Пінхасік з цікаўнасцю схіліўся над картай Полацка, дастаткова падрабязнай, хоць не найноўшай — найноўшую ў Санкт-Пецярбургу аддрукавалі, Полацкае намесніцтва замацоўваючы. Гэх, які горад быў... З усяго свету купцы ехалі, варагі і шатландцы на вайсковую службу наймаліся... А сёння ледзь пяць тысячаў жыхароў набярэцца. Разбегліся многія, баючыся, што рэвізоры ў дворныя запішуць. А як трапіш у так званую рэвізскую сказку, няважна, хто ты — чыншавы шляхцюк, іншаземец, зямянін, мяшчук ці габрэй, — з месца не зрушышся i за самавольны ад’езд — турма...
— Пытаецеся, ці не было якіх правалаў, патопаў ды зрушэнняў зямлі? Дык увесь час нешта рушыцца, змій Левіяфан як павернецца ў нетрах зямных — дык i скура зямная трэшчынамі ідзе, а мазгі людскія зморшчваюцца...
Вось цяпер Вырвіч выразна бачыў падабенства паміж Пінхасікам i ягоным дзядзькам Давыдам Ляйбовічам, ну i стрыечны дзед, аптэкар Лейба, згадваўся... Востры розум і здольнасць гаварыць незразумелымі байкамі, дзівацтва і дабрыня...
— Вось тут казармы будуюць для расейскага гарнізона, — тыцнуў пальцам з абгрызеным пазногцем Пінхасік. — Шэсць ротаў нагналі... Для васьмісот чалавек паспрабуй пабудуйся. Зямлю грабуць як краты...
Лёднік сустрэўся паглядам з Вырвічам і адмоўна пахітаў галавою. Наўрад у тым месцы праходзяць сутарэнні, ніякай логікі.
— Вось тут частка берага ў Дзвіну абвалілася... — накіраваў палец у другое месца Пінхасік.
Лёднік зноў адмоўна пахітаў галавой:
— Вось гэтыя месцы нас асабліва цікавяць. Тут, тут і тут... — паказаў доктар туды, дзе вылічыў пазнакі Рэніча.
Пінхасік падумаў.
— Ну, хіба што тут здарэнне было — цясляр нагу ў падвале зламаў... Казалі, у магілу нейкую ўваліўся.
— У якую магілу, дзе? — адразу насцярожыўся доктар.
— У скляпеннях храма, што рамантуюць. У самым вялікім... Над Дзвіною.
— Які цясляр? Дзе жыве? — адразу ўчапілася, як пырнік за граду, Меланхолія. — Пагаварыць з ім можна?
— Ды на нашай вуліцы... У самым канцы... Гучок завуць, — заспяшаўся Пінхасік, з цікаўнасцю шнырачы позіркам па жанчыне з незвычайнымі вачыма і белымі, як снег, валасамі. — Яго ўсе ведаюць, ён самы высокі на нашай вуліцы, мусіць. Мая бабуля кажа, над ім, калі быў немаўлём, цэлы кубак віна ўверх выплюхнулі, каб рос... Пагаварыць можна, ён ужо ходзіць, толькі кульгае троху... Але зараз, відаць, на службе ў храме вашым.
— Аёй, аёечкі! — раптам падаў голас Агалінскі, ажно па пакоі ледзь не забегаў. — А я думаю, чаго Паланэйка запрашала да нас бамбізу нейкага? Разам з палкоўнікам пра нешта з ім гугукалі... Сказала, карэту нам напраўляў.
У Сафію рушылі ўчацвярых (бегма, каб паспець да канца службы): Вырвіч з доктарам і Меланхоліяй ды Агалінскі. Рэгінку ледзь змусілі застацца. А калі шпегі і ўвяжуцца, дык кадук з імі...
У храм зайшлі ціха — зусім не так, як належала шляхціцам. Шляхціц мусіць ісці, вядома, пачціва, галаву схіліўшы перад Айцом Нябесным і ахоўнікамі святымі, але і годна, адпаведна стану свайму, цокаючы падкоўкамі ботаў і кіруючыся ў першыя шэрагі вернікаў. Гасподзь бачыць, хто болей ахвяруе ў славу ягоную!
Але, па-першае, яны ганебна спазніліся да пачатку вячэрні, а за такі грэх належала каяцца, а не наперад пхнуцца. Па-другое, Агалінскі быў каталіком i, каб не патрэба, да схізматыкаў не пасунуўся б... А па-трэцяе, і Вырвіча, і Лёдніка ўсё-ткі жыццё навучыла памятаць пра біблейскіх мытара і фарысея, бо менавіта мытар, які не наважваўся зайсці ў храм далей парога, і быў у вачах Госпада вартым вернікам, а не праведны фарысей, які ганарыста шыўся ля алтара...
У зале стаяла будаўнічае рыштаванне, ля сценаў грувасціліся бочкі і скрыні, пахла фарбай і свежай тынкоўкай...
— Шпег за намі, вунь той, у юлёвай світцы з сінім пасам... — прашаптала на вуха Лёдніку Меланхолія.
Вырвіч, які стаяў побач, пачуў, азірнуўся... Сапраўды, стаіць спадар у юлёвым, непрыкметны такі, бялявы, твар пляскаты. Другі раз сустрэнеш — не пазнаеш.
— А вунь наш цясляр... — кіўнула наперад Меланхолія.
Калі спіны разагнуліся ад паклонаў, адразу заўважыўся боўдзіла, які, хоць і прыгорбліваўся, узвышаўся над усімі. Світка звісала з кашчавых плеч, як з жэрдкі.
Калі вячэрня закончылася, цясляр заставаўся сярод апошніх вернікаў. Падыходзіў да ўсіх абразоў, пакульгваючы, маліўся, прыкладаўся...