Бася зноў адмоўна пакруціла галавой. Цалкам разгубленая, яна сядзела ў нагах княгіні і намагалася засяродзіцца, каб хаця б нешта ўзгадаць.
– Я ўжо даўно бачыла, што пан Станіслаў точыць зуб. Вось толькі не магу зразумець, на каго – на цябе ці на твайго жаніха. І што яму ад вас патрэбна? – разважала княгіня.
– Пачакайце, Ваша Мосць! – Басю як быццам абухом па галаве стукнулі. – Вы сказалі Станіслаў? Стась… Кшыся!
– Што? – не зразумела кабета.
– У Крысціны ж з’явіўся кавалер. Толькі яна нічога не жадала пра яго казаць. Усё, што мы здолелі ад яе дамагчыся, – гэта імя: Стась. І ўвогуле Кшыся апошнім часам пачала дзіўна трымаць сябе.
Дакладна! Ваша Мосць, яна ж стаяла побач, калі я казала вам пра каралеву Барбару. Напэўна, яе Стась і ёсць Годыеўскі.
Бася нават спалохалася, убачыўшы, як страшэнна змяніўся твар кабеты. Княгіня Альжбэта ўскочыла з крэсла і ў віхуры адзення, што развявалася вакол яе – так шпарка яна рухалася – накіравалася да дзвярэй.
– Кшыську да мяне!!! – княгіня закрычала такім прарэзлівым голасам, што рэха ад яго звонам раздалося па ўсім доме.
Пазіраючы на яе, Бася думала: «Ох, не жадала б я, каб яна на мяне так злавалася!»
Праз хвіліну ў залу ўбегла спалоханая Кшыся. Яна нават не паспела пакланіцца і штосьці сказаць, як княгіня закрычала на яе:
– Ды як ты толькі асмелілася ў маім доме шпіёніць і дакладаць усё, што тут здараецца, нейкаму прайдзісвету? Я ўзяла цябе пад апеку, а ты такая дрэнь няўдзячная!
Дзяўчына ад жаху не магла прамовіць ні слова.
– Што ты распавядала яму?
– Каму, Ваша Мосць? – пралепятала Кшыся.
– Не прыкідвайся, што не разумееш мяне! Што ты распавядала Годыеўскаму?
– Я нічога кепскага не распавядала! Ён толькі пытаўся, хто што кажа і што ў нас адбываецца, і ўсё. Я нічога благога не казала! – апраўдвалася паненка.
– Як жа ты нічога благога не казала, калі ён сёння прыйшоў і стаў абвінавачваць Басю ў вядзьмарстве і навядзенні чараў на каралеву?! – кабета наблізілася да паненкі.
Дзяўчына толькі зараз заўважыла Басю, якая сядзела каля крэслаў, і, бухнуўшыся перад княгіняй на калені, уся ў слязах, загаласіла:
– Няпраўда, я яму такога не казала. Я толькі заўважыла, што Бася ўвесь час штосьці прадказвае і што яна прадказала смерць каралевы. Я не казала, што Бася вядзьмарка! Я не магла сказаць такое, Ваша Мосць!
– А навошта ты ўвогуле яму нешта распавядала? – княгіня грозна схілілася над паненкай.
Кшыся захліпалася слязьмі, хістаючыся на каленях з боку ў бок:
– Ну, ён жа прасіў. Я і распавядала. Ён ажаніцца са мной абяца-а-а-аў!..
Княгіня гнеўна раздзімала ноздры. Нічога толкам не дабіўшыся ад дзяўчыны, яна загадала слугам:
– Пад замок дурніцу!
– Не трэба пад замок!!! – завыла Кшыся, чапляючыся за крыссе сукні кабеты.
Слугі адчапілі яе ад пані княгіні Альжбэты і ўвялі.
– І яшчэ паклічце пана Саколіча з арсенала, – загадала княгіня. – Нават калі ў яго будзе варта. Няхай неадкладна прыйдзе сюды!
Слугі паслухмяна заківалі і выбеглі з залы.
– Якая ганьба для дома Радзівілаў! – усклікнула княгіня.
Яна села за стол і, абмакнуўшы пяро ў атрамант, узялася нешта пісаць. Бася, яшчэ не дарэшты ўсвядоміўшы, што адбываецца, сядзела на падлозе, падціснуўшы калені, і чакала Міхала.
Раздзел 16
Занепакоены спешным выклікам, Міхал увайшоў у прыёмную залу і, пакланіўшыся княгіні, сказаў:
– Вы клікалі мяне, Ваша Мосць?
– Так, хвіліну, – адказала княгіня, дапісваючы ліст.
Міхал убачыў Басю і пытальна паглядзеў на яе. Дзяўчынка адказала яму спалоханым позіркам і кіўнула ў бок княгіні. Кабета ўзнялася з-за стала і пачала казаць:
– Сёння да нас у рэзідэнцыю прыйшоў Годыеўскі і пачаў абвінавачваць тваю нявесту ў вядзьмарстве.
Юнак збялеў. Ён так збянтэжыўся, што нават не звярнуў увагі на тое, як назвала Басю княгіня.
– Аказалася, што адна з маіх паненак распавядала яму ўсё, што адбывалася ў гэтых сценах. Яна падслухала, як Бася казала мне пра тое, што каралева хутка памрэ. Даведаўшыся пра гэта, Годыеўскі прыйшоў сюды з абвінавачваннямі, і зараз табе неабходна вельмі хутка ўвезці Басю адсюль. Вам трэба паехаць як мага далей ад Кракава. Едзьце ў наш маёнтак у Лукішках. Я ўжо напісала ліст, каб вас схавалі і нікому не выдавалі, – княгіня працягнула Міхалу запячатаную сургучом паперу. – Там вы будзеце ў бяспецы. Я ўжо паслала да князя за падарожнай, а вы хутчэй збірайцеся. Сюды могуць прыйсці ў любую хвіліну.
З кожным словам жанчыны юнак рабіўся ўсё больш бледны – ён не чакаў пачуць ад яе такія навіны. Міхал бездапаможна паглядзеў на княгіню Альжбэту. Але ў наступны момант намаганнем волі ўзяў сябе ў рукі і сіплым голасам спытаў:
– Як мы паедзем з Кракава?
– Я загадаю сабраць воз, дзе вы схаваецеся, а потым, ад’ехаўшы ад Кракава, сядзеце на коней і паскочыце ў Вільню. Басі трэба пераапрануцца ў мужчынскае адзенне, каб вы былі менш прыкметныя, шукаць жа будуць дзяўчыну, а не хлопчыка. Зараз слугі прынясуць адзенне.