Мы больш не адчувалі ранейшай павагі да хваль і акіяна. Мы ведалі іх, ведалі, чаго можам чакаць ад іх, знаходзячыся на плыце. Нават акула зрабілася для нас звычайнай, штодзённай з’явай; мы даведаліся аб яе нораве і паводзінах і ўжо не хапаліся за ручны гарпун і нават не адыходзілі ад краю плыта, калі акула з’яўлялася побач. Наадварот, калі яна спакойна плыла, нібы слізгала, уздоўж бярвенняў, мы нават спрабавалі схапіць яе за спінны плаўнік. Урэшце гэта перайшло ў зусім новы від спорту — гульня з акулай у «хто каго перацягне» без вяроўкі.
Мы пачалі даволі сціпла. Нам нічога не абыходзіла налавіць залатых макрэлей куды больш, чым мы маглі з’есці. Каб не адмаўляцца ад адной з любімых забаў і ў той жа час не траціць дарэмна запасаў правізіі, мы прыдумалі камічную лоўлю рыбы без кручка, якая была аднолькава прыемна і залатым макрэлям і нам. Мы прывязвалі непатрэбных нам лятучых рыб да вяроўкі і закідвалі яе так, што яны плавалі на паверхні вады. Залатыя макрэлі імчаліся да лятучых рыб і хапалі іх, а потым мы пачыналі цягнуць кожны ў свой бок; выходзіла, як у сапраўдным цырку, бо варта было адной залатой макрэлі выпусціць вяроўку, як на змену ёй з’яўлялася другая. Мы мелі цікавую забаву, а залатыя макрэлі ўрэшце атрымлівалі рыбу.
Потым мы распачалі тую ж гульню з акуламі. Да канца вяроўкі мы прывязвалі кавалак рыбы або часцей мяшок з рэшткамі абеду і спускалі прынаду за борт. Замест таго каб павярнуцца на спіну, акула высоўвала галаву з вады і падплывала, шырока разявіўшы пашчу, каб праглынуць пачастунак. Мы не маглі ўтрымацца ад спакусы тузануць за вяроўку, як толькі акула збіралася глымануць сваімі сківіцамі; падманутая акула з самым дурнавата-цярплівым выглядам падплывала бліжэй і зноў разяўляла пашчу, каб схапіць прынаду, якая выскаквала ў яе з рота кожны раз, калі яна хацела праглынуць яе. Справа канчалася тым, што акула падплывала да самых бярвенняў і пачынала падскакваць, нібы сабака, які выпрошвае падачку, што спакусліва пагойдваецца над яго носам. Гэта нагадвала тое, як кормяць шыракаротага бегемота ў заалагічным садзе, і неяк раз у канцы ліпеня, пасля трохмесячнага плавання, у маім дзённіку з’явіўся наступны запіс:
«Мы пасябравалі з акулай, што суправаджала нас сёння. За абедам мы частавалі яе аб’едкамі, якія кідалі ёй у разяўленую пашчу. Калі яна плыла побач з намі, можна было падумаць, што гэта злосны сабака, які зараз знаходзіцца ў добрым гуморы і гатоў пасябраваць з намі. Трэба сказаць, што акулы маюць даволі пацешны выгляд, пакуль вы с.амі не трапляеце да яе ў пашчу. Ва ўсякім разе, нам звычайна было прыемна пазіраць на іх, калі яны плавалі вакол нас, праўда, пры ўмове, што мы ў гэты час не купаліся».
Аднойчы, калі прывязаная да вяроўкі бамбукавая палка з мяшком, у якім знаходзілася яда для акулы, ляжала на краі плыта, нечакана набегла хваля і змыла мяшок за борт. Бамбукавая палка плыла ўжо за якія-небудзь дзвесце метраў ад кармы плыта; раптам яна стала ў вадзе тарчма і памчалася ўслед за плытом, нібы збіралася сама вярнуцца на сваё месца. Калі вудзільна, пагойдваючыся, наблізілася да нас, мы заўважылі трохметровую акулу, якая плыла пад ім; бамбукавая палка тырчала з вады, быццам перыскоп. Акула праглынула мяшок з ядою, але не перагрызла вяроўкі. Неўзабаве вудзільна дагнала нас, спакойна праплыло міма і знікла дзесьці наперадзе.
Хоць мы з цягам часу пачалі глядзець на акул зусім іншымі вачыма, чым спачатку, усё-такі павагу да пяці ці шасці радоў вострых, як брытва, зубоў, схаваных у яе вялізнай пашчы, мы заўсёды адчувалі.
Неяк раз Кнуту давялося нехаця пакупацца ў кампаніі з акулай. Нікому з нас ні ў якім разе не дазвалялася адплываць ад плыта — як з прычыны таго, што плыт магло аднесці занадта далёка, так і таму, што пастаянна існавала пагроза трапіць на зуб акуле. Але аднойчы было надзвычай ціха, і мы выцягнулі ўжо на борт некалькі акул, што плылі следам за намі; таму я дазволіў хутка пакупацца ў акіяне. Кнут нырнуў і, праплыўшы пад вадой даволі вялікую адлегласць, з’явіўся на паверхні і збіраўся вярнуцца назад. У гэты момант мы заўважылі з мачты, што пад ім рухаецца ў вадзе цень, значна большы за самога Кнута. Мы папераджальна закрычалі, па магчымасці спакойна, каб не спалохаць таварыша, і Кнут з усяе сілы заспяшаўся да плыта. Але цень пад ім належаў яшчэ лепшаму майстру плавання, які рынуўся з глыбіні і пачаў даганяць Кнута. Яны дасяпнулі плыта адначасова. Пакуль Кнут карабкаўся на палубу, двухметровая акула праслізнула якраз пад яго жыватом і спынілася ля плыта. У падзяку за тое, што яна не адкусіла Кнуту нагі, мы далі ёй смачную галаву залатой макрэлі.