I праўда, устаўленая ў нішу адмыслова сагнутая жалязяка адным канцом упіралася ў выёміну ніжняга бока нішы, другім падпірала заднюю сценку.
— Бацька, калі ласка! Пашкадуй хаця б пані Галену!
Бутрым асцярожна адняў даланю... Меланхолія па яго кіўку зрабіла тое ж самае... Каменны дождж працягваўся і ўзмацняўся. Нешта пад нагамі страшна загуло...
— Бяжым!
Алесь ірвануў доктара за рукаў... Той паспеў яшчэ прыпасці вуснамі да шэрага куфэрка, якому належала застацца ў полацкай зямлі навечна...
Яны беглі, захінаючы галовы рукамі, у святле адзінай свечкі ў лятарні Меланхоліі. Але перад самым уваходам, які быў зачынены, і гэтую лятарню спасціг сумны лёс: камень трапіў у шкло, свечка згасла... Цемра была на гэты раз шумлівай і ад таго яшчэ больш страшнай.
— Каб выйсці, трэба націснуць адначасова на выступы ў сцяне... На ўзроўні локця ад зямлі... — задыхаючыся, пракрычаў доктар. — Давайце паспрабуем намацаць...
Але спрабаваць не давялося: нешта заскрыгатала, пачуўся скразняк...
— Усё, я адчыніла дзверы! За мной!
Пранціш адчуў хватку Меланхоліі на сваім рукаве... Давялося слухацца і ісці... Дакладней, паўзці ў пракаветнай цемры туды, куды вядзе Чума.
— Халера, лаз, здаецца, паменшаў... Друзу навалілася... Скідайце ўсё, што можна! — скамандавала Меланхолія.
Сапраўды, згадвалася біблейская прыпавесць пра вярблюда і вушка голкі... Пранціш ледзь не застаўся коркам у сцяне, нават скінуўшы камзол, камізэльку, пас... Сарамацішча! Бутрым за рукі цягнуў, Алесь у ногі падпіхваў... Вырвіч у чарговы раз паабяцаў сабе ўзяцца за трэнінгі. Калі выберуцца адсюль, вядома.
Як толькі вязні сутарэнняў, на гэты раз прыпадобненыя да кратоў і сваёй аслепласцю, выпаўзлі ў другую залу, за спінай зноў нешта скрыгатнула, грукнула і шум ззаду сціх. Значыць, каменная пліта апусцілася, зноў схаваўшы праход... Які цяпер вёў у нікуды. Бывай, полацкая бібліятэка...
Але падобным жа быў і шлях наперад — у нікуды. Вырвіч углядаўся ў цемру, прад паглядам мітусіліся нейкія плямы — але гэта былі ўсяго толькі хімеры аслеплых вачэй. Пагукалі Агалінскіх... Маўчанне. Ці перайшлі ўжо ў наступную залу, ці загінулі? Тут жа тая самая чырвоная дарожка ў локаць шырынёй, з якой нельга саступаць, іначай абрынешся ў прорву...
— У каго-небудзь ёсць свечкі? — папытаўся Пранціш.
— Што не скарыстаў, тое згубіў... — глуха адказаў Алесь.
— Валізка там засталася, — адрывіста зазначыў Лёднік.
Вырвіч таксама нічым не дапамог — усе прыпасы былі ў схінутай бравэрцы.
Меланхолія, якой не давялося распранацца да кашулі, прамармытала пра крэсіва, зашнарыла па адзежы... Але тут жа пачала лаяцца: акрамя дзіркі, нічога — скураная магалейка з крэсівам, крэменем і кнотам таксама прынесеная ў ахвяру полацкаму сутарэнню...
— Слухай, Бутрым, а гэтая зала не абрушыцца? — занепакоіўся маршалак, бо гуд і дрыжэнне пад нагамі не спыняліся.
— Не ведаю... — голас Лёдніка гучаў даволі трывожна. — Трэба як мага хутчэй выбірацца... Памятаеш, тут паходні былі, на падстаўках...
— Больш няма, — спакойна азвалася Меланхолія. — Пустая падстаўка, адна абгарэлая дзеравяшка ўнізе валяецца.
У Вырвіча па спіне цэлы мурашнік адправіўся на шпацыр. Значыць, яна праўда бачыць у цемры! Як Герман Ватман, які спрабаваў іх тут забіць, згасіўшы ўсе паходні. Маршалак уявіў, што зараз угледзіць, як у змроку вочы Чумы свецяцца, перажагнаўся...
— Няма часу шукаць, што і як падпаліць. Я вас перавяду... — голас Меланхоліі гучаў так, быццам яна сядзела ў альтанцы расквітнелага саду і пацягвала з філіжанкі каву пад рулады салаўёў. — Мабыць, лепей па адным, так бяспечней. Аляксандр, ты першы. Трымайся за мяне, старайся ступаць крок у крок.
Вырвіч аказаўся ў чарзе апошнім... Давялося нарэшце патрымацца за Чуму — пругкая, як рысь, гарачая... Вырвіч з сорамам і віной прызнаўся сабе, што дзеўка, як ён ні намагаецца пагардліва яе аблаяць, па-ранейшаму яго вабіць... Што ж, грэшныя думкі і святым у галовы прыходзілі, галоўнае — з імі ў час расправіцца і не даць прарасці. Дамініку, разумніцу ягоную, ніхто Вырвічу не заменіць.
У зале Страшнага Суда нарэшце з’явілася святло... Там сядзелі Агалінскія і лаяліся. Моцна. Нават пры сведках не адразу перасталі.
Першае, што сказала выпаўзням з падземнай пасткі Паланэйка:
— Дзе рамфея? Як — там засталася?! Пенцюхі! Ёлупні! Лісцімоны! Дурні, саломай напханыя! Аляксандр, ты што, забраць яе не мог? Васпан мякінай думае?
Брэша як клін чэша.
А Пранціш слухаў звягі княжны і не мог стрымаць радаснага смеху — яны ўсе жывыя! I рамфея ў бяспецы. Цяпер — і назаўсёды.
Раздзел дванаццаты
ЯК ВЫРВІЧ УПЭЎНІЎСЯ, ШТО НЕДАРЭМНА КУПІЎ KITA
Антычны грэк Дыяген Лаэрцкі, а гэта зусім не той упарцец, што ў бочцы жыў, выкрыў у сваёй кнізе мудраца Піфагора як вартага жалю шалбера.
Барадаты станісты Піфагор сцвярджаў, што чуе музыку сфераў: усе планеты рухаюцца па сваіх арбітах, кожная гучыць як музычны інструмент і ўсе іх мелодыі зліваюцца ў нябесным аркестры, якому, заўважце, ніхто не плаціць.