«Передай там, что мы требуем телевизор! — сказаў Віталік. — Я без ящика заснуть не могу».
Нямона Ліза зьнікла, нехта з жанчын выключыў сьвятло, і толькі тады ў цемры зарагатаў Цімур: «Нормально ты ее. А что, это идея, надо у них все время чего-то требовать. На нервишках поиграть у девок».
«Ага, на нярвішках, — пачуўся сонны голас Рыгора. — А потым нярвішкі ня выдзержаць, і якая-небудзь Патрашыцельніца табе ў жопу ўсю абойму выпусьціць. Не, я хачу адсюль жывым выйсьці, скажы, пісацель?»
Але я зрабіў выгляд, што сплю.
13. Белая муха
…І зноў мне шаснаццаць. Я жыву на ўскраіне гораду. Учора я выбіваў дываны і пазнаёміўся зь дзяўчынкай, якую перавялі ў нашу школу — і вось ужо думаю толькі пра яе. Тую, якая зробіцца Босай. Босай ведзьмай.
На другі дзень мы зноў сустрэліся пасьля ўрокаў там, на Дывановай пустцы, і яна запатрабавала, каб я паказаў ёй, дзе пачынаецца горад.
Я похапкам паабедаў і спусьціўся ў двор. Яна была ў тым самым, што і ўчора, толькі пальчаткі надзела. Чырвоныя вязаныя пальчаткі, маленькія пальцы, што ўвесь час згіналіся і разгіналіся, не знаходзячы сабе спакою, быццам яна грала на нейкім толькі ёй бачным інструмэнце, рабінава-чырвоныя, мяккія, гнуткія, якія хацелася схапіць і сьціснуць так, каб яна войкнула. Мы моўчкі дайшлі да аўтобуснага прыпынку і пачалі гэтак жа моўчкі мерзнуць, і яна мерзла налева, а я направа, і яна мерзла ўверх, а я ўніз, мы былі кепская пара, і я гэта разумеў. Гэта разумелі і тыя дарослыя людзі і жанчыны, што стаялі і мерзьлі з намі, я лавіў іх прафіляктычна-няўхвальныя позіркі і больш не адчуваў вушэй. Прыехаў аўтобус-гармонік, гэтак жа моўчкі мы сталі ў цёмнай сярэдзіне, там, дзе калыхалася парваная ў некалькіх месцах гума, і абхапілі поручань — мае сінія ад холаду пальцы і яе чырвоныя, як гронкі рабіны, пальчаткі. І гэта было падобна да нейкай клятвы.
Аўтобус прабіраўся скрозь прыцемкі, пасажыры маўчалі, скрозь дзіркі ў гуме на нас глядзела зіма і не пазнавала. Мы праехалі мост, фабрыку і пустку, прамінулі голае поле і чорны ўзьлесак, дарога пайшла ўніз, да таго, што яшчэ нельга было назваць горадам, але ўжо прасілася. І тады на прыпынку, як памежная варта, у наш аўтобус зайшлі кантралёры.
«Учанічаскія? — прабурчаў дзядзька, ад якога патыхала танным віном. — Няма? На выхад».
Я паспрабаваў нешта прамямліць — «На выхад!» — гыркнуў ён, пачырванеўшы. У іх быў няўдалы дзень, і наш аўтобус не дадаў ім здабычы, усе аказаліся законапаслухмяныя, з талёнчыкамі, а з нас узяць не было чаго, яны мерзьлі, гэты дзядзька і дзьве цёткі разам зь ім, каманда моладасьці нашэй, каманда, без каторай мне ня жыць. Ён быў галоўны, бо мужчына, як жа іначай, яны былі на падхваце, яны засталіся, а мы выйшлі на гэтым пустым прыпынку, полюсе гарадзкога холаду, з таросамі сьмецьцевых кантэйнэраў і замерзлых грузавікоў. Бо мароз мацнеў, пайшоў сьнег, назаўтра прачнешся — а ўсе тыя чорныя прастакутнікі пад домам зьніклі, як не было.
Дзьверы аўтобуса зачыніліся, і ён павольна пакаціўся ўніз. Мы бачылі твары людзей, якія паехалі далей — асьветленыя бруднымі аўтобуснымі лямпачкамі, злыя і галодныя твары людзей, якія працуюць у другую зьмену, якія жывуць у другую і трэцюю зьмену. Цела аўтобуса прапаўзло ў прыцемках міма нас, як рыбіна пад вадой.
«Такое адчуваньне, што яны нас уратавалі, гэтыя кантралёры. Выкінуўшы на крыгу ў апошні момант, — сказала яна. — А яны ўсе, паглядзі, бачыш?»
І я на імгненьне пабачыў тое, што і яна. Аўтобус, які едзе ў напрамку сьмерці. Людзі, якія там засталіся, яшчэ ня ведаюць, што ніколі не даедуць да месца прызначэньня. Яны асуджаныя. Аўтобус прывязе іх у пекла. А мы моўчкі пабрыдзем дамоў. Міма фабрыкі, па пустцы і праз чорны ўзьлесак.
«Холадна? Давай сюды руку», — прапанаваў я і атрымаў яе проста ў рукаў: сьцюдзёную, чырвоную, яшчэ чужую.
«Чаму цябе перавялі ў нашу школу? Вы пераехалі?»
«Таму што з маёй мяне выгналі. Гэта ўжо трэцяя. А больш я нічога расказваць не хачу».
«За адзнакі?»
«Не».
«Ці за паводзіны?»
«Гэта што, допыт? — спытала яна, спыніўшыся. — Я ж сказала, я не хачу гаварыць. Не — гэта значыць не».
Так я прыняў яе правілы гульні.