Нарэшце цесляра Гучка ўдалося з дапамогай Меланхоліі і пяці шэлегаў адлавіць і завесці ў ціхі цёмны кут пад ярусам будаўнічага рыштавання. Бамбіза пацвердзіў гісторыю: шчыраваў у сутарэннях, замовілі насціл зрабіць ля сцяны, каб хоць неяк прайсці можна было. Рамантуюць жа храм сур’ёзна... Сама Кацярына II пасля свайго візіту ў Полацк даслала шчодрыя грошы на Сафійку... Бо хто толькі яе, Святую Сафію над Дзвіною, не паганіў, не спрабаваў зруйнаваць, пераасвяціць у іншую веру, перабудаваць на свой лад. Іасафат Кунцэвіч, біскуп уніяцкі, як летапісца сцвярджае, «у чатырох рагавых вежах непатрэбныя вярхі, якія царкве ніякай красы не дадавалі, скінуў, а сярэднюю вежу, прыгожа аздобіўшы, зрабіў яшчэ больш высокай». Жаўнеры Пятра I у час Паўночнай вайны зладзілі ў храме склад пораху, ды рванула ладненька — выбух пашкодзіў скляпенні, адну сцяну, левы бакавы алтар, падмурак і калоны. Нядаўна з’явілася ўніяцкая базіліка і дзве шмат’ярусныя вежы. А цяпер вось зноў усё перабудоўваецца...
Дык вось, ушчаміўся небарака Гучок адной нагой у дзірку — цагляная падлога правалілася... Выпаўз неяк, прыбегла начальства, паглядзелі ў пралом, пасвяцілі... Смецце, друз... Вырашылі, нечая магіла выявілася. Ну а калі чалавек у саборы пахаваны — неадменна святы, і вялікі грэх ягоны прах турбаваць. Пакуль што саборнаму начальству не да скляпенняў, тут бы наверсе справіцца. Дошкамі правал заклалі, памаліліся, дый усё...
А нядаўна запрасіла Гучка да сябе пані адна, вельмі важная, і пан, таксама важны, суворы... Распытвалі пра здарэнне ў скляпеннях. Грошай добра далі, ажно срэбны паўгрош, літасцівыя панове.
Што ж, на срэбных вёслах куды хочаш даплывеш... Тры талеры для царкоўнага старасты адчынілі бандзе Чорнага Доктара дзверы ў сутарэнні....
— Ідзіце, маліцеся, паны, над пахаваннямі святых айцоў... Не вы першыя. Хто яшчэ быў? Ды перад ранішняй службай прасіліся былі яшчэ двое паноў, адзін высокі, чарнявы, другі шчуплы, бязвусы... Спусціліся ў скляпенні. Калі выйшлі? А хто ж іх пільнаваў... Калі ім трэба, тады і выйшлі. Госці шчодра заплацілі, каб ніхто не падглядаў і дзверы за імі не зачынялі. Перад вячэрняй стараста ў сутарэнні спускаўся праверыць, ці не ўтварылі паны чаго. Пуста было.
...Свечка ў ліхтары Чорнага Доктара выхоплівала з цемры пазелянелую цэглу, шэрае дрэва абламаных бэлек, горы смецця... Агалінскі, не вагаючыся, ці шляхецкая гэта справа, адкінуў убок дошкі, якімі быў закладзены правал у каменнай падлозе, меркаваная магіла святога, і сігануў уніз, абдзіраючы бакі. Усё-ткі самы мажны з кампаніі. Але ж пралез, вар’ят. На шчасце, правал аказаўся неглыбокім, якраз у рост чалавека. Лёднік, стрымаўшы незадаволенае буркатанне, падаў пану Гервасію ліхтар. Агалінскі, з цяжкасцю прыгнуўшыся ў цеснай яміне, пасвяціў вакол...
I раптам як загарлае:
— Паланэ-эйка! Золатка маё, ты тут?
Гук быў незвычайна раскацісты... У адказ — злавеснае маўчанне.
Агалінскі падняў да спадарожнікаў сумны твар...
— Прагал тут... Канца не відно. Дакладна яны тут праходзілі. — Выцягнуў наверх вольную ад ліхтара руку — у пальцах быў заціснуты нейкі шматок. — Ад ейнага каптанчыка... Аб камень абадралася, калі пралазіла.
У голасе пана гучалі разгубленасць i туга.
Лёднік перахрысціўся, зірнуў на пасур’ёзнелую Гальшку, на Пранціша...
— Ну што, настаў час завяршыць гісторыю рамфеі. Барані нас, Прасвятая Багародзіца, заступіся, Святая Еўфрасіння, апякунка зямлі беларускай...
I сутарэнні праглынулі новых ахвяр.
Раздзел адзінаццаты
I ЗНОЎ ПОЛАЦКІЯ СУТАРЭННІ
Простыя людзі вераць, што праз цень можна нешта зрабіць з чалавекам.
Калі хворага вынесці на дошцы пад зыркае сонца, абвесці ягоны цень вугальком і потым дошку спаліць, хвароба таксама спаліцца.
А калі чалавек першы раз зойдзе ў свой новы дом ды стане супроць сонца, цень паселіцца там замест яго, забярэ ягоную душу... А былога свайго гаспадара са свету выцісне.
Цікава, колькі людцаў гэтак жывуць-балююць, не падазраючы, што яны насамрэч цені са скрадзенымі душамі?
Вось у ваўкалакаў, ведзьмакоў ды ўсялякай нечысці ценю няма...
Гальшка Маеўская, дзякуючы, вядома, высілкам змагара Ясючка, вядзьмаркай больш не была.
Прынамсі, ад яе тонкіх моцных пальцаў, якія складаліся ў дзіўныя фігуры перад лятарняй з запаленай свечкай, на сцяне сутарэння ўтвараліся выразныя цені...
Сапраўды, нешта падобнае да вершніка на кані слізганула па сцяне, збудаванай, магчыма, яшчэ тады, калі горад Палатэск заваёўваў брат шведскага караля Эрык Б’ёрнсан, пра што напісаў паэму скальд Альв Маленькі.
У Меланхоліі не хапала аднаго пальца, але гэта не перашкаджала ёй спрытна скручваць фігуры, якія агеньчык свечкі ў лятарні, пастаўленай на каменныя пліты, ператвараў у жывых насельнікаў ценевага свету...