчала з-пад даху каюты, а масы вады з грукатам навальваліся на іх з боку кармы і знікалі між бярвеннямі або скочваліся за борт плыта. Тады вахтавыя зноў кідаліся да вясла, пакуль плыт не паспеў павярнуцца, а парус не пачаў паласкацца. Варта было плыту апынуцца бокам да хваляў, і яны лёгка маглі б затапіць бамбукавую каюту. Калі ж хвалі набягалі на плыт ззаду, яны адразу ж знікалі між тырчаўшымі бярвеннямі і рэдка дасягалі сцяны каюты. Круглыя бярвенні на карме прапускалі ваду, як зубцы відэльцаў. У гэтым была яўная перавага плыта: чым болей шчылін, тым лепей — праз дзіркі пад намі вада сцякала, але ніколі не падымалася.
Прыблізна а палове ночы ў паўночным напрамку мы заўважылі агні карабля. У тры гадзіны раніцы тым жа курсам праплыў яшчэ адзін. Мы махалі маленькім парафінавым ліхтаром і давалі сігналы ўспышкамі электрычнага ліхтара, але з караблёў нас не ўбачылі; агні павольна прайшлі на поўнач і зніклі ў цемры. Наўрад, каб хто-небудзь на борце парахода мог нават падумаць, што паблізу ад іх гайдаецца на хвалях сапраўдны індзейскі плыт. I мы ўсе, хто знаходзіўся на гэтым плыце, таксама не думалі, што гэта быў апошні карабель і апошні след людзей, якіх мы бачылі па гэты бок акіяна.
Нібы мухі, мы чапляліся ў цемры па двое за рулявое вясло і адчувалі, як нас з галавы да ног залівае халаднаватай марской вадой; вясло тузала так, што ў нас усё балела і спераду і ззаду, а рукі здрантвелі ад напружання. Выпрабаванні гэтых першых дзён і начэй былі для нас добрай школай; з навічкоў, дзякуючы ім, мы зрабіліся сапраўднымі маракамі. На працягу першых сутак кожны з нас, строга па чарзе, дзве гадзіны стаяў ля руля, а потым тры гадзіны адпачываў. Мы пастанавілі, каб праз кожную гадзіну свежы чалавек падмяняў аднаго з двух рулявых, які прабыў ужо на вахце дзве гадзіны. Каб справіцца з рулявым вяслом, у час вахты прыходзілася страшэнна напружваць усе мышцы цела. Калі рулявы стамляўся адпіхваць вясло, ён пераходзіў на другі бок і пачынаў цягнуць. Калі рукі і грудзі пачыналі нясцерпна балець ад штуршкоў, мы паварочваліся спінай, так што сінякі ад удараў вяслом пакрывалі нас і спераду і ззаду. Змораныя і знясіленыя, мы запаўзалі ў каюту, як толькі прыходзіла змена, і, абвязаўшы ногі вяроўкай, засыналі ў сваім прасоленым адзенні раней, чым паспявалі залезці ў спальны мяшок. Амаль у тую ж хвіліну хтосьці груба тузаў за вяроўку: тры гадзіны прайшлі, і трэба было зноў выходзіць і змяняць аднаго з двух таварышаў, што стаялі на вахце ля рулявога вясла.