Вось і наступная зала каменнага лабірынта, збудаванага невядомымі дойлідамі. Вузкая, доўгая... Саламея Рэніч назвала яе залай Надзеі. Тут належала прайсці па дарожцы з чырванаватых плітак у локаць шырынёй, ні на вяршок не саступаючы... Бо зрабі некалькі крокаў — і пліты абапал дарожкі абрушацца, і толькі тыя госці сутарэння, што на той дарожцы стаяць, ацалеюць...
Калісьці Саламея скінула туды, у прорву залы Надзеі, Германа Ватмана, які хацеў адняць у яе рамфею. А заадно забраць і яе саму — дакляраваў зрабіць баранэсай ды пасяліць у сваім замку ў Сілезіі. Маўляў, любіць коней і жанчын з характарам.
Як жа добра, што Багінская не скарысталася такой магчымасцю пазбавіцца Алеся Лёдніка... Сумленне не зусім памерла ці не наважылася застацца адна, пакуль не выберуцца з небяспечнай прасторы?
Яны запалілі ўсе свечкі ва ўсіх чатырох ліхтарах, што ўзялі з сабою — калісьці тут меліся падрыхтаваныя даўнейшымі мніхамі паходні, але іх скарысталі яшчэ мінулым разам.
Лёднік ішоў па вузкай сцежцы над прорвай першы, хутка, амаль бег, яго спіну вартаваў Пранціш, за ім мяккімі рысінымі крокамі рухалася Меланхолія, якая ўмудралася і сачыць за спадарожнікамі, што ішлі за ёю. Вырвіч не сумняваўся, што яна апярэдзіць любы іх кепскі намер.
Пасля выпрабавання Любові, Веры і Надзеі адкрывалася зала Мудрасці, Сафіі, а шлях туды вядзе толькі праз смірэнне. Так што механізм спрацоўваў, калі наведнікі ўкленчаць. А тады — плазам, праз вузкі брудны лаз...
Пранціш не думаў, што калі-небудзь зноў пабачыць старажытную бібліятэку полацкага Сафійскага сабора, якую дарэмна шукалі і пасланцы Івана Жахлівага, і езуіты Стэфана Баторыя. Высачэзныя скляпенні губляліся ў цемры, ад чаго здавалася, што столі тут няма. Паліцы зморанага дубу. I кнігі, кнігі, кнігі... Таўшчэзныя тамы ў скураных вокладках, пакарабачаных ад часу, металёвыя футаралы для скруткаў, інкунабулы... Скарбніца мудрасці была нежартоўна разгромленая, калі яны з Бутрымам біліся тут з Ватманам. Пранціш тады бесклапотна шпурляў у белавалосага прусака таміну за тамінай — у палёт адпраўлялася жыціе святой Фяўроніі ці таемны алхімічны кодэкс...
Кнігі аказаліся вельмі дзейснай зброяй. Асабліва ў пераплётах з металёвымі накладачкамі.
За прамінулыя гады тут усё яшчэ больш прыцярушыла пылам: і сталы з цёмнага дубу, за якімі мніхі вывучалі рукапісы, і амаль сатлелыя балахоны, у якія пачцівым наведнікам належала пераапранацца, і самі кнігі, частка якіх так і валялася на падлозе... Калісьці Лёднік і Саламея ледзь не стагналі, успамінаючы, якія багацці мудрасці змушаныя былі тут пакінуць... Нат паразглядаць не ўдалося. Цяпер на гэта зноў неставала часу.
Лёднік упэўнена кіраваўся да маленькай нішы ў сцяне, схаванай паміж паліцамі, — раней яе маскіравалі кнігі, якія цяпер былі няўважна паскіданыя на падлогу. Куфэрак з пашарэлай драўніны, просты, някідкі, стаяў там з адкрытым вечкам... Хоць, магчыма, быў ён зроблены з драўніны якогась святога дрэва і таксама зяўляўся рэліквіяй... Але, як заўсёды, чалавек зрывае доўгашуканую яркую кветку і топча па дарозе ўсе іншыя.
Доктар укленчыў, перахрысціўся, паклаў у куфэрак адабраны ў Алеся скрутак, для вернасці асцярожна разгарнуў, каб упэўніцца, што няма падмены і падробкі — у святле ліхтароў Вырвіч зноў пабачыў трэснуты наканечнік дзіды, перацягнуты срэбным дротам. Яна... Рамфея... Асвячоная крывёй Збавіцеля. Тая, з якой каранаваліся візантыйскія імператары... Скрадзеная ў Палесціне паслом Аляксандрам Солтанам і прывезеная ў Беларусь. Тая, што дае незвычайную ўладу над лёсам і сэрцамі ды непераможнасць у бойках. Дзіва што магнаты свету горлы адзін аднаму гатовыя паперагрызаць за яе.
Пранціш, які таксама ўкленчыў, азірнуўся: Агалінскі стаяў на каленях, апантана жагнаўся, а твар у яго быў такі захоплены... Ёсць спадзеў, што ўдасца пана ўтрымаць ад ганебнай бойкі. Паланэя і Алесь таксама ўкленчылі... Ледніковіч змрочны і зацяты, а ў Паланэйкі вочы гараць, уся напружаная, гатовая кінуцца... Толькі касавурыцца на Меланхолію, якая сціпла прытулілася ў куце так, каб бачыць адразу ўсю кампанію.
Бутрым акуратна заставіў нішу з куфэркам кнігамі і ўзняўся. Астатніх, акрамя Агалінскага, як на спружынах уверх падкінула. Загаварылі ўсе адразу... Лёднік падняў руку і ўжыў свой «прафесарскі» тон, які змушаў сціхаць і не такія раз’ятраныя і куды большыя натоўпы.