Алесь працягнуў руку... А Паланэйка дык уся рванулася, нат на імгненне падалося, што на скіраваных у бок доктара ейных пальцах — востранькія даўжэзныя звярыныя кіпці.
— Доктар, дай сюды!
Лёднік, аднак, імкліва адхіліўся і падняў загадкавы прадмет над сабой.
— Значыць, паспела спадарства дайсці да канца. Здагадваюся, чаму сутарэнне вас не выпусціла. На выхадзе пачалі біцца за здабычу... Замест таго каб адно аднаго ратаваць.
— Гэта ўсяго толькі механіка! — падціснуў вусны Ледніковіч. — Трэба адначасова націснуць на крайнія пліты, потым цяжар з крайняй левай перанесці на другую справа...
— Нешта не дапамагло табе веданне гэтай механікі, сын, — сурова прамовіў Лёднік. — Падобныя святыні самі вырашаюць свой лёс. Лёс гэтай — ахоўваць нашу зямлю. Рамфея не павінна пакідаць Полацак і пераходзіць да нейкага славалюбца.
— Мой пан брат найлепей паслужыць як выратаваўца роднай зямлі з гэтай святыняй! — вочы Паланэйкі гарэлі ў цемры драпежным агнём.
— Золатка маё, твой пан брат, пры ўсёй маёй павазе да яго як цяперашняга вялікага гетмана, прайграў усе магчымыя бойкі, а вынаходніцтва педалі для арфы для яго важней за любую баталію! — нахмурыўся Агалінскі. — Князь Караль Радзівіл — вось хто сапраўдны правадыр шляхты!
— П’янтос i манюка! — адрэзала Паланэйка. — Нават ля азёраў Мінесоты смяюцца з ягоных байкаў, як ад русалкі селядцоў нараджаў.
Усчаліся звады ды перавады.
— Чакайце, панове, — з цяжкасцю ўзняўся Алесь Лёднік. — Я быў пэўны, што мы дамовіліся і што ў нас аднолькавая мэта... Здабыць рэліквію, якая асвеціць стварэнне новай ліцвінскай дзяржавы, і перадаць яе ў рукі слаўнага вайскаводцы Касцюшкі, які згодны зноў адправіцца ў Амерыку!
— А хто такі твой Касцюшка?! — вызверылася Багінская. — Без роду і племя... Нічым не лепшы за амерыканскіх шаўцоў ды булачнікаў, што да ўлады дарваліся. Рамфея мусіць быць у высакародных руках!
— Рамфея не будзе ні ў чыіх руках, — важка сказаў Баўтрамей Лёднік, і Пранціш стаў за ягоным правым плячом, дэманстратыўна паклаўшы руку на дзяржальна Гіпацэнтаўра.
А злева ахоўвала мужанька Меланхолія, і ўсмешачка на ейным дзёрзкім твары была пяшчотнай, як пялёсткі атрутнай расліны аканіту, а ў вачах змяняліся бяздонная цемра і срэбная паверхня месяцовай вады.
Напэўна, душы святых мніхаў, што прыходзілі ў таемную бібліятэку з Сафійскага сабора, цяпер бязгучна маліліся па кутах сутарэння за аблуднікаў, бо карціна малявалася нядобрая, такія заўсёды здараюцца ў вірах, дзе наіўныя спадзяюцца адшукаць сусветную справядлівасць: сын ідзе на бацьку, жонка — на мужа... А справядлівасці, адной на ўсіх, усё няма і няма, не здабываецца яна, зараза...
Вырвіч быў гатовы загінуць, але не дапусціць грэшнай бойкі, дзе не акажацца пераможцаў... Аднак сцэну, вартую пяра англійца Шэкспіра, перарвалі самыя нечаканыя ў гэтым месцы гукі. А менавіта сабачы брэх.
Ён набліжаўся, хутка пачуліся і чалавечыя галасы:
— Пан ваявода, сюды!
Тадэвуш Жаба спраўджваў сваю пагрозу... Не надта, відаць, спадзяваўся, што шукальнікі рамфеі паслухмяна перададуць яму святыню. Але ж дадумацца — сабак у сутарэнні храма пусціць! Якое кашчунства! Вось ужо пятка сораму не мае...
Сабачы брэх і галасы пагоні ўсё набліжаліся, цяпер было зразумела, што рухаецца даволі вялікі атрад. Уцякаць? З сабакамі высачаць. Прыняць бойку? Мала шанцаў. Мусіць, і ля выхада, на выпадак, калі праб’юцца, засока... Як ні варочай, адно аднаго карочай...
— Бутрым, станавіся на правую пліту! — крыкнуў Пранціш, ступаючы на крайні левы камень перад таемным уваходам.
Сапраўды, нічога больш не заставалася.
Пасля ўсіх фокусаў з апусканнем-падняццем плітаў у сцяне зноў утварылася шчыліна... Усе шасцёра ледзь паспелі ўскочыць, Агалінскаму самы краёчак палы каптана зашчыміла, давялося абразаць кінжалам... На шчасце, дзверы таўшчэзныя, звонку не будзе відно шматка на знак ворагам... Нават гукі па той бок сцяны як адрэзала: тут панавалі ціша і цемра.
Меланхолія ўмудрылася пранесці непагашаную лятарню — у астатніх свечкі загаслі. Падняла агмень вышэй...
Яны зноў, як трыццаць год таму, знаходзіліся ў зале Страшнага Суда.
Вось тая фрэска ў куце з выявай нячыстай сілы і груда камянёў — наведнік мусіў кінуць камень у пысу ўвасаблення зла... I тым улучыць яшчэ адзін механізм.
Цяпер пыса д’ябліка была канкрэтна патрушчаная: калісьці Герман Ватман, уцяміўшы пра механіку, запусціў яе вельмі проста — чаканам. Саламея абуралася.
Здаецца, Алесь і Паланэя таксама не сентыментальнічалі, праходзячы тут, абышліся без малітваў і кленчання. Нe вагаўся і Лёднік, стукнуўшы дзяржальнам шаблі ў агіднае аблічча, якое ледзь угадвалася пад шчарбінамі.
— Я хачу жыць у краіне, дзе лекар не мусіць трымаць у руках зброю, — скрозь зубы прагаварыў Бутрым... I пайшоў у прагал, які ўтварыўся ў сцяне пасля націскання на пысу нячыстага.
Пранціш ведаў, куды кіруецца сябар, і намерваўся ўсяляк спрыяць яму ў гэтым... Бо пані Агалінская і дактаровіч відавочна жадалі доктара спыніць. А Меланхолія проста ішла за ім, ні пра што не перапытваючы, асвятляючы яму дарогу і гатовая абараніць, нават зноў ад ягонага ўласнага сына.