Мая паўсядзённасць стала нагадваць схімай ды адданасцю навуцы побыт тых манахаў картузіянцаў з Бярозы, пра якіх мне распавёў аднойчы Сяргей. Насельнікі кляштара прымалі зарок пустэльніцтва ды не маглі пабачыць нават далоняў тых людзей, якія прыносілі ім ежу: сістэма дзвярэй была пабудаваная такім чынам, каб не было ніякага кантакту з жывой істотай. Ці не копіяй маёй бесталковасці выглядае вычварнасць гісторыі: насельнікі сучаснае Бярозы, побач з якімі знаходзяцца парэшткі адзінага ва ўсходняй Еўропе картузіянскага кляштару (вельмі рэдкі помнік дойлідства і культуры!), лічаць, што іх мясціна празваная «Картуз-Бярозай» з-за таго, што некалі рускі людажэр Сувораў павесіў на тамтэйшую бярозу «картуз». Як яно так перакруцілася, як пераблыталася? Хто іх так загіпнатызаваў, якая прапаганда, якія ўласныя дурасць ды непісьменства?
І чаму я, Джон Вілаў, Ян Вярбіцкі, які блытае Blue Mosque з Hagia Sofia, а Насту — з яе абяздушнай гумавай копіяй, адчуваю сябе трапнай метафарай Беларусі? Чаму ў тым, як яна выракалася свабоды ды прыстойнасці, як год за годам, стагоддзе за стагоддзем абірала самы нядбайны шлях з усіх, я адчуваю ўвасабленне маёй уласнай няўклюднасці?
Яна, Беларусь, якая калісьці звалася Літвою, якая калісьці ўваходзіла ў ВКЛ ад мора да мора, а скончыла тым, што ВКЛ ператварылася для яе ў Рэч Паспалітую, дзе было занадта шмат дэмакратыі, а ў гэтага народа што ў 1991-м, што ў 1994-м, што раней, значна раней, не ладзілася з дэмакратыяй, бо кожны — шляхціч ды кожны — арыстакрат з liberum veto, і вось Рэч Паспалітую пілавалі адзін, два, тры разы і неяк так распілавалі, што зямля адышла да Расеі, у складзе якой гаротнічала ажно да самага 1917 года, і пасля мітусні з БНР зноў апынулася там жа, і потым быў 1991-ы, калі, здаецца, быў шанец, каб усе астатнія паўсталі, набылі годнасць, але ж тут скончылася так, як сканчалася ўсе гэтыя стагоддзі з 1385 года, нібы праклён нейкі на цэлым народзе.
Я, Джон Вілаў, англізаваны беларус, якога лічылі палякам, якога лічылі амерыканцам, які палову жыцця боўтаўся ў Бостане, маючы маёнтак пад Навагрудкам, а маёнтак тымчасам губляў моц, пакуль не знік зусім, як некалі ВКЛ, дык вось, я, фантастычны небарака, касмічны лузер, заяўляю аб тым, што павінен сімвалізаваць Беларусь у сусветнай культуры, бо бачу яе гаротныя памылкі ва ўласным штодзённым вопыце, і Саўрасаў — толькі вяршыня айсберга. Ніякага Мікіту Зноска не параўнаць са мной, Джонам Вілаў, у ступені беларускасці. «Пінская шляхта», «Людзі на балоце», «Знак бяды», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» — усім гэтым творам ды іх героям бракуе таго даўбянізму, таго нешанцавання ды бесталковасці, што ўласцівыя мне, першаму сумленнаму герою беларускай літаратуры. Гэта я выдумаў шлюб Ягайлы ды Ядзвігі, гэта я прапанаваў права вета ў Сейме, гэта я прасраў паўстанне 1863-га года, гэта я даў задавіць уніяцтва — адзіную магчымую рэлігію для гэтых тэрыторыяў, гістарычна размешчаных на памежжы Рыму ды Масквы, гэта я пагадзіўся на зруйнаванне ды перабудову тых велічных храмаў і цывільных будынкаў, якія абуджалі лютую зайздрасць у камандзіраваных з Пецярбургу, Пецярбургу, які першае стагоддзе ўласнага існавання блякнуў у параўнанні з раскошай Полацку ці Вільні, гэта я нерухома глядзеў, як Мураўёў топіць Беларусь у крыві, гэта я вешаў шыльду з яго прозвішчам на будынак у Менску, гэта я дазваляў Сталіну ўзнагародзіць Савецкую Літву нашай беларускай сталіцай Вільняй, гэта я абраў Лукашэнку ў 1994-м ды моўчкі глядзеў на тое, як ён заяўляе аб уласных пераабраннях. Ну што, ці ведаю я гісторыю Беларусі? Здаецца, чалавека, які вывучыў усё тое, што адбывалася тут на працягу стагоддзяў, які ведае пра гэта не па падручніках, можна пазнаць па горычы, горычы, а не гонару (гонар — тое, што застаецца глыбей).
Пра тое, ці ведаю мову, ужо нават не пытаюся. Можна пабачыць, як скарацілася колькасць бездапаможных англамоўных словаў ды зваротаў да рэдактара ў гэтым тэксце. Мае сябры кажуць, што ад прыхільніка ТБМ мяне цяпер адрознівае хіба акцэнт, які я так і не змог пераадолець. Разам з горыччу за гісторыю мне адкрылася тая таямніца, пра якую казаў Сяргей, заклікаючы прыслухацца да генаў: каб спасцігнуць чаргаванні і канчаткі ў склонах, трэба было не тупіць у правілы і нормы, не далдоніць выключэнні, проста дазволіць мове гаварыць з сэрца. Я ўпэўнены ў тым, што маўленне закладзена ў нас так, як закладзена ўяўленне аб Поўдні ў тых птушак, што без усякай камунікацыі з продкамі ведаюць, куды трэба накіроўвацца ў сваю першую зіму, каб знайсці вырай: на ўзроўні чаргавання кампанентаў у ДНК. Можна на гэтае забыцца, але ж каб узгадаць дастаткова, каб загаварыла кроў.