— Мы ж дамовіліся, сусед. Дамова ж была. Калі да цябе прыйдзе твая сяброўка, ты мяне пазнаёміш.
Я ліхаманкава ўспамінаў дамову.
— Я ж стары, — блазнаваў Іваноў. — Мне ж трэба з моладдзю абшчацца. Няўжо ў цябе няма павагі да старых?
Ён зрабіў крок у кватэру.
— Аднак мы зараз… — пачаў я.
— Ты абяцаў мне, Джон, — прысарамаціў ён мяне і зрабіў яшчэ адзін крок у пакой. — Як яе завуць?
Я паспрабаваў успомніць, як жа яе завуць, як завуць гэтыя ледзяныя рукі, гэтую плоскую спіну, пакрытую халодным потам жывёльнага жадання, спіну, якую я толькі што трымаў, як паднос, калі мае вусны… як жа, як, там была сувязь з тым, сувязь без літары…
— Джон, так суседзі не робяць, — ён паспрабаваў зрабіць яшчэ адзін крок і яшчэ, каб трапіць у пакой, але ж нейкі інстынкт, нейкая падсвядомая асцярожнасць, выхаваная размовамі з беларусамі, бараніла, змусіла спыніць яго, стаць на шляху: раптам, я ўзгадаў, як баязліва яна шарахалася ад мяне, як цягнула ў падваротні, прэч ад чужых вачэй. Было штосьці ў гэтай дзяўчыне-таямніцы, што не прадугледжвала магчымасці трэцяга ў нашым крымінальным дуэце, не, не, нельга было пускаць, да таго ж, нельга было быць упэўненым, што яна апранулася, не, не…
— Прабачце, Іваноў, я… Мы…
— Джон! — дакорліва грымнуў ён, і я зразумеў, што мяне здзіўляе і нават пужае: небарака быў занадта ж рацыянальным для таго дзівака, якім ён паўстаў перада мной у нашае знаёмства: да таго ж, я не мог згадаць, калі, чорт! Калі і як! Ён паспеў дазнацца, што недзе, у нейкай далёкай краіне, у нейкім не маім мінулым, мяне завуць ці звалі Джон — я ж яму казаў: «Ян»!
– Іваноў, я не магу вас пакуль што пазнаёміць. Ну ніяк. Немагчыма. Прабачце. Дзяўчына стамілася, — ён хмыкнуў, як быццам ведаў больш, чым мне б таго хацелася, і я пачаў выціскаць, выціскаць яго прэч, ступаючы з ветлівай усмешкай, наступаючы, замыкаючы дзверы, не зважаючы на апошнія словы (што ён там сказаў? «Хаця б адным вокам»?).
Дзверы былі зашчэпленыя — шчыльна ды надзейна, куды шчыльней ды надзейней за мае штаны, за маю кашулю, якая… Я йшоў да яе, яна сядзела, як школьніца перад экзаменатарам: акуратненькая, цнатлівая, з чырванню на шчаках і —пабачыўшы, што я адзін — хуценька выняла далоньку з-пад попкі, а ў далоньцы апынуліся скамячаныя майтачкі, чырвоненькія, нібы зробленыя з крывавага павуціння, выняла ды кінула побач, кінула побач, а не апранула — я, дарэчы, не магу ўявіць, як яна іх магла апрануць: гэтае апрананне з прадзяваннем ног, такіх раптоўна аголеных пад спадніцай, разбурыла б мае ўяўленні пра магчымае нават мацней, чым вось гэтая кароткая сцэнка з далонькай з-пад попкі і з апошнім бар’ерам, скамячаным у далоньцы… Тое, як яна нядбайна кінула майтачкі, азначала адно: яны нам яшчэ нейкі час не будуць патрэбныя, і што мы яшчэ вернемся да таго, што апаляе яе там, аб чым нават думаць… І я не мог зразумець, як можна — вось гэтага незнаёмага мне чалавека, як мы… Зрывістым голасам яна спытала, хто гэта быў, і я адказаў, што сусед, што за сусед, ну дзівак, ён тут побач, як завуць? Іваноў… Так, ён жыве тут, а чаго хацеў — пазнаёміцца (турбота, турбота на твары) — а што, ён яе ведае? Не, не ведае, і адразу ж пасля «не ведае» — зноў вусны, поўны рот вуснаў, скалананні, язык, які тыкаецца ў маё нёба і вось, калі так, шчыльна, амаль што нармальна, усё згодна з логікай наступлення ночы і, вядома ж, нецывілізавана быць у штанах, калі яе полымя ўжо ўпіраецца мне ў жывот, калі…
З таго, што здарылася далей у свядомасці засталіся яе хрыпаватыя пастагныванні ды яе недарэчнае хіхіканне, калі я… Калі… Яе далоні, якія страчвалі далікатнасць, спужанасць і вось ужо разлягліся на маіх ягадзіцах, абхапілі іх, па-гаспадарску драпалі ды настойліва цягнулі на сябе, углыб, заахвочваючы не шкадаваць, ёй не балюча, ёй прыемна, давай, глыбей, лютуй, запрашаю. Засталося тое, што калені яе ўзняліся над нашай бойкай, паўсталі вельмі пругка ды не паддаваліся, калі я налягаў, спрабуючы прыладзіцца пакамфортней — яны вымагалі нейкай дзіўнай выгнутасці, яна выпроствалася, вілася пада мной, а сагнутыя ногі трымаліся як апора, на якую… Засталося тое, як хутка яна знайшла патрэбныя словы ў ангельскай: мы не здолелі пазнаёміцца з дапамогай мовы, а вось тых ста словаў, якія нас аб’ядноўвалі, было дастаткова, каб рабіць тое, што рабілі. Словаў, якія дазваляюць фізічна наблізіцца — тузін: «ты», «я», «хутчэй», «павольней», «глыбей», «добра», «вельмі добра», «спыніся», «не спяшайся», «сюды», «туды», «прыемна», «давай», «набліжаюся», «ён!».