Трэба было бегчы ці праваліцца ў пекла, вось тут, на гэтым месцы, уніз, адразу ў зямныя нетры, абы не сутыкнуцца, але ж я апынуўся занадта побач з маршрутам натоўпу — яна ўзняла вочы і ўпёрлася ў той саляны слуп, у які ператварыўся я. Секунду мы глядзелі адно на аднога. Для мяне зноў гэта было «андантэ»: развітанне і прыкрасць, і боль, але ж ў яе вачах я пабачыў «скерца» шампанскага — яна смяялася, бо гэта ж так смешна: яна ідзе ў касцёл з мужам, а я застукаў! Яна ў шлюбе, а я й не ведаў! Ха-ха-ха! Потым яна заўважыла мой настрой, зразумела, адчула і зрабілася сур’ёзнай: кароткая сутарга па вуснах, яны надламаліся, іх куткі абрынуліся ўніз — я яе вельмі расчараваў, так гэта выглядала. Расчараваў уласнай сур’ёзнасцю, я што, на ёй жаніцца планаваў? Дык вось, ужо побач крочыць адзін шлюб, нельга на ёй жаніцца: яна не для гэтага, яна лёгкая і сатканая з паветра, як бурбалка ў шампанскім. У апошнюю дзесятую той секунды мы развіталіся — характар і нават колер яе позірку змяніўся, спахмурнеў, як неба ў надмагіллі сонца пасля таго, як свята заходу скончылася і настала проза ночы. Я зразумеў, што больш ніколі не пабачу таго персікавага адцення, якое набывала яе аголеная спіна ў святле майго таршэра. Дзесьці далёка з грукатам абрыналіся ў пыл бялюткія шматвежавыя замкі той сумеснай будучыні, якую я нам паспеў наўяўляць, руйнаваліся галерэі ды порцікі, ламаліся, як вясельны ажурны торт пад нажом, шпілі ды флюгеры: гэта было далёка, далёка, бо тут і цяпер рэальнымі былі выключна яе крокі да ўваходу ў касцёл, крокі і пільны позірк яе суджанага, які паспеў адчуць гэтую секунду, ужо матляў галавой у пошуках выкліку і адчуў мяне, і быў, здаецца, гатовы раздзерці мае цягліцы ўласнымі драпежнымі ікламі, але ж не, гэта падалося: яны ступілі ў будынак, адкуль ужо несліся анёльныя акорды аргану, і варожасць яго магутнай спіны была пераканаўчай кропкай у гісторыі нашага выпадковага спаткання і такога ж выпадковага развітання. Пасля такой кропкі ўсё недасказанае — у сметніцу.
Я памыліўся і пішу пра гэтую памылку ў такіх падрабязнасцях выключна таму, што калі гэты тэкст спрацуе так, як ён мае спрацаваць, чалавек, на якога накіравана кожнае беларускае слова з напісаных тут, меў бы на ўвазе маю здраду і прыняў мае прабачэнні яшчэ да таго, як што-небудзь вырашыць. «У тутэйшых каталікоў норавы горшыя, чым у ісламскіх фундаменталістаў, — рагатнуў Сяргей, калі я недастаткова агульна адказаў на ягонае пытанне, чаму такі маркотны. — Жанчыне пра affaire не прыходзіцца нават марыць, яна заручаная яшчэ з каталіцкага дзіцячага садка. Усё жыцце яна ходзіць з офісу, дзе працуюць браты і сёстры, — у касцёл, дзе тыя ж браты і сёстры ўхваляюць Бога, зіркаючы па баках, ці не аскандаліўся хто, праігнараваўшы вечаровы збор. Усё, што паміж касцёлам і офісам (хата, фітнес, спа), праходзіць пад такім пільным наглядам прыходу, што няма чаго і варушыцца, бо тут схапіць можа не толькі муж, але ж яшчэ тысяча ягоных братоў, якія побач штовечар пяюць псалмы па-літоўску. Пра тое, каб заляцацца да якога Гедымінаса з офісу, нават не думай — адразу ж даведаецца ўся грамада, а гадзінай пазней — яшчэ і ксёндз. І я нават не ведаю, што горш — калі ксёндз даведаецца, ці калі даведаецца муж. Таму такія іншаземныя небаракі, як ты, — адзінае выйсце. На мове ні паўслова, цымесу ўсяго гэтага не разумеюць, іх можна з загадкавым выглядам зацягнуць куды ў завуголле і там таропка выкарыстаць» (маё сэрца маўчала). «Бадай, валакла цябе па падваротнях, каб не пабачыў ніхто, а ты думаў: якая яна загадкавая!» — ён падміргнуў, але ж хутка ягоная бадзёрасць паблякла, ды ён, мабыць, нешта ўзгадаўшы, безвыходна працягнуў з дзіўным вымаўленнем: «Все бабы — ссукі». Ён быў адзін, як і ўсе тыя беларусы, якіх я напаткаў у Вільні: мабыць, надта добра разумелі «цымес».
Аста была маёй памылкай, балотным агеньчыкам, які ледзь не зацягнуў мяне ў дрыгву пазашлюбных адносінаў з асобай, мову якой мне вучыць бы не спатрэбілася, бо вельмі ж няшмат чаго ў нас было сказаць на ёй адно адному. Як я мог з-за дурнушы выракчыся каранёў, адмовіцца ад уласнай культуры і радзімы? Няўжо ўсё святое ўва мне, усе вартыя памкненніі завязаныя на адносінах паміж поламі? Няўжо справа не ў даляглядзе з палатна Жукоўскага, не ў страчаным выраі, а выключна ў жаданні не быць адному ў тым узросце, у якім адным застаўся Сяргей? І што я за небарака, які не змог заўважыць пустазелле? Што за ёлупень, якому так хранічна не фарціць? З-за Насты я пачаў сваю вандроўку, з-за Асты ледзь яе не скончыў. Не хачу болей узгадваць пра яе! Не хачу ўспамінаць! Млосна!
Прайшло яшчэ паўгады, самай значнай падзеяй за гэты час стала замена шпалераў, якія надзейна схавалі пад сабой нават прывід дзвярэй: цяпер тут не засталося нават зашчапкі, якую я нахабна схаваў за палічкай, а на яе ўладкаваў вялікае люстэрка. Усё, як у жыцці: шукаеш выйсця, а бачыш выключна сваю дакучлівую ўсюдыісную пысу. Пагадзіцеся, цікава, куды завядуць гэтыя залепленыя дзверы напрыканцы гэтага сюжэту?