Калі першыя еўрапейцы адважыліся, нарэшце, пераплыць найвялікшы з усіх акіянаў, яны былі здзіўлены, убачыўшы, што ў цэнтральнай частцы акіяна размешчана мноства маленькіх гарыстых астравоў і нізкіх каралавых рыфаў, аддзеленых адзін ад аднаго і ад усяго свету вялізнымі прасторамі вады. I кожны з гэтых астравоў быў заселены людзьмі, што прыйшлі туды раней за еўрапейцаў, — высокімі прыгожымі людзьмі, якія сустракалі іх на беразе з сабакамі, свіннямі і свойскімі птушкамі. Адкуль яны з’явіліся? Яны размаўлялі на мове, якой ніхто не ведаў. Еўрапейцы, бессаромна называючы сябе першаадкрывальнікамі гэтых астравоў, убачылі на іх апрацаваныя палі і вёскі з храмамі і хацінамі. На некаторых астравах былі нават знойдзены старажытныя піраміды, брукаваныя дарогі і высечаныя з каменя фігуры вышынёй з чатырохпавярховы дом. Але тлумачэння ўсіх гэтых таямніц не было. Што гэта за народ? Адкуль ён прыйшоў?
Можна з упэўненасцю сказаць, што адкáзаў на гэтыя пытанні было амаль столькі ж, колькі мелася прысвечаных ім прац. Спецыялісты розных галін навукі прапаноўвалі самыя разнастайныя рашэнні праблемы, але ўсе іх тэорыі не вытрымлівалі крытыкі вучоных, якія працавалі ў іншых галінах ведаў. Малайя, Індыя, Кітай, Японія, Аравія, Егіпет, Каўказ, Атлантыда, нават Германія і Нарвегія самым сур’ёзным чынам высоўваліся ў якасці радзімы палінезійцаў. Але кожны раз знаходзілася якое-небудзь пытанне рашаючага характару, што не магло быць вытлумачана новай тэорыяй, і ўсё збудаванне вучоных рассыпалася ў пыл.
А там, дзе спыняецца навуковае пазнанне, пачынае сваю работу фантазія. Таямнічыя маналіты на востраве Пасхі і ўсе іншыя помнікі невядомага паходжання, знойдзеныя на гэтым маленькім, адкрытым для ўсіх вятроў адзінокім востраве, які ляжыць на паўдарозе паміж бліжэйшымі астравамі і берагам Паўднёвай Амерыкі, далі пажыву для самых розных тэорый. Некаторыя даследчыкі звярнулі ўвагу на тое, што знаходкі на востраве Пасхі шмат чым нагадваюць помнікі дагістарычнай цывілізацыі Паўднёвай Амерыкі. Магчыма, калісьці паміж востравам і мацерыком існаваў мост з сухазем’я, які пазней апусціўся? Магчыма, востраў Пасхі і ўсе іншыя астравы Паўднёвага мора, на якіх мы знаходзім падобныя між сабой помнікі, з’яўляюцца рэшткамі кантынента, што знік пад вадой?
Гэтая тэорыя была шырока распаўсюджана сярод неспецыялістаў, але геолагі і іншыя вучоныя не надавалі ёй значэння. Больш таго, заолагі, на падставе вывучэння насякомых і малюскаў на астравах Паўднёвага мора, бясспрэчна даказалі, што на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва гэтыя астравы, як і ў нашы дні, былі зусім аддзелены адзін ад аднаго і ад навакольных мацерыкоў[2]
.Такім чынам, мы дакладна ведаем, што продкі палінезійцаў калісьці, па сваёй ахвоце або ў выніку неабходнасці, прыплылі на гэтыя ізаляваныя астравы на нейкіх суднах па волі ветру або плыні. Больш уважлівае вывучэнне насельніцтва Паўднёвага мора дало ўсе падставы лічыць, што яно з’явілася тут усяго некалькі стагоддзяў таму назад. Хоць палінезійцы насяляюць астравы, раскіданыя па акіяну на плошчы ў чатыры разы большай за ўсю Еўропу, усё ж у іх мове не адбылося істотных змен на розных астравах. Тысячы міль аддзяляюць Гавайскія астравы на поўначы ад Новай Зеландыі на поўдні і астравы Самаа на захадзе ад вострава Пасхі на ўсходзе, аднак жыхары ўсіх гэтых астравоў гавораць на дыялектах адной агульнай мовы, якую мы называем палінезійскай. Пісьменнасці не існавала ні на адным з астравоў, калі не лічыць некалькіх драўляных таблічак з незразумелымі іерогліфамі, якія захавалі жыхары вострава Пасхі, хоць ні яны самі і ні адзін вучоны не маглі прачытаць іх. Але на астравах існавалі школы, і самым важным прадметам, які вывучалі ў іх, былі паэтычныя легенды, паколькі для палінезійцаў гісторыя з’яўлялася адначасова і рэлігіяй. Яны з павагай ставіліся да продкаў і пакланяліся сваім нябожчыкам-правадырам, першым сярод якіх быў Цікі, а пра самога Цікі гаварылі, што ён быў сынам сонца.
Амаль на кожным востраве мужчыны, якія навучаліся ў школе, маглі назваць без запінкі імёны ўсіх сваіх правадыроў, пачынаючы з часу першага засялення вострава. Часта, не давяраючы памяці, яны карысталіся складанай сістэмай вузлоў на пераплеценых вяроўках, як гэта рабілі калісьці індзейцы-інкі ў Перу. Сучасныя даследчыкі запісалі на розных астравах усе мясцовыя радаслоўныя і выявілі, што яны з выключнай дакладнасцю супадаюць як у імёнах, так і ў колькасці пакаленняў. Так было ўстаноўлена, — зыходзячы з разліку змены пакаленняў палінезійцаў у сярэднім кожныя 25 год, — што астравы Паўднёвага мора былі заселены каля 500 года нашай эры. Другая культурная хваля, якой адпавядала новая лінія правадыроў, дасягнула гэтых астравоў прыблізна ў 1 100 годзе, калі з’явіліся новыя, больш познія перасяленцы...