Пранціша калісь нянька Агата па руках біла, калі ён спрабаваў паказваць на сцяне зайчыкаў і сабачак: няма чаго з ценем гуляцца, захварэе яшчэ дзіця!
Але Меланхолію біць па руках было позна і дарэмна. Адзін Лёднік мог з шалёнай кабетай зладзіць. Вось ён ляжыць на баку, бы які турэцкі султан, толькі не на кіліме, а на голых камянях, падклаўшы пад галаву сваю валізку, і сумна-пяшчотна назірае за прадстаўленнем, зладжаным дзеля яго...
Як бы ні рваліся даследчыкі сутарэнняў наперад, мусілі спыніцца на прывал... Надта цяжкі шлях. Вырвіч памятаў, як яны шмат гадоў таму апынуліся ў дыхтоўным такім праходзе, карэта магла праехаць... Тут давялося шчаміцца праз завалы, бы кратам, прабірацца цераз груды камянёў... Як Алесь і Паланэя наважыліся сюды перціся? Праўда, калі той праход, у які трапілі праз пограб дзядзькі Лейбы, нагадваў лабірынт, тут быў адзін просты кірунак. Мусіць, мніхі Святой Сафіі хадзілі... I быў спадзеў, што гэтым шляхам яны хутчэй дойдуць да бібліятэкі і знойдуць заблукалых авантурнікаў.
Вось іх кароткі адпачынак — на ім настаяў самавіты маршалак менскі, цвяроза ацаніўшы стан каманды, — Меланхолія і выкарыстала, каб зладзіць тэатр.
Герой балады, якую яна прагаворвала-напявала, слаўны вой Ратмір, вяртаўся дамоў з вайны да дзетак і жонкі... Але спакуса напаткала харобрага воя сярод дзікага лесу.
— Як мы служылі на Аршаншчыне, я бачыў падобнае, — ляніва падаў голас Пранціш, якога трохі раздражняў пяшчотны, ледзь не захоплены выраз твару Лёдніка, адрасаваны Чуме. — Там разам з валачобнікамі ходзяць яшчэ і лялечнікі. Носяць скрыню, у якой набітыя вострыя колікі, якія можна паварочваць. Да кожнага коліка прымацаваная фігурка коніка, абцягнутая сукном. А на вялікім белым коніку ў цэнтры — вершнік, Святы Юры. Лялечнікі трасуць сваю скрынку, фігуркі круцяцца...
— Не, васпане, — прабуркатаў Агалінскі, які прываліўся спінай да груды цэглы, — прадстаўленне пані Лёднікавай дакладна падобнае да тае штукі, якой захапляўся яго княская мосць Геранім Радзівіл. Ён цэлы флігель пад такі тэатр ценяў адвёў і нават сам яго паказваў. Толькі не на пальцах, а з дапамогай выразаных з паперы фігурак.
Бутрым нат не зварухнуўся, а Меланхолія ніяк не азвалася на заўвагі... Працягвала варушыць рукамі перад лятарняй, быццам сплятала нябачную павуту.
Цені на сцяне полацкіх сутарэнняў звіваліся і выцягваліся ад дрогкага агеньчыка, і здавалася, сапраўды таньчаць двое: рыцар, і русалка, з якой ён ажаніўся і забыўся на час і прастору...
— Ці не пра вас з Бутрымам гэтая казка? — не стрымаўся Вырвіч.
Меланхолія толькі броўца белае выгнула насмешна, зараза. Трое мужыкоў здаровых задыхаліся, прабіраючыся то лазам, то плазам, ну, можа, аматар трэнінгаў Бутрым трохі меней здарожыўся. А яна як званочак.
— Hi разу не ўдалося ўгаварыць нашага доктара са мной станьчыць, хоць рыгадон, хоць паланэз, хоць мяцеліцу... I ніколі ён не забудзецца ні на сям’ю, ні на абавязкі свае.
Апошняе прагучала досыць сур’ёзна... Баўтрамей маўчаў, гледзячы на жонку, наколькі можна было зразумець у прыцемку, сумна і трохі вінавата.
Вырвіч глядзеў на дзіўную парачку, і ў галаве сачынялася... Пра ганарыстую моцную прыгажуню, якая гатовая да самоты і смерці, абы быць толькі з тым, каго абрала...