– І чаму ты наогул вырашыла, што яны будуць цябе шукаць тут? Ты ўжо выйшла з бойкі, ты ўжо не вораг!
— Ты дрэнна разумееш момант, Джон. Я вязу з сабой Беларусь. Тут, у сэрцы… У грудзях… І гэтая Беларусь, якую я вывожу, яна нават больш важная за мяне. Я прыеду ў Штаты, і мая Беларусь апынецца на свабоднай глебе. Я буду песціць яе, гадаваць… Урэшце з’явіцца сям’я, малы… Муж, які будзе беларускамоўным — гэта так проста — знайсці беларуса ў Штатах, бо цяпер, пасля гэтых падзей, эміграцыя ведаеш якая… Недзе пісалі, што едуць менавіта нацыянальна ўзрушаныя, едуць адраджэнцы, якіх пазбавілі апошняй надзеі на прыстойнасць… Муж будзе беларус. Бо чалавек, які не разумее па-беларуску, мяне не можа цікавіць, sorry John, no offence, but I have to care about things that are holy, — яна сфармулявала гэта так, што я нават і не падумаў, што на гэта можна пакрыўдзіцца. Да таго ж, кожны раз, калі яна прамаўляла слова «мова», а яна не перакладала яго на ангельскую, дык вось, калі гэтае слова гучала, на мяне патыхала нейкай таямніцай, асакральненай спадчынай… Як быццам у яе заплечніку — скрыжалі запавету, і яе місія — іх захаваць для нашчадкаў. І хто я такі, Джон Вілаў, у параўнанні з яе «мовай»? — І вось, гэтая, мая, беларушчына захаваецца. А іх Беларусь праз нейкі час згіне, як засохлае дрэва… Бо, вядома, што дрэва без каранёў расці не можа, гэта біялогія, а мова — гэта карані, гэта сувязь з продкамі, з гісторыяй. Беларусы гэтага пазбаўленыя, а таму пазбаўленыя і радзімы. Радзіма для мяне — тое месца, дзе я магу размаўляць па-беларуску, разумееш, Джон Вілаў? Я ўжо, мабыць, не пабачу абуджэння бацькаўшчыны. Але мае дзеткі ці іх дзеткі — вернуцца туды. Будуць размаўляць на сваёй мове. На сваёй зямельцы. Калі б я гадавала іх у Беларусі, нічога вартага не атрымалася. Яны б пайшлі ў садок, а там — ён, там — дзяржава, там — смерць…
Яе прамова ўзрушыла мяне, аднак я не бачыў, як яна стасуецца з яе страхам. І мне здавалася, што любы здаровы чалавек заўважыў бы, што ёй няма чаго баяцца. З курсу псіхалогіі я памятаў, што для збянтэжанага розуму логіка — не падмурак для супакаення, што ніякія аргументы не спрацуюць, калі цела, мозг, псіхіка працягваюць баяцца. Паспрабаваў яшчэ адзін тэзіс:
– І ты думаеш, яны там гэта разумеюць? І будуць паляваць на цябе, каб забіць тую будучую Беларусь? Нейкі «Тэрмінатар» атрымоўваецца! Ты ў ролі Сары Конар, маці збавіцеля. А я ў ролі Джона Конара, яе абаронцы! І бацькі збавіцеля…
Спроба ацверажальных кпінаў не спрацавала:
— Не зубаскаль, дурань! Нічога яны не разумеюць. І, вядома, яны лічаць, што тая грымотная, сцюдзёная дзяржава, пабудаваная на падмурку агрэставых карпусоў, цёплага ды халоднага, будзе існаваць вечна. Яны ізалююць, стэрылізуюць, нейтралізуюць мяне з меркаванняў бацькоўскай клапатлівасці. Нельга ж быдлу сыходзіць з дома ды гойсаць па лясах. Яно ж належыць гаспадару, і менавіта гаспадару трэба вырашаць лёс! Я бачу ты не разумееш логікі, дык раскажу табе пра сваю котку.
Была ў мяне котка, старая, мы з маці вельмі ж яе любілі… Бо, здаецца, яна была маёй аднагодкай і нават неяк удзельнічала ў маім выхаванні. Так-так, я менавіта таму такая дзікая! Дык вось, адным залацістым жніўнем кошке прыйшоў час сыходзіць, з яе дыягназам можна было пражыць тыдзень ці два. Яна яшчэ магла рухацца, але ўжо зусім нічога не ела ды ўсё намагалася збегчы з дому паміраць. Бо ў кашачых ты ведаеш… Яны знаходзяць месца, яны ж мудрэйшыя за людзей… Знаходзяць месца… І застаюцца там… Назаўсёды. Дык, ведаеш, як маці прыехала ад доктара, я адразу ж пачала будаваць ёй хацінку. І добра ж атрымоўвалася! Думала насыпаць корму, адвезці ў лес, каб яна пажыла, развіталася са светам, а там, можа, знойдзе зёлак ды ачуняе… Кошкі ж… І вось, калі хацінка была гатовая, я прыйшла дадому па яе і заўважыла, што Крысціны няма… Я яе шукала да самага вечара, пакуль маці не прыйшла з працы. Маці мне ўсё растлумачыла. Яна зраніцы завезла Крысціну да доктара, дзе той пагаліў ёй лапу і ўкалоў у вену атруту.