Калі халодная плынь Гумбольдта крыху на поўдзень ад экватара павярнула на захад, мы маглі праз кожныя некалькі гадзін даставаць з сеткі па аднаму — два кілаграмы планктоннай кашкі. Планктон, які збіраўся ў сетцы, нагадваў торт сваімі каляровымі слаямі — бурымі, чырвонымі, шэрымі і зялёнымі — у залежнасці ад таго, па якіх планктонных палях мы праплывалі. Уночы, калі вада вакол нас фасфарэсцыравала, нам здавалася, што мы перабіраем у мяшку зіхатлівыя каштоўныя каменні. Але варта было нам узяць іх у рукі, і скарбы піратаў ператвараліся ў мільёны найдрабнейшых зіхатлівых гарнелей і святлівых рыбіных лічынак, якія ззялі ў цемры, нібы куча распаленых вугольчыкаў. А калі мы перакідвалі іх у вядро, спрасаваная мешаніна расплывалася, нібы цудоўная каша са светлячкоў. Наш начны ўлоў, такі прыгожы здалёк, зблізку меў агідны выгляд. Але хоць ад яго вельмі непрыемна пахла, на смак ён быў параўнальна нішто, калі ў вас хапала мужнасці ўзяць у рот лыжку гэтага фосфару. Калі ўлоў складаўся з карлікавых гарнелей, ён па смаку нагадваў амара, краба або паштэт з крэветак. А калі ў асноўным гэта былі ікрынкі глыбакаводных рыб, дык іх смак нагадваў чорную ікру, іншы раз вустрыц. Непрыгодны для яды раслінны планктон часцей за ўсё складаўся з такіх дробных часцінак, што яны разам з вадой праходзілі праз ячэйкі сеткі, або яны былі такія буйныя, што мы маглі лавіць іх пальцамі. «Шкодным дамешкам» у гэтай страве былі падобныя на шкляныя шарыкі студзяністыя кішэчнаполасцевыя, якія сустракаліся адзінкамі, і медузы велічынёю з сантыметр. Яны былі горкія, і іх прыходзілася выкідваць. Усё астатняе можна было есці або ў натуральным выглядзе, або зварыўшы ў прэснай вадзе нібы кашу ці суп. Густы бываюць розныя. Двое з нас лічылі, што планктон вельмі смачны, двое лічылі, што ён нішто сабе, а для дваіх аднаго яго выгляду было больш чым дастаткова, каб адбіць ахвоту да яды. Па пажыўнасці планктон не ўступае буйным малюскам; прыпраўлены і як след прыгатаваны, ён, бясспрэчна, можа быць першакласнай стравай для ўсіх аматараў марскога харчу.
Тое, што гэтыя маленькія арганізмы маюць у сабе дастаткова калорый, даказана блакітнымі кітамі, якія з’яўляюцца самымі вялікімі ў свеце жывёламі, а харчуюцца планктонам. Наш спосаб лоўлі з дапамогай маленькай сеткі, якую мы часта даставалі з вады пажаванай галоднымі рыбамі, здаваўся нам страшэнна прымітыўным, асабліва пасля таго, як аднаго разу, седзячы на палубе, мы ўбачылі кіта, які, праплываючы непадалёку ад нас, выкідваў каскады вады, проста працэджваючы планктон праз свае цэлулоідныя вусы. А аднойчы ўся наша сетка прапала ў акіяне.
— Чаму б вам, планктонаедам, не рабіць так, як ён? — пагардліва спыталі Тарстэйн і Бенгт у астатніх, паказваючы на кіта, які пускаў фантаны. — Набірайце проста ў рот і выдзімайце ваду праз вусы!
Мне даводзілася бачыць кітоў здалёк з параходаў, і я разглядаў іх чучалы ў музеі, але ніколі ў мяне не ўзнікала адчування, што гэтая гіганцкая туша з’яўляецца такой жа сапраўднай цеплакроўнай жывёлай, як, напрыклад, конь або слон. Вядома, як біёлаг, я прызнаваў, што кіт сапраўднае млекакормячае. Але сам па сабе ён уяўляўся мне з усіх пунктаў погляду вялікай халоднай рыбай. Цяпер жа, калі вялізныя кіты імчаліся да нашага плыта і плылі побач з ім, наша ўражанне было зусім іншым. Аднойчы мы, як звычайна, сядзелі за абедам ля самага краю плыта, так блізка ад вады, што, для таго каб спаласнуць кубкі, нам дастаткова было нахіліцца назад; раптам усе мы ўздрыгнулі ад нечаканасці, калі ззаду ў нас хтосьці цяжка засоп, нібы конь, плывучы па вадзе, і на паверхні з’явіўся вялікі кіт. Ён глядзеў на нас і быў так блізка, што мы бачылі яго дыхала, якое блішчала, нібы наглянцаваны бот. Было так дзіўна чуць сапраўднае дыханне сярод акіяна, дзе ўсе жывыя істоты не маюць лёгкіх і, бясшумна звіваючыся, варушаць сваімі шчэлепамі, што мы сапраўды адчувалі цёплае сяброўскае пачуццё да нашага старажытнага далёкага родзіча — кіта, які, гэтак жа як і мы, забраўся так далёка ў акіян. Замест халоднай, жабападобнай кітовай акулы, у якой не хапала розуму нават на тое, каб высунуць нос і пады́хаць свежым паветрам, на гэты раз нас наведаў хтосьці, хто нагадваў адкормленага вясёлага бегемота з заалагічнага саду, і зрабіў некалькі ўдыхаў і выдыхаў (мне гэта спадабалася больш чым што), перш чым апусціцца пад ваду і знікнуць.