Хударлявы Швабра з рэктарам цалкам пагадзіўся, дадаўшы, што ён таксама атрымае пістон у дупу за тое, што ўся яго агентурная сетка не змагла разгледзець варожы элемэнт у падначаленай установе. Параіўшыся яшчэ, яны вырашылі даручыць разьмінаваньне дворніку, як самаму малакаштоўнаму зь сяброў камісіі. Аднак дворнік раптам узбунтаваўся і заявіў, што за такі мізэрны заробак ён жыцьцём рызыкаваць ня будзе. Маўляў, пляваць ён хацеў на гэтую бомбу, а калі яго звольняць, то такая праца – сабачае лайно з асфальту падмятаць – усюды знойдзецца. І, паглядзеўшы на Фадзеіча, дадаў, што даручаць разьмінаваньне трэба таму, у каго заробак больш тлусты. На што Фадзеіч запярэчыў: нельга пакідаць штурвал карабля ў такі адказны момант. І ўвогуле, зарплата ў яго невялікая – ледзь зводзіць канцы з канцамі, а яму яшчэ даводзіцца дачку ў Лёндане вучыць, да таго ж, ужо другі год ён катэдж пад Магілёвам дабудаваць ня можа, – і паглядзеў на Швабру.
Швабра сказаў, што разьмінаваньне не ўваходзіць у кола ягоных абавязкаў ва ўнівэрсытэце, а займацца гэтай справай павінен заўхоз. У адказ заўхоз, замахаўшы рукамі, закрычаў, што ліквідацыя бомбаў ёсьць прамой задачай Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, а адзіны чалавек, які тут яго прадстаўляе, – Пётр Яўлампіевіч, пажарны. Яўлампіевіч па прыроднай дабрыні й глупстве нічога запярэчыць ня змог, а толькі выцягнуў насоўку і пачаў выціраць з лысіны пот. Потым чамусьці ўзгадаў, што ў яго трое дзяцей, і ўвогуле, без шалома ён у падвал заходзіць баіцца.
На шчасьце, у заўхоза ў бутафорскім пакоі студэнцкага тэатру мелася адна нямецкая каска часоў другой сусьветнай вайны. Хуценька зганяўшы па рэквізыт, ён насунуў шалом на галаву бледнага Яўлампіевіча. Яшчэ, на ўсялякі выпадак, яму на пуза павесілі расьпісны жостаўскі паднос з калекцыі падарункаў Барыса Фадзеіча і, тройчы асяніўшы крыжам, зачынілі за ім дзьверы ў майстэрню.
Калі Яўлампіевіч увайшоў у пакой, то спачатку, нічога не кранаючы, доўга разглядаў саламянага чалавека, спрабуючы знайсьці ў яго спарахнелым нутры сьляды драткоў ці якіх-небудзь небясьпечных мэханізмаў. Потым, нічога не заўважыўшы, узяў доўгі мэталічны шомпал і пачаў вельмі асьцярожна пратыкаць пудзіла ў розных месцах. Недзе шомпал пратыкаў чалавека навылёт, але дзесьці ўпіраўся ў нешта цьвёрдае. Была гэта бомба ці драўляны каркас, Яўлампіевіч зразумець ніяк ня мог.
Вельмі доўга ён мучыўся з шомпалам, утыкаў пруток у салому, абліваўся потам, але раптам у яго пад шаломам нешта цокнула, надламалася, нэрвы ня вытрымалі напругі, і схапіўшы ў абярэмак саламянага чалавека, з крыкамі: «АААаааааа!!! Бляяяяяя!!! Кладзіся!!!» – Яўлампіевіч выляцеў з майстэрні. Пранёсшыся, як вар’ят, з пудзілам у руках па ўнівэрсытэцкім двары, ён забег за кантэйнэры са сьмецьцем і, паваліўшыся на зямлю, накрыў небясьпеку сваім целам. Паляжаўшы некалькі імгненьняў і зразумеўшы, што выбух не адбыўся, ён асьцярожна падняўся і, выцягнуўшы з кішэні запалкі, падпаліў пятку саламянага Ахілеса. Затым хуценька адбег і схаваўся за кантэйнэрамі, дзе яго ўжо чакалі Фадзеіч, Швабра, заўхоз і дворнік.
Студэнты з навакольных карпусоў, узбударажаныя нечалавечым крыкам, прыліплі да вокнаў і са зьдзіўленьнем назіралі дзіўную сцэну: у цэнтры двара палала саламянае пудзіла, а рэктар, заўхоз, чалавек у нямецкім шаломе і яшчэ нейкія два тыпы назіралі за гэтым, схіліўшы галовы да бакаў са сьмецьцем. Калі пудзіла дагарэла, яны вылезьлі з укрыцьця і, пакалупаўшыся ў рэштках няшчаснага насамі сваіх чаравікаў, нешта ажыўлена абмяркоўваючы, размахваючы рукамі ды пакрыкваючы адзін на другога, сышлі са сцэны. На месцы здарэньня застаўся толькі дворнік, які, узяўшы вялікую мятлу, старанна згроб вугольчыкі ў шуфлік і выкінуў іх у кантэйнэр са сьмецьцем.
Аднак дзівосныя падзеі ў падначаленай Барысу Фадзеічу ўстанове на гэтым ня скончыліся. Праз тры дні, зайшоўшы раніцай у свой кабінэт, ён аслупянеў: нейкі нягоднік, зрэзаўшы ўначы ўсе фікусы, акуратна паклаў іх у шуфляды рэктарскага пісьмовага стала. Замест іх з вазонаў, што стаялі на падаконьніках, тырчалі мэталічныя ёршыкі для чысткі бутэлек.
Убачыўшы такое, Фадзеіч прыйшоў у неверагодны гнеў. Яго і без таго чырвоны з пахмельля твар наліўся крывёй, ён затупаў нагамі і хацеў ужо зараўці – паклікаць сакратарку Зіну, але раптам скамянеў ад жаху… На высокім венцаносным чале кіраўніка дзяржавы, што вісеў над шыкоўным крэслам са львамі, красаваў цярновы вянок, выкананы па-майстэрску, у вельмі экспрэсіўнай манеры.
Тут жа сьцяміўшы, што гэта ідэалягічная дывэрсія, Фадзеіч зноў склікаў надзвычайную камісію. Праўда, гэтым разам акрамя Швабры і заўхоза, у яго ўвайшлі Альгерд Браніслававіч – загадчык катэдры малюнка і Элеанора Якубаўна – выкладчыца біялёгіі, вядомая ўсім як экстрасэнс, спэцыяліст па нетрадыцыйнай мэдыцыне, прадказальніца, астроляг і варажбітка на картах таро. Час ад часу Фадзеіч зьвяртаўся да яе паслугаў пры вырашэньні розных далікатных сытуацый. Цяпер жа выпадак быў ня проста далікатны, а надзвычайны, абуральны, нахабны – той, які патрабаваў неадкладнага рэагаваньня.