Першы раз у сваім жыцці бачылі тутэйшыя жыхары белых гасцей у негрыцянскай хаціне, таму навакол хутка сабраўся натоўп разявакаў. Вестка аб такім незвычайным здарэнні дайшла і да цэнтра Рыма. Першым зацікавіўся крамнік Джэб, здаравенны дзядзька ў клятчастай камізэльцы. Ен нават не паверыў, што на свеце могуць быць такія выпадкі, і пайшоў праверыць. Ен здалёк заўважыў чырвоную машыну, а калі падышоў бліжэй, то пачаў хадзіць вакол яе, паціскаючы плячыма. Потым накіраваўся да хацінкі. Негры шарахнуліся ўбок, прапускаючы яго. Прасунуўшы галаву ў дзверы, Джэб крыкнуў:
— Гэй, джэнтльмены, чаго вы забраліся ў гэтую нару? Хіба для вас у Рыме не знойдзецца пачэснага месца? Хіба вы не ведаеце, што ганьбіце нас, янкі, сваім прыяцельствам з чорнымі?
Гаспадары глядзелі то на сваіх гасцей, то на Джэба і дрыжалі ад страху.
— Не ваша справа! — пачуўся ў адказ звонкі голас Светазара.
Джэб прыгледзеўся ў змроку і ўсклікнуў:
— Тысяча чарцей! Ды гэта ж дзеці! Белыя дзеці ў чорнай нары! Выходзьце хутчэй, рабяткі. А вы, — звярнуўся ён да гаспадароў,— будзеце адказваць за тое, што завалаклі сюды белых дзяцей.
Негрыцянка загаласіла, муж яе стаў прасіць сваіх незвычайных гасцей, каб яны ішлі.
— Калі ласка, просім вас. Вы нас загубіце. Вы не ведаеце нашых парадкаў. Мілыя дзеткі, ідзіце, ідзіце хутчэй…
— Хадзем! — шапнула Святлана. — Хіба ты не чытаў пра тутэйшыя парадкі?
— Чытаць — адно, а бачыць сваімі вачыма — другое, — адказаў Светазар і пайшоў з хаты, апусціўшы галаву, нібы зрабіў нешта нядобрае.
Джэб сустрэў яго з радасцю, як знаёмага. Пляснуўшы Светазара па плячы, ён сказаў:
— Ты як сюды трапіў, хлапчына? Ды яшчэ з дзяўчынкай. Мусіць, яны вас зацягнулі да сябе? Мусіць, надумаліся з вамі зрабіць што-небудзь дрэннае?
Светазар адхіліўся ад яго прыяцельскіх абдымкаў і сурова сказаў:
— Мы самі заехалі да іх у госці. Вы не маеце права ўмешвацца.
— У госці?! — ускрыкнуў Джэб, нават адхіснуўшыся ад здзіўлення. — Вы, белыя, ды ў госці да чорных?..
Каля машыны тым часам сабралася дзесяткі два такіх джэбаў. Зацікаўленыя, здзіўленыя, усхваляваныя, яны чакалі тлумачэння ад свайго таварыша.
— Чуеце? — усклікнуў той. — Гэтыя белыя дзеці прыехалі «ў госці» да чорных ды яшчэ кажуць, што мы не маем права ўмешвацца ў гэтую справу.
— Адкуль яны ўзяліся, калі не ведаюць нашых парадкаў? — крыкнуў адзін з джэбаў.— Адкуль вы?
— З Месяца, — спакойна адказаў Светазар, праціскаючыся да сваёй машыны. Напалоханая Святлана моцна трымалася за яго руку. Але джэбы загарадзілі ім дарогу.
— Ты не жартуй, а кажы праўду, — казаў адзін.
— Калі вы добраахвотна сябруеце з неграмі,— казаў другі,— то мы маем права пакараць вас за тое, што ганьбіце нашу расу.
— Прапусціце, — цвёрда сказаў Светазар. — Мы не на судзе і не абавязаны вам адказваць.
Спакойная ўпэўненасць хлопчыка зрабіла ўражанне на джэбаў, і яны прапусцілі дзяцей да машыны. Але на свае словы савецкія дзеці атрымалі такі адказ, які заледзяніў іх. Адказ быў такі:
— Калі вы не на судзе, то вашы прыяцелі зараз жа могуць апынуцца перад судом Лінча.
Пачуўшы страшнае слова «лінч», негры замітусіліся, пабеглі прэч, жанчыны і дзеці заплакалі… Гатовы былі заплакаць і Светазар са Святланай. Яны таксама добра ведалі гэтае слова. Яны выразна ўявілі сабе, што можа тут быць, калі яны пакінуць гэты Рым. Гэтыя дзікія джэбы могуць павесіць хоць каго з тутэйшых неграў, і нічога за гэта ім не будзе. А брат і сястра будуць лічыць вінаватымі сябе за смерць няшчасных неграў. Ці можна што-небудзь зрабіць, каб не дапусціць такой бяды? Святлана не вытрымала і сказала:
— Гэтыя людзі зусім не вінаватыя, што мы да іх заехалі. Чаму вы пагражаеце ім Лінчам?
Джэбы зарагаталі, і першы з іх сказаў:
— Калі вы пад'едзеце да нас, пакажаце машыну, раскажаце пра сябе, то мы не будзем чапаць вашых неграў.
— Добра, дазвольце толькі сесці,— згадзіўся Светазар.
Іх прапусцілі. Яны селі, надзелі свае шлемы, і Светазар весела сказаў:
— Ну, цяпер мы ім пакажам!
Машына паднялася на вышыню чалавечага росту і пачала кружыць над галовамі джэбаў. У аднаго сарвала капялюш, другога зачапіла колам. З крыкамі жаху паваліліся яны на зямлю, а за імі апусцілася машына і кружылася таксама, пагражаючы змясіць іх усіх у кашу… Затым машына рванулася ўверх і знікла.
Яны зноў павольна паляцелі на поўдзень над раўнінамі Місісіпі. Неабсяжныя прасторы былі заняты баваўнянымі плантацыямі. Калі па дарозе ім трапіўся яшчэ адзін гарадок, Светазар са смехам сказаў:
— Гэта, мусіць, Парыж!..
— А можа, Лондан?.. — адказала яму ў тон Святлана.
Далёка наперадзе заблішчала пад сонцам мора.
— Мексіканскі заліў,— паспяшыла пахваліцца сваімі ведамі Святлана.
— Правільна! — пахваліў Светазар. — А які горад вунь там, дзе канчаецца рака?
— Новы Арлеан.
Горад дыміўся не столькі комінамі фабрык і заводаў, колькі трубамі параходаў.
— У горад не паляцім, — сказала Святлана.
— Няма чаго там рабіць, толькі адны непрыемнасці будуць.