Шмат вялікіх незакончаных статуй да гэтага часу ляжыць там, дзе іх пачалі рабіць, — у заглыбінах у сцяне кратэра на востраве Пасхі; яны паказваюць, як ішла работа на розных этапах. Самая вялікая чалавечая фігура, якая была амаль гатова, калі скульптары вымушаны былі ўцякаць, мела ў даўжыню 22 метры; калі б яна была закончана і ўстаноўлена, галава гэтага каменнага гіганта знаходзілася б на адным узроўні з дахам васьміпавярховага будынка. Кожная асобная статуя была высечана з адной суцэльнай глыбы, а рабочыя нішы для скульптараў вакол ляжачай каменнай фігуры сведчаць, што над статуяй адначасова працавала ўсяго некалькі чалавек. Статуі на востраве Пасхі ляжалі на спіне з сагнутымі ў локцях рукамі, з кісцямі рук на жываце, вельмі падобныя на каменных калосаў у Перу. Статуі апрацоўваліся ў майстэрні да самых найдрабнейшых дэталей, і толькі потым іх выносілі і дастаўлялі на месца прызначэння. На апошнім этапе работы ў каменяломні гіганцкая фігура заставалася прымацаванай да скалы толькі вузкай каменнай перамычкай, што знаходзілася пад спінаю; потым, загадзя падклаўшы пад статую валуны, каб яна не скацілася, адсякалі і перамычку.
Вялікая колькасць такіх статуй была ўжо спушчана ўніз, на дно кратэра; там яны стаялі, прыпёртыя да схілу. Але многа самых вялізных калосаў было выцягнута наверх і дастаўлена за шмат кіламетраў па цяжкапраходнай мясцовасці; там іх ставілі на каменную пліту, а на галаву ўскладвалі яшчэ адну гіганцкую глыбу з чырвонай лавы. Толькі адну гэтую пераноску можна лічыць сапраўдным цудам, але адмаўляць гэты факт немагчыма, як нельга адмаўляць таго, што знікшыя з Перу скульптары пакінулі ў Андах каменных гігантаў такой жа велічыні — сведчанне іх дасканалага майстэрства. Больш за ўсё маналітаў, пры гэтым самых буйных, было знойдзена на востраве Пасхі, дзе скульптары выпрацавалі свой уласны стыль; аднак прадстаўнікі той самай знікшай цывілізацыі паставілі такія ж гіганцкія чалавечыя фігуры на шмат якіх іншых, больш блізкіх да Амерыкі, ціхаакіянскіх астравах, і ўсюды маналіты дастаўляліся да свяшчэннага месца з далёкіх каменяломняў. На Маркізскіх астравах я чуў легенды аб тым, якім спосабам перацягвалі каменных гігантаў; паколькі гэтыя легенды дакладна паўтараюць расказы мясцовых жыхароў аб пераносцы каменных калон да вялізнага партала на востраве Тангатабу, то можна меркаваць, што той самы народ карыстаўся тым самым метадам і для пераноскі статуй на востраве Пасхі.
Работа скульптараў у каменным кар’еры патрабавала шмат часу, але выконвалі яе толькі некалькі спецыялістаў. Работа па дастаўцы закончаных статуй праводзілася хутчэй, але затое для яе патрэбна была вялікая колькасць людзей. У той час, пра які ідзе гаворка, маленькі востраў Пасхі быў багаты на рыбу, а вялікія плантацыі перуанскай салодкай бульбы старанна апрацоўваліся. Спецыялісты лічаць, што ў тыя добрыя часы востраў мог пракарміць 7 ці 8 тысяч чалавек насельніцтва. Для таго каб падняць вялізныя статуі ўгору па крутым схіле кратэра, зусім дастаткова было тысячы чалавек, і 500 чалавек маглі справіцца з далейшай пераноскай іх па востраве.
З лубу і валокнаў раслін плялі надзвычай трывалыя канаты, і, замацаваўшы каменнага гіганта на драўляных рамах, натоўп цягнуў яго на зробленых з бярвенняў і невялікіх валуноў катках, якія, для таго каб рамы лепш слізгалі, націраліся карэннямі тара.
Аб тым, што старажытныя цывілізаваныя людзі па-майстэрску выраблялі вяроўкі і канаты, пераканаўча сведчаць знаходкі на астравах Паўднёвага мора і — з яшчэ большай несумненнасцю — у Перу, дзе першыя еўрапейцы ўбачылі вісячыя масты даўжынёю ў сотню метраў, перакінутыя цераз бурныя патокі і цясніны і зробленыя з плеценых канатаў таўшчынёю з талію дарослага мужчыны.
Калі каменнага калоса прыцягвалі на вызначанае яму месца, узнікала новае пытанне: як яго паставіць. Група астраўлян будавала з каменняў і пяску спецыяльны насып са спадзістым схілам з аднаго боку і з крутым працілеглым схілам. Па спадзістай паверхні гіганцкую фігуру ўсцягвалі наверх, нагамі ўперад. Калі статуя дасягала вяршыні насыпу, яна перавальвалася цераз востры край і саслізгвала проста ўніз так, што яе ногі траплялі ў загадзя выкапаную яму. Патыліца гіганта была ўпоравень з вяршыняй насыпу, па ім ускочвалі яшчэ адну цыліндрычную каменную глыбу і ўстанаўлівалі на галаве статуі, і толькі пасля гэтага насып разбуралі. Такія гатовыя насыпы стаяць у некалькіх месцах на востраве Пасхі, чакаючы вялізных статуй, якія ніколі не з’явяцца. Уся гэтая тэхніка была дзівоснай, але ў ёй няма нічога таямнічага, калі толькі мы адмовімся ад недаацэнкі разумовых здольнасцей людзей старажытнасці і возьмем пад увагу тое, што яны мелі ў сваім распараджэнні шмат часу і вялікую колькасць рабочай сілы.