Я абхапіў далонямі свой твар. Чамусьці я быў упэўнены, што далягляд, поплаў, колер неба, лес — гэтыя рэчы не кранае час. Што яны належаць да канстантаў быцця. Сімвалічна, што гэтая думка прыйшла да мяне ў рэстарацыі «Золотои Бабушка» на Галацкім мосце. Наста мае рацыю. Я сапраўды прастадушны дурань.
— Наста… Як будзе forgive me па-беларуску?
— Prabach miane, — падказала яна. — Там такое ж кіраванне, спачатку дзеяслоў, потым займеннік.
— If you can, please. Prabach miane. За мову.
Яна пагардліва чмыхнула:
— Не ў мяне прабачэння прасі!
У каго я павінен быў прасіць прабачэння за тое, што забыўся на мову? У каго? У радзімы, якой болей не існавала? У далягляда? У Жукоўскага? У дзеда, які лічыў сябе палякам? Ці, можа, у Бога?
Нас разлічылі, і Наста ўтварыла феерычны скандал з нагоды занадта, на яе думку, вялікага рахунку, у які я нават забыўся зазірнуць, аўтаматычна працягнуўшы афіцыянту крэдытку.
— Што, пачуў, сабака, ангельскую мову і вырашыў, што прыйшлі лёгкія грошы? — надрывалася яна, а мне было няёмка, я хаваў вочы, тым больш у хлопца былі сваякі ў Бостане, ён мог падумаць, што там усе такія wild!
Хутка я наогул перастаў разумець, што адбываецца: у Насты з афіцыянтам пачалося нешта кшталту аўкцыёна, яна прапаноўвала, каб я заплаціў палову рахунку, а ён настойваў хаця б на двух трацінах, і яны спрачаліся спачатку на ангельскай, потым на невядомых мне мовах і надта ж эмацыйна жэстыкулявалі. Калі з абодвух бакоў пайшлі пагрозы выклікаць паліцыю (Наста і афіцыянт набіралі нумары на тэлефонах адначасова і нават адначасова рабілі выгляд, што сапраўды кагосьці выклікаюць на «Galata’s Bridge Babushka»), я грукнуў далонню па стале і аўкцыённым голасам абвясціў: «Прададзена»!
— Я захавала табе дваццаць баксаў! — з гонарам сказала яна, калі мы пакінулі «бабушку».
Мы рушылі на пагорак, дзе знаходзіўся адзіны засвоены мною пешшу раён Стамбулу — бяспечны ды раскошны Бейёглу, які амаль немагчыма было ўначы адрозніць ад Бостана, Парыжу ці любога іншага глабалізаванага гораду. Навакольны ландшафт напаўняўся эйфарыяй універсальнасці ды зразумеласці, як быццам бы Nike на гэтай пэўнай, строга акрэсленай тэрыторыі перамог Naik, Neki, Niky і іншых стрыечных братоў-мутантаў. Крок у бок — рэальнасць пачынала хістацца, мінак ветліва запрашаў набыць у яго вязанку «залатых» гадзіннікаў «Патэк Філіп» за 10 даляраў. Але тут, на Бейёглу, прыстасаваны да брэндаў, да іх логікі ды іх дыктату розум заходняга чалавека не падвяргаўся вар’яцкім атакам памылак у правапісе ды коштах, якія выбівалі глебу з-пад ног. У водблісках вітрын, ля ўваходу ў Joop! які гэтым разам быў не фэйкам, як тры іншых Jup! Joope! Job! што мы сустрэлі за квартал да Бейёглу, Наста зноў дастала з кішэні айфон, кранула яго экран і са здранцвеннем на твары прабегла вачамі радкі навінаў. З захапленнем у голасе, адзначыла:
— О, я ўжо абвешчаная ў рэспубліканскі вышук!
Я ўявіў, што адчувае чалавек, на якога палюе дзяржава. Не адзін вораг. Не Марсэль Дзюпер’е. Нават не купка ворагаў, складзеная з гульцоў футбольнай каманды, якія аплакваюць над Guinness тваю перамогу. А дзяржава, у якой жывуць мільёны! І мільёны цябе ненавідзяць. Ці нават не так: мільёнам усё адно. У тым ліку мільёнам абыякава, што з табой зробіць дзяржава. І гэта самае страшнае.
— Што ж ты такога нарабіла, Наста?
— Што нарабіла? Уголас сказала, што свіран са збожжам знічшыла маланка.
— Толькі ўсяго?
— Бывае, што гэтага больш, чым дастаткова, Джон Вілаў!
— Што цяпер будзе з тваёй маці? Ёй пагражае арышт?
— Не! Яна ж за гэтую маланку галасавала! І прагаласуе яшчэ!
Насустрач рушыў натоўп людзей: ані ноч, ані дождж не здольныя былі іх спыніць і разагнаць па дамах. Для многіх з тых, хто прыбыў з зацярушанай снягамі Еўропы, скаванай маразамі Расеі, час як быццам бы пракруціўся наперад, і раптам пачалася вясна, прыйшоў травень з цёплым пахкім летнім дажджом, дык як можна было спаць у ноч такога цуду? Раз-пораз побач з надрыўным бразгатам праплываў музейны трамвайчык, абвешаны турыстамі. Постаці ўнутры яго выглядалі экспанатамі музея васковых фігур. Не рухаючыся, яны глядзелі на дождж, на Бейёглу, на мяне, на яе, асветленыя плафонамі, выпушчанымі ў той час, калі сям’я Набокавых толькі-толькі сышла на бераг з парому ў гэтым горадзе. Так павінна выглядаць сапраўдная time machine. Антыкварная канструкцыя, павольны звонкі ход і купкі выпадковых мінакоў, што заскочылі на прыступкі, бо надта ўжо карцела дакрануцца да цуду бясплатна! Вядома ж, Наста завалакла мяне ўнутр і, вядома ж, прабілася ў самы цэнтр, не заплаціўшы кіроўцу, і мяне зацягнула (я вельмі выбачаўся перад экспанатамі, якім выпала быць немцамі).
«Запомні слова: „Ха-ля-ва“! Яно азначае тое, што мы зараз зрабілі! — вучыла яна мяне. — Запомніў? А цяпер забудзься! Гэта не нашае слова! Проста навошта плаціць, калі ніхто не плоціць, а кантролю няма?».
— Як думаеш, мы рушым уперад ці назад у часе? — запытаўся я ў яе. — Гэта ж Time Tramway!