Мы вылучылі «Сцюдзёны вырай» на галоўную літаратурную ўзнагароду незалежнай Беларусі «Гліняны чэлес», назва якой сімвалізуе нашыя бясконцыя спадзяванні на ўрадлівасць беларускай культуры, якая павінна ў рэшце рэшт нарадзіць нешта вялікае — інакш мова проста дасць дуба. Тым больш прыемна, што гэты цуд прыгожай славеснасці стварыў амерыканец, які авалодаў беларускай мовай — казалі тыя, каму баліць за лёс нацыянальнай літаратуры. Людзі, датычныя да выхаду «Вырая», на гэты конт, заўважце, маўчалі. Іншыя казалі пра тое, што гэта наш беларускі Форэст Гамп, бо, як і ў выпадку з Форэстам Гампам, герой з’яўляецца небаракам, увасабляе такія нацыянальныя недахопы, як хранічая адсутнасць фарту, а таксама цягам усяго рамана ганяецца за каханай, якая не надта ім і захапляецца.
Вы ведаеце далейшы лёс «Вырая», ведаеце, што «чэлес» яму прысудзілі ўжо ў канцы траўня, Вілаў на цырымоніі не з’явіўся, з-за чаго Сеціва абышлі мае фоты з гліняным фаласам, трыумфальна ўскінутым над галавой, якія некаму падаюцца надта вясёлымі (зайздроснікі распачалі кампанію цкавання «У Янкі Пільняка стаіць вышэй за галаву», як смешна). Выдатна ведаеце вы і тыя падзеі, якія адбыліся праз два тыдні пасля цырымоніі: Насту ўзялі ў Вільні, у той самай кавярні CanCan, у якую яна паслухмяна з’явілася ў аўторак, бо ўрэшце прачытала тэкст. Цяпер яе месцазнаходжанне невядома, але зразумела, што яна недзе ў Беларусі, у тых месцах, адкуль даволі складана паведамляць аб уласным месцазнаходжанні. Дагэтуль невядома, якім чынам яе здолелі даставіць праз мяжу ў краіну, МЗС, МУС ды дзяржаўная бяспека Літвы ад каментароў на гэты конт адмаўляюцца, але ж ананімныя крыніцы прызнаюць, што гісторыя са «Сцюдзёным выраем» — самая эфектыўная спецаперацыя за ўвесь час існавання беларускіх спецыяльных службаў.
Джон Вілаў, тэкст якога здолеў зрабіць тое, што не зрабіў рэспубліканскі вышук, запыт у Інтэрпол ды сетка шпегаў па ўсёй Еўропе, знік з кватэры і хутчэй за ўсё з’ехаў у ЗША. Тыя, каго ўзрушыла яго гісторыя, лічаць, што Джону проста няёмка за тое, што ён спрычыніўся да арышту каханай, але ж гэта рамантычнае трызненне. Тутака я растлумачу вам, чаму гэта не так і што за чалавек насамрэч гэты Джон.
Я бачыў яго толькі аднойчы ў віленскай кнігакавярні. Тут адразу паўстае пытанне, якое я пакіну без адказу: ці сапраўды той «Джон Вілаў», з якім я хлябтаў капучына ды разважаў пра літаратуру ў Вільні, быў чалавекам, якога бачыла ў Стамбуле Наста? Гэтая гісторыя складаецца ў вас на вачах з трох частак: месцам дзеяння першай з’яўлялася Турэччына, местам дзеяння другой — Літва, трэцяя будзе цалкам адбывацца ў Беларусі. І вельмі можа так стацца, што турэцкі Вілаў, з якім сустракалася Наста, ды літоўскі Вілаў, з якім сустракаўся я і прадстаўнікі дыяспары, Вілаў, што складаў (ці толькі перадаваў ужо складзеную) гісторыю іх з Настай «кахання» ў Турэччыне — гэта зусім розныя людзі. Адзіная, хто мог бы параўнаць ягоныя рысы ды прыйсці да нейкай высновы, Наста, цяпер ізаляваная і будзе ізаляваная яшчэ вельмі-вельмі доўга.
Людзі скептычныя не дадуць мне веры, бо скажуць, што ў мяне ёсць асабісты зуб на Вілаў: з-за паршыўца я пазбавіўся працы ў «Ахрэме», бо яго галоўны рэдактар, Ванік Дастаеўскі, занадта сур’ёзна паставіўся да абвінавачанняў у тым, што выданне спрычынілася да арышту Насты. Але ж у стасунках з Вілаў — нічога асабістага. Я заклікаю ўспрымаць гэты тэкст як працу над памылкамі, спробу падкрэсліць чырвовным усе тыя «у» замест «ў», якія я прамаргаў у першы раз. Калі б я быў больш пільным, трохі больш пільным…