Цяпер мы знаходзіліся ў Паўднёвай экватарыяльнай плыні і рухаліся ў заходнім напрамку роўна за 400 міль на поўдзень ад астравоў Галапагос. Пагроза таго, што нас аднясе да галапагоскіх плыняў, мінула; усё наша знаёмства з гэтым архіпелагам абмежавалася паклонамі, якія нам перадавалі вялікія марскія чарапахі, што заплывалі так далёка ў акіян, несумненна, з гэтых астравоў. Аднойчы мы ўбачылі вялізную марскую чарапаху зусім блізка ад плыта. Яна плюхалася ў вадзе, высунуўшы на паверхню галаву і адну нагу. Калі ўзняўся зыб, мы заўважылі ў вадзе пад чарапахай зялёныя, сінія і залацістыя цені і зразумелі, што чарапаха змагаецца не на жыццё, а на смерць з залатымі макрэлямі. Бой вёўся яўна адным бокам: 12—15 вялікагаловых, ярка афарбаваных макрэлей атакавалі шыю і ногі чарапахі, відаць, спрабуючы даканаць яе зморам, паколькі чарапаха не можа праляжаць цэлы дзень на бруху, уцягнуўшы галаву і ногі пад шчыт.
Як толькі чарапаха заўважыла плыт, яна нырнула і паплыла проста да нас, а ўслед за ёю, даганяючы яе, рушылі зіхатлівыя залатыя макрэлі. Чарапаха падплыла да самага краю плыта і, напэўна, мела намер ускараскацца на бярвенні, як раптам убачыла нас. Калі б мы былі больш спрактыкаваныя, мы лёгка маглі б злавіць яе вяроўкамі, пакуль яе вялікі шчыт пазольна праплываў уздоўж плыта. Але мы прапусцілі зручны момант, занадта доўга разглядаючы яе, і калі пятля была гатова, гіганцкая чарапаха ўжо мінула нос плыта. Мы спусцілі на ваду маленькую гумавую лодку, і Герман, Бенгт і Тарстэйн кінуліся наўздагон у круглай шкарлупіне, якая была толькі крыху большай за тую, што плыла наперадзе. Бенгт як наш аканом у думках ужо смакаваў розныя мясныя стравы і цудоўны суп з чарапахі. Але чым мацней веславалі нашы таварышы, тым хутчэй рухалася пад вадой, амаль на самай паверхні, і чарапаха; не паспелі яны адплыць ад плыта на сотню метраў, як чарапаха раптам бясследна знікла. Што б там ні было, але хлопцы зрабілі адну добрую справу. Калі маленькая жоўтая гумавая лодка, танцуючы на хвалях, накіравалася назад, уся чарада зіхатлівых залатых макрэлей рынулася за ёю. Яны кружыліся вакол новай чарапахі, і самыя смелыя спрабавалі схапіць лопасці вёслаў, што апускаліся ў ваду, нібы ногі чарапахі, за якой яны дагэтуль гналіся. Тым часам мірная чарапаха шчасліва збавілася ад усіх сваіх нахабных ворагаў.
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
НА ПАЎДАРОЗЕ
Штодзённае жыццё і эксперыменты. — Вада для экіпажа плыта. — Батат і гарбуз раскрываюць таямніцу. — Какосавыя арэхі і крабы. — Юханес. — Мы плывём па юшцы з рыбы. — Планктон. — Фасфарэсцэнцыя, якую можна есці. — Знаёмства з кітамі. — Мурашкі і марскія качачкі. — Плывучыя любімцы. — Залатыя макрэлі становяцца нашымі спадарожнікамі. — Лоўля акул. — «Кон-Цікі» ператвараецца ў марское страшыдла. — Акулы пакідаюць нам лоцманаў і прыліпал. — Лятучыя кальмары. — Невядомыя наведвальнікі. — Вадалазны кош. — З тунцамі і банітамі ў іх стыхіі. — Неіснуючы рыф. — Таямніца кіля разгадана. — Палова дарогі.
Міналі тыдні. Мы не бачылі ніякіх адзнак карабля. Не сустракалася ў вадзе і прадметаў, якія б сведчылі аб тым, што на свеце існуюць іншыя людзі. Увесь акіян належаў нам; небасхіл быў адкрыты перад намі з усіх бакоў, і ад самога купала неба дыхала сапраўдным спакоем і прыволлем.
Паветра, насычанае свежай соллю, здавалася, звінела, і ўся сінь без адзінай плямкі, што акружала нас, абмывала і ачышчала і цела і душу. Усе складаныя праблемы цывілізаваных людзей здаваліся нам на плыце штучнымі і прывіднымі, не больш як выдумкамі разбэшчанага чалавечага розуму. Рэальнымі былі толькі стыхіі. А стыхіі, відаць, не звярталі ўвагі на маленькі плыт. Ці, хутчэй за ўсё, яны лічылі яго чымсьці натуральным, чымсьці такім, што не парушала гармоніі акіяна і прыстасоўвалася да плыняў і хваль, як птушка або рыба. Цяпер стыхіі былі не страшным ворагам, што з пенай кідаўся на нас, а надзейным сябрам, які цвёрда і ўпэўнена дапамагаў нам рухацца наперад. Вецер і хвалі штурхалі і падганялі, а акіянская плынь пад намі несла нас наперад, да нашай мэты.
Калі б у які-небудзь звычайны дзень, з тых, што мы правялі сярод акіяна, нам сустрэўся карабель, з яго борта было б відаць, што мы спакойна пагойдваемся ўгору і ўніз на доўгай хвалі з дробнымі беленькімі грабеньчыкамі наверсе, яна павольна коціцца ўсё далей і далей, а пасат надзімае наш аранжавы парус і выгінае яго ў бок Палінезіі.