— Наперад! Бо вандровак у мінулае не можа існаваць! Улічваючы хуткасць, з якой мы рушым, калі мы сыйдзем адсюль, будзе ўжо значна пазней, чым калі мы ўзышлі на борт! І — заўваж — ніякай магіі! Адно навука! І тэхніка!
Шкло было занадта тоўстым, трамвай рухаўся штуршкамі, пешшу было б хутчэй: руху заміналі мінакі, і кіроўца цярпліва чакаў, калі яны разыйдуцца, зробяць свой фотаздымак ці проста заўважаць наш маленькі сухапутны карабельчык. Я спрабаваў уявіць сабе выраз твару, з якім ездзілі на гэтым трамваі насельнікі трыццатых, гэта павінна было быць увасабленнем гонару за тэхналагічны прагрэс ды электрычнасць, і вось тут, з гэтай думкі пра трыццатыя, я зноў сарваўся на балючыя развагі пра маёнтак і страчаны далягляд.
— Cheer up, John! (Нават не магу сабе ўявіць, як перакласці гэты выраз на беларускую) — заклікала яна мяне. Мы ўжо прыбылі!
— У які час завёз нас tram? — я зірнуў на гадзіннік і свіснуў. Палова на чацвёртую ночы.
З часам сапраўды адбылася дзіўная дэфармацыя, але абумоўленая яна была не чароўным трамваем, а тым, што апошні раз я ўспамінаў пра гадзіннік яшчэ, здаецца, да нашай з ёй сустрэчы. Час раптам зрабіўся зусім неістотным, і гэта было лепшым пацверджаннем, што паміж намі з Настай адбылося нешта надзвычайнае.
Здаецца, цяпер быць цывілізаваным азначае ў першую чаргу абжываць час — нават у большай ступені, чым ты абжываеш прастору. У кожнага з нас у часе ёсць працоўныя боксы з офісам, кампутарам, скайпам ды тэлефонам, ёсць у нас у часе ежа, на якую адпушчана ў каго як — у кагосьці шыкоўныя тры гадзіны, у кагосьці — пятнаццаць хвілін у lunch, 30 хвілін на вячэру, разам з прыгатаваннем. У часе ёсць прастора для сну, прастора для бессані. Утульныя канапкі, на якіх мы глядзім фільмы з лэптопаў, і раскошныя, класічныя пакоі, у якіх мы чытаем папяровыя кнігі. У некаторых у часе пабудаваныя агромністыя ўласныя палацы, для іншых час з’яўляецца ўласнасцю іх уладара, офіснага боса: дзеля іх уласных патрэбаў ім пакінутыя толькі маленькі пакойчык да 9 раніцы ды аскепачак, які застаецца пасля таго, як, вярнуўшыся з працы а восьмай увечары, яны зробяць усе справы, даручаныя начальствам у якасці хатняй працы. Прынамсі, здольнасць чалавека распараджацца часам ніяк не залежыць ад працаўладкаванасці, адукацыі ды іншых акалічнасцяў: беспрацоўны п’янчуга можа так завязаць сябе на абслугоўванні інтарэсаў уласных сабутэльнікаў ды летаніну ад жонкі з дрэнным характарам, што ўласнага часу ў яго застанецца меней, чым у хлапчука, які кірэчыцца на офісных галерах!
Я адношуся да прамежкавага тыпу, які знаходзіцца паміж тымі, у каго ўласны час наогул нічым не абмежаваны, і тымі, хто адбывае пажыццёвую добраахвотную паншчыну (а ніякіх іншых адносінаў з часам, акрамя поўнай добраахвотнасці быць не можа!). Яшчэ ва універсітэцкія часы павялося так, што я здаў прыкладна палову адпушчанага мне дзённага часу ў арэнду працадаўцам, запрасіўшы за гэта такі кошт, што атрыманная рэнта цалкам задавальняе патрэбы майго існавання ў астатнія гадзіны. Узамен з майго боку нашага time contract я прапанаваў добраахвотную эмацыйную прывязанасць да гадзінніка ды яго паказнікаў. Свабода ад часу, ад тых нероўнабаковых трохкутнікаў, якія ўтвараюцца стрэлкамі гадзінніка, напаткала мяне толькі некалькі разоў у жыцці. Упершыню — калі падчас вандроўкі ў Каліфорнію я паспрабаваў тое, што тады называлася сярод людзей майго ўзросту «aunty Mary» — з-за сугучнасці з забароненай ангельскай назвай. Час запаволіўся, а потым, пасля трэцяй глыбокай зацяжкі, зусім перастаў існаваць. Потым была яшчэ адна вечарынка ў Чыкага, падчас якой я так наклюкаўся (чатыры куфлі чырвонага каліфарнійскага!), што адчуў асалоду развітання са штодзённымі маркотнымі катэгорыямі, такімі, як час, пачуццё адказнасці (раніцай былі запланаваныя перамовы з кліентам у скайпе), ці, трохі пазней, з Мэры Лідлэй — чалавечая мараль.
Тут, з Настай, усё тое, што дагэтуль адбывалася са свядомасцю пад уплывам хімічных рэчываў, раптоўна сышло без усялякай знешняй дапамогі, як асаблівы ўзрушаны стан, у які я ўваходзіў ад яе неспакойнага знаходжання побач. Кантакт з гадзіннікам выканаў тую ролю, якую для п’янага грае спроба выгаварыць складанае слова ці рэзка ўзняцца, ці прайсці не хістаючыся. І з той менавіта механікай, з якой п’яны кажа сабе: о… як жа я нахлябтаўся…, я сказаў — о, як ж я… Як жа я прывязаўся да яе… Яна спыніла мой час і вымусіла мяне забыцца пра гадзіннік.
Месца, дзе трамвай выпусціў нас са сваіх набокаўскіх нетраў, знаходзілася на памежжы святла і ценю. Бейёглу тут сканчаўся, далей ішла цемрадзь ды смурод пачарнелых ад часу звычайных дамоў, што адмаўляюць геаметрычнасць ды прамыя лініі. Гэта азначала, што нам трэба развітвацца з ёй.
— Ужо час нам…, — сказаў я самотна. — Табе ляцець праз тры гадзіны.
Яна маўчала. Я працягнуў.