Залатая макрэль — трапічная рыба з бліскучай афарбоўкай — звычайна бывае ў даўжыню ад 100 да 135 сантыметраў і мае вельмі сплюснутае тулава з надта высокай галавой і шыяй. Аднойчы мы выцягнулі на плыт рыбіну даўжынёй 143 сантыметры; яе галава мела ў вышыню 37 сантыметраў. Расфарбоўка ў залатой макрэлі надзвычай прыгожая. У вадзе яна пераліваецца сінімі і зялёнымі колерамі, нібы мясная муха, і зіхаціць залаціста-жоўтымі плаўнікамі. Але калі мы выцягвалі іх з вады, часам назіралася дзіўная з’ява. Паміраючы, рыба паступова змяняла афарбоўку: спачатку станавілася серабрыста-шэрай з чорнымі плямамі, а потым уся серабрыста-белай. Гэта працягвалася чатыры — пяць мінут, пасля чаго зноў павольна аднаўлялася ранейшая афарбоўка. Нават у вадзе залатая макрэль іншы раз змяняе, як хамелеон, свой колер; часта мы заўважалі «новую разнавіднасць» бліскучых рыб меднага колеру, якія, як выяўлялася пры больш блізкім знаёмстве, былі нашымі старымі спадарожнікамі — залатымі макрэлямі.
Высокі лоб рабіў залатую макрэль падобнай на бульдога са сплюснутымі бакамі; і калі драпежнік, нібы тарпеда, кідаўся ў пагоню за чарадой лятучых рыб, ён сваім ілбом рассякаў паверхню вады. Калі залатая макрэль была ў добрым настроі, яна паварочвалася на бок, шпарка імчалася наперад, падскаквала высока ў паветра і, нібы блін, плазам шлёпалася назад; такія скачкі паўтараліся праз аднолькавыя прамежкі часу і кожны раз суправаджаліся слупам пырскаў. Ледзь толькі яна паспявала плюхнуцца ў ваду, як з’яўлялася ў паветры зноў і зноў. Але калі яна была ў кепскім настроі, напрыклад, калі мы выцягвалі яе на плыт, тады яна кусалася. Тарстэйн некалькі дзён накульгваў і хадзіў з анучкай, абвязанай вакол вялікага пальца на назе, бо трапіў ім у рот залатой макрэлі, якая не прапусціла зручнага выпадку запусціць зубы крыху мацней, чым звычайна. Вярнуўшыся на радзіму, нам даводзілася чуць, што залатыя макрэлі іншы раз нападаюць на людзей у час купання і з’ядаюць іх. Гэта было кепскім кампліментам для нас, калі ўлічыць, што мы кожны дзень купаліся сярод залатых макрэлей, не выклікаючы ў іх асаблівай цікавасці. I ўсё-такі яны былі небяспечныя драпежнікі, бо мы знаходзілі ў іх страўніках і кальмараў і цэлых лятучых рыб.
Лятучыя рыбы былі любімай ежай залатых макрэлей. Варта было чаму-небудзь плюхнуць на паверхні вады, і яны стрымгалоў кідаліся туды, спадзеючыся, што гэта лятучая рыба. Часта ў дрымотны ранішні час, калі мы ,жмурачыся, вылазілі з каюты і яшчэ сонныя акуналі зубную шчотку ў акіян, мы адразу прачыналіся, падскакваючы ад нечаканасці, убачыўшы пятнаццацікілаграмавую рыбіну, якая маланкай вылятала з-пад плыта і расчаравана тыцкалася носам у зубную шчотку. Бывала, што мы спакойна снедалі, седзячы на краі плыта, а ў гэты час залатая макрэль выскаквала з вады і так шлёпалася на бок, што марская вада залівала нашы спіны і трапляла ў ежу.
Аднойчы, калі мы сядзелі за абедам, з Тарстэйнам здарыўся выпадак, які бывае толькі ў самых неверагодных апавяданнях паляўнічых. Ён раптам паклаў відэлец і апусціў руку ў акіян; перш чым мы зразумелі, што здарылася, вада забурліла, і вялікая залатая макрэль, звіваючыся, апынулася сярод нас.
Аказваецца, Тарстэйн схапіў канец лёскі, якая павольна праплывала паўз нас і на другім канцы якой вісела на кручку зусім ашаломленая залатая макрэль, тая самая макрэль, што парвала лёску Эрыка, калі ён рыбачыў некалькі дзён таму назад.
Не было таго дня, каб шэсць — сем залатых макрэлей не суправаджалі нас, кружачы вакол плыта і пад ім. У іншы дзень, праўда, іх магло быць толькі дзве або тры, але затое назаўтра іх з’яўлялася штук трыццаць або сорак. Звычайна, калі мы хацелі мець на абед свежую рыбу, дастаткова было папярэдзіць аб гэтым кока за дваццаць мінут загадзя. Тады ён прывязваў кавалак шпагату да кароткай бамбукавай палкі і чапляў на кручок палову лятучай рыбы. I ў той жа момант, рэжучы галавой паверхню вады ў пагоні за кручком, з’яўлялася залатая макрэль; а за ёю па пятах імчаліся яшчэ дзве ці тры. Гэта была цікавая рыбная лоўля. Мяса толькі што злоўленай залатой макрэлі было тугое і смачнае; яно нагадвала адначасова траску і сёмгу і не псавалася дні два, а большага нам і не трэба было, бо рыбы ў акіяне хапала.