Праз тыдзень пасля таго, як гэтая рэдкая рыбіна трапіла ў спальны мяшок Тарстэйна, да нас з’явіўся другі наведвальнік. Зноў было чатыры гадзіны раніцы, і маладзік ужо зайшоў, так што навокал панавала цемра, але зоркі зіхацелі. Плыт лёгка слухаўся руля, і калі мая вахта скончылася, я вырашыў прайсціся ўздоўж борта да носа, каб, перадаўшы змену, паглядзець, ці ўсё ў парадку. Як заўсёды ў вахтавых, у мяне вакол пояса была абвязана вяроўка; з парафінавым ліхтаром у руцэ я асцярожна ішоў уздоўж крайняга бервяна, каб абмінуць мачту. Бервяно было мокрае і слізкае, і я страшэнна раззлаваўся, калі хтосьці зусім нечакана схапіўся ззаду за маю вяроўку і пачаў так тузаць, што я ледзь не страціў раўнавагі. Я раз’юшана азірнуўся і пасвяціў ліхтаром, але нікога не ўбачыў. Потым зноў тузанулі за вяроўку, і я заўважыў, што на палубе нешта блішчыць і звіваецца. Гэта была яшчэ адна змяіная макрэль; на гэты раз яна так глыбока ўпілася сваімі зубамі ў вяроўку, што некалькі зубоў зламалася, перш чым мне ўдалося вызваліць яе. Відаць, святло ліхтара падала на белую вяроўку, якая звівалася за мною, і наша госця з глыбіні акіяна схапіла яе, спадзеючыся пажывіцца вельмі доўгім і, напэўна, надзвычай смачным кавалачкам. Яна закончыла свае дні ў слоіку з фармалінам.
Акіян падносіць шмат сюрпрызаў таму, хто жыве ў кватэры, размешчанай на адным узроўні з яго паверхняй, і рухаецца па ім павольна і бясшумна.
Бывае часам, што паляўнічы, які прадзіраўся праз гушчар лесу, вяртаецца і кажа, што не бачыў ніякай дзічыны. А другі паляўнічы сядзіць на пні і чакае, і часта вакол яго пачынаюць чуцца шолахі і трэск, і цікаўныя вочы выглядваюць з зарасніку. Тое самае можна сказаць і пра акіян.
Звычайна мы плаваем па ім, грукаючы машынамі і стукаючы поршнямі, успеньваючы ваду вакол носа карабля. Потым мы вяртаемся і гаворым, што нават сярод акіяна няма на што глядзець.
Калі мы плылі па акіяне, седзячы ля самай вады, не было дня, каб нас не наведвалі цікаўныя госці, якія шнырылі наўкол; некаторыя, як, напрыклад, залатыя макрэлі і лоцманы, так прывыклі да нас, што суправаджалі плыт па акіяну, дзень і ноч круцячыся каля яго.
Калі надыходзіла ноч і зоркі мігцелі ў цёмным трапічным небе, вада вакол нас пачынала фасфарэсцыраваць, спаборнічаючы сваім зіхаценнем з зоркамі. Кожны зіхатлівы планктонны арганізм так нагадваў круглы распалены вугольчык, што мы міжвольна падкурчвалі свае босыя ногі, калі зіхатлівыя шарыкі выкідвала хвалямі на карму плыта. Беручы іх у рукі, мы маглі распазнаць, што гэта былі ярка святлівыя гарнелі[28]
. У такія ночы мы часам палохаліся, убачыўшы два круглыя святлівыя вокі, што раптоўна з’яўляліся з вады зусім побач з плытом і пазіралі на нас, не маргаючы, жудасным позіркам, які міжвольна гіпнатызаваў чалавека, — можа, гэта выплыў сам дух мора. Часта гэта былі вялікія кальмары, што з’яўляліся з глыбіні і плавалі на паверхні, ззяючы ў цемры д’ябальскі зялёнымі вачыма, якія нагадвалі сваім бляскам фосфар. А іншы раз гэта былі святлівыя вочы глыбакаводных рыб, якія падымаліся на паверхню толькі ўночы і нерухома ляжалі, утаропіўшыся на нас, зачараваныя цьмяным святлом ліхтара. Некалькі разоў, калі акіян быў спакойны, у чорнай вадзе вакол плыта раптам з’яўляліся круглыя, па 60—90 сантыметраў у дыяметры, галовы, якія, не варушачыся, глядзелі на нас вялікімі бліскучымі вачыма. Іншы раз мы бачылі ноччу ў вадзе святлівыя шары дыяметрам амаль з метр; яны загараліся праз няправільныя прамежкі часу і нагадвалі электрычныя лямпачкі, што ўспыхваюць на адно імгненне.