— Чакай, калі ўсё зачынена, значыць яны сюды не ўвайшлі? — Вырвіч дарэмна шукаў хоць шчыліну паміж падагнанымі — лязо не ўшчыміць — плітамі.
— Куды ўвайшлі? — насцярожыўся Гервасій.
— Тут адчыняецца праход у полацкую бібліятэку... — неахвотна патлумачыў доктар. — Саламея паказвала, як запусціць механізм... Алесь з Паланэяй таксама мусілі так.
Вырвіч азірнуўся: у куце ўсё яшчэ ляжала бервяно, тоўсты пашарэлы камель на каламажцы з вяроўкай, які Іван Рэніч выкарыстоўваў замест дапамогі другога чалавека.
Бо праз гэтыя дзверы належала праходзіць дваім... Дваім, што звязаныя плоццю, крывёю ці духоўнай еднасцю.
— Давай паспрабуем... — кіўнуў Вырвіч Баўтрамею. — Я памятаю, што рабіць.
Чорны Доктар змрочна пахітаў галавой:
— Саламея прысягнула бацьку, што, калі сюды прыйдзе, учыніць як належна... Каб сапраўднае выпрабаванне душы... Я спадчыннік ейных ведаў і прысягаў. Так што...
Бутрым стаў на адзін з каменных квадратаў, крайні справа. Зірнуў на Меланхолію пільна, сувора, цяжка:
— Галена, можаш прысягнуць, што будзеш у бліжэйшы час рабіць усё, як я кажу?
Белавалосая, адчуўшы важкасць моманту, падняла руку:
— Душой прысягаю.
— Стань вунь на тую пліту... — паказаў на квадрат ля супрацьлеглай сцяны, аддзелены ад яго яшчэ двума.
Гальшка, ні пра што не пытаючыся, рушыла туды, куды паказаў муж. Як шахматная фігура. Але якая? Пешка? Афіцэр? Каралева? Пакажа гульня.
Нейкі час нічога не адбывалася... Потым пачуўся агідны скрогат — і пліта пад Бутрамеем абрынулася ўніз, прычым доктар не зрабіў нават спробы выратавацца. Пранціш ледзь паспеў утрымаць Агалінскага — памятаў, што ўмешвацца нельга.
Хоць усё адно не паспелі б умяшацца... Былая наймічка-забойца, як толькі яе сужэнец знік у прорве, маланкава скочыла следам, на пліту побач... Як калісьці Бутрым за Саламеяй, якая яму такі ж іспыт учыніла.
I таксама знікла ўнізе.
— Вырвіч, ты што, здурэў? — вырваўся Гервасій з маршалкавай хваткі. — Давай ратаваць!
Але ратаваць не спатрэбілася. Зноў пачуўся агідны скрыгат, потым над прагалам паказалася чорна-сівая галава Лёдніка... Потым — белыя валасы Галены-Чумы... Пліты, што праваліліся ўніз, павольна падымаліся. Як i мінулы раз. Як тады тлумачыла Саламея, гэта выпрабаванне павінна давесці, што прэтэндэнт на званне захавальніка таямніцы сутарэнняў гатовы ахвяраваць сабою дзеля бліжняга. Калі не скочыць за спадарожнікам — не спрацуе механізм, які адчыняе дзверы.
А вось ён і спрацаваў. Разам з тым, як пліты падымаліся, рассоўвалася сцяна за імі...
Наколькі Вырвіч памятаў, рассунецца яна ненадоўга.
Але — што такое? Падымалася з прорвы больш чалавек, чым упала. Лёднік прыціскаў да сябе абвіслае цела Алеся, Меланхолія — такое ж непрытомнае цела ў блакітным каптанчыку...
— Паланэйка! Золатка маё!
Агалінскі паставіў ліхтар на падлогу і кінуўся да Меланхоліі, адбіраючы ў яе незвычайную ношку. Пранціш паспяшаўся дапамагчы Лёдніку. Ніхто не зважаў, што прагал у сцяне, гэты доўгашуканы таемны ход, зноў зачыняецца. Алеся і Паланэю паклалі на падлогу, адцягнуўшы ад здрадлівых квадратаў.
— Што з імі?! — пракрычаў Агалінскі, абмацваючы сваё авантурнае непрытомнае золатка.
— Жывыя. Але асфіксія, — коратка кінуў доктар. — Трапілі ў герметычнае памяшканне. Каб яшчэ трохі...
Сапраўды, абліччы ахвяр былі сіняватыя, наколькі можна было разгледзець у цьмяным святле свечак, вусны бледныя... Але абое, хоць і ціхенька, але дыхалі.
— Галена, расцірай жанчыну! Вушы, грудную клетку... — скамандаваў доктар, і Меланхолія ўзялася за Паланэйку, камандуючы Амерыканцам, які паслухмяна выконваў загады. Пранціш ліхаманкава адшукваў у Лёднікавай валізцы паводле адрывістых камандаў доктара патрэбныя мікстуры, уліваў у ссінелыя вусны абаіх ахвяраў належную колькасць кропляў...
— Хоць бы мозг не паспеў пашкодзіцца... — мармытаў Чорны Доктар, націскаючы на пэўныя кропкі на шыі сына.
Вырвіч памятаў, як яны з Бутрымам самі пабывалі ў такім становішчы — калі Тызенгаўз загадаў суткі трымаць іх у «Жалезным Змеі», падводным чоўне, у глыбінях Тураўскага падземнага возера. Таксама прытомнасць страцілі... Але, як толькі іх выцягнулі, абодва хутка ачунялі і заскакалі, як дроздзікі. А гэтыя ляжаць. Сапраўды, ці не позна?
Першай ачомалася Паланэйка. З нейкім свістам, захлынаючыся, глыбока ўцягнула паветра ў лёгкія, скаланулася, заперхалася... На шчасце, пачаў курчыцца, хапаць ротам паветра і Алесь. Ну, пяты не задзяруць...
Агалінскі абняў збеглую жоначку:
— Як ты магла, золатка маё? Удвох з гэтым цыркулем насатым...
Багінская мела сорам апусціць вочы і нешта вінаватае прамармытаць.
— Ды як вы трапілі ў гэную яміну? Ты ж увесь час казала, што ўсе хітрыкі гэтага месца ведаеш лепей за доктара!
Паланэйка стральнула вачыма ў бок Алеся Ледніковіча, які паўляжаў, абапёршыся локцямі аб падлогу, і спрабаваў пераадолець задышку.
— Трохі збіліся са шляху... Не туды ступілі...
Амерыканскі палкоўнік між тым паспрабаваў нешта намацаць на сваім баку, пад бравэркай... Усё настойлівей... Закруціўся...
— Вось гэта шукаеш? — Чорны Доктар паказаў сыну нешта вузкае, даўжынёй у дзве далані, загорнутае ў белую хустку.
— Аддай, калі ласка!