Цяпер ужо здзівіліся Светазар і Святлана.
— Адкуль вы ведаеце? — ускрыкнулі яны разам. Консул палажыў адну руку на плячо Светазару, а другую на плячо Святлане і з жартаўлівым дакорам сказаў:
— Эх вы, нездагадлівыя! Каму ж тады ведаць дзяржаўныя сакрэты, калі не афіцыйным прадстаўнікам дзяржавы? Мы тут павінны ведаць усё, каб даць адпор капіталістам.
Гэтыя словы яшчэ больш здзівілі брата і сястру: яны ж добра памяталі словы дзеда, што аб яго вынаходніцтве пакуль што ніхто, нават свая дзяржава, не ведае. Адкуль жа гэты консул ведае?..
— Выбачайце, — сказаў Светазар, — нам з сястрой трэба параіцца. — Яны адышліся ўбок і зашапталіся. — Што ты скажаш? — спытаў Светазар.
— Дзіўлюся: ніхто на свеце не ведае, а ён адкуль ведае?
— Значыцца, тут нешта такое ёсць.
— Не паедзем з ім!
Калі Светазар сказаў аб гэтым консулу, той раззлаваўся і адразу змяніў свой выгляд. Уся ласкавасць, весялосць, зычлівасць яго зніклі. Ен нахіліўся да іх і прасіпеў:
— У такім разе я вас прымушу. Зараз паклічу паліцыю і скажу, што вы ў мяне ўзялі грошы і не хочаце аддаваць… Разумееце, што з гэтага можа быць?
Вочы Светазара загарэліся агнём. Святлана так абурылася, што нават забылася на страх. Яна пацягнула брата за рукаў і ціхенька шапнула:
— Возьмем яго і завязём куды-небудзь.
— Правільна, Святланка, — сказаў Светазар і павярнуўся да «консула».
— Добра. Мы завязём вас, куды скажаце. Сядайце.
Вакол іх тым часам сабраліся бадай-што ўсе курортнікі. Адразу знайшліся такія, што ўжо чулі пра таемных дзяцей, нават бачылі фотаздымкі. Па ўсім пляжы пайшла гамонка, што гэта — «тыя самыя». Як з-пад зямлі выраслі дзесяткі фатографаў…
Чырвоная машына кранулася з месца і павольна паехала праз пляж да берага. Людзі расступіліся, даючы дарогу, і стварылі нібы калідор. Толькі канец гэтага калідора ад мора быў няўстойлівы, бо там не ведалі, у які бок паверне машына, направа ці налева. Але яна пакуль што не паварочвала ні налева, ні направа, а ішла проста ў мора.
Усё бліжэй і бліжэй пасоўвалася яна да вады. Вось пярэднія колы ўжо ў вадзе… вось ужо і заднія ў вадзе… Мёртвая цішыня стаяла на пляжы. Народ з недаўменнем глядзеў услед машыне, дзівіўся і ўсё чакаў, калі яна паверне ўбок. А яна ішла і ішла ўсё наперад. Можа, яна паплыве? Але вось ужо яна пагрузілася да палавіны… вось ужо вытыркаецца толькі край кабінкі… І нарэшце на вадзе засталіся толькі хвалі.
Тысячы людзей закрычалі ад здзіўлення і жаху. Пачуліся паліцэйскія свісткі. Шмат лодак кінулася ўслед за машынай. Затрашчалі маторныя катэры.
…Калі «консул» убачыў, што такое з ім адбываецца, ён пачаў крычаць, стукаць у акенца, якое аддзяляла яго ад кабінкі, затым стаў ламаць дзверы. А вада падымалася ўсё вышэй і вышэй. Тады ён выхапіў рэвальвер і стаў ім біць у шкло. Але ніякага знаку на шкле не было. Светазар на момант азірнуўся, і тады «консул» нацэліў рэвальвер на яго. Хлопчык крыху ўсміхнуўся і спакойна адвярнуўся. Правакатар у роспачы хацеў быў стрэліць яму ў галаву, але яго спыніла думка, што сам ён усё роўна не выберацца з машыны. Аднак калі ён убачыў, што ўжо ўся машына ў вадзе і што яна ідзе ўсё глыбей і глыбей, то страціў здольнасць разважаць і выстраліў.
Хлопчык і дзяўчынка павярнуліся да яго і засмяяліся, а куля, адскочыўшы ад шкла, стукнула правакатару ў вуха. Услед за тым шпіён адчуў, што нешта цёплае цячэ яму за каўнер.
Тады ён страціў увесь свой запал і застаўся сядзець, разявіўшы рот і вылупіўшы вочы.
А ля акна праплывалі рыбы, хісталіся падводныя расліны. Зацікавілася імі акула і некаторы час плыла побач, прымяраючы сваю зубастую зяпу да акенца. А вось ляжыць карабель, аблеплены водарасцямі і ракавінкамі.
Светазар паехаў у мора так сабе, для цікавасці, каб уразіць публіку. Цяпер ён захацеў перайсці на «звычайны ход» — выскачыць з вады і пераляцець на які-небудзь востраў на акіяне. Ен адпусціў тормаз. Машына паднялася з вады зусім павольна, але над вадой падняцца не магла. Яна толькі паплыла наперад з хуткасцю катэра. У такім стане яе ўжо маглі дагнаць не толькі самалёты, але і мінаносцы. Добра яшчэ, што яны былі далёка ад берага і пакуль іх ніхто не бачыў.
— Чаго ты паўзеш па вадзе? — казала Святлана. — Нас жа зловяць. Давай поўны ход.
— А ты давай больш гаручага! — сярдзіта сказаў Светазар. — Машына хутчэй не ідзе.
— Сапсавалася?! — з жахам крыкнула Святлана.
— Калі ідзе, то яшчэ не сапсавалася, — адказаў Светазар. — А справа ў тым, што ў нас павялічыўся груз, на які нашы сілы не разлічаны. Што цяпер рабіць, не ведаю. Выкінуць яго ў мора, ці што?
— Як гэта мы будзем тапіць чалавека? — уздрыганулася дзяўчынка. — Даедзем дакуль-небудзь і выпусцім на бераг ці на які карабель.
— Не хацелася б мне адпускаць правакатара без пакарання, але нічога не зробіш, паедзем, пакуль можна, — неахвотна згадзіўся Светазар.
І яны паехалі на паўднёвы ўсход, як звычайныя пасажыры на звычайным катэры. Якім марудным і нудным здавалася цяпер падарожжа!
— Можа, нам дні і тыдні прыйдзецца ехаць, — хвалявалася Святлана.
Светазар таксама быў незадаволены, нахмураны.