Чалавек зь Міхалінаў нахмурыўся. Ён зьеў яблык і потым цьвёрдым крокам накіраваўся праз мост да замкавай брамы. Пагрукаў кулаком у прыгожыя дзьверы. Раз-два-тры. І зноў: раз-два-тры. У браме адчынілася невялікае акенца, і зь яго вызірнула нічога-такаясабе дзеўка зь незадаволеным тварам.
«У вас что, сандень? Можно войти?» — ветліва запытаўся Чалавек зь Міхалінаў.
«Нельга, — адрэзала дзеўка і сабралася ўжо зачыніць акенца. — Гэты культурна-гістарычны аб’ект цяпер наш, а мы абы-каго не пускаем».
«То есть как это «нельга»? — раздражнёна павысіў голас Тадэвуш Р-скі. — Ты как со старшими разговариваешь, а?»
Ён нават не заўважыў ад абурэньня, што зь ім гавораць па-шляхетнаму.
«Нельга — гэта такая прыўкрасная дзірачка праміж вачэй, — прымружылася дзеўка, зрабіла рух плячом, і ў вочы пана Тадэвуша Р-скага зірнуў круглым арліным вокам самы сапраўдны аўтамат замежнай вытворчасьці. — Ясна пану?»
«Ясна, — ня стаў спрачацца Тадэвуш Р-скі. — Разумею. Гэта захоп? А якія, дазвольце даведацца, патрабаваньні шаноўная паненка мае за…»
Але дзеўка ня стала яго слухаць, пазяхнула і з чыста жаночым гістэрычным грукатам зачыніла акенца.
Чалавек зь Міхалінаў пастаяў крыху, разглядваючы грозна-абыякавую браму. Тоўстая, пафарбаваная, зь цьвікамі памерам з руку. Тадэвуш Р-скі павярнуўся і пайшоў да аўтобусаў. Сеў у ценю, памахаў перад носам зборнікам сканвордаў. Вырашыў пачакаць, што будзе далей. Але далей не было нічога цікавага. Прыехала міліцыя, якая ўсяляк удавала бурлівую дзейнасьць, бутафорская міліцыя бутафорскай дзяржавы. Прыехалі змрочныя людзі ў шэрых касьцюмах, якія пачалі перамаўляцца па рацыях і раскладваць на капотах сваю апаратуру. «…и иностранные граждане», — пачуў ён абрывак размовы. Аўтобусы, як вялікія каровы, нясьпешна ад’ехалі ад Замку і пачалі спаўзаць па жоўтай дарозе ўніз, на шашу. Да чалавека зь Міхалінаў падышоў міліцыянт і грубавата папрасіў як мага хутчэй зваліць адсюль. Разам зь дзясяткам выпадковых назіральнікаў, што жыва, нязлосным мацярком абмяркоўвалі падзею, яго прымусілі пакінуць узгорак.
Чалавек зь Міхалінаў ня ведаў, што яму рабіць.
Ён пачакаў да вечара і зьвязаўся з мудрымі, значна мудрэйшымі за яго нябачнымі мужамі.
Мужы сказалі чакаць інструкцый. Чалавек зь Міхалінаў вярнуўся ў вёску, сеў у садзе і пачаў чакаць. Прыйшоў вечар, пачалася навальніца, рвала дрэвы, спрабавала выцягнуць іх з коранем, хата рыпела, быццам над ёй шчыраваў п’яны велікан, якому раніцай далі заробак.
Чалавек зь Міхалінаў спаў кепска. Ён ніяк ня мог супакоіцца. У той дзеўцы, якая пагразіла яму з акенца дулам аўтамата, было нешта такое, што закранала самае прыдоньне гордасьці Тадэвуша Р-скага. Занадта нахабная была тая дзеўка. Занадта вольная. Хто ёй даў права? І хто ёй даў аўтамат? Ды яна застрэліцца зь яго выпадкова, бо трымаць толкам ня ўмее. Але аўтамат — гэта ладна. Гэта можна перажыць, разабрацца, адабраць, пакараць. Але голас! Такі голас недаравальны. Гаварыць так з мужчынам старэйшага веку недапушчальна. Нельга!
«Нельга — гэта дзірачка праміж вачэй», успомніў ён і яго закалаціла ад гневу.
«Ясна пану?»
Чалавек зь Міхалінаў вырашыў, што ён ня мае права пакінуць гэта проста так. Спусьціць з кандачка, як кажуць мудрыя мужы.
Усю ноч ён сядзеў і думаў. Ён ведаў Замак як свае пяць пальцаў. Заставалася толькі адна шэрая, недаступная зона.
Назаўтра ён паехаў на сваім фольксвагене ў іншую вёску, зусім блізка ад Замку. Зайшоў на падворак крайняй хаты, цыкнуў на сабаку, пагрукаў у акно. Ніхто не адгукаўся. Чалавек зь Міхалінаў абышоў хату і пабачыў стары, абы-як зьбіты, як тут казалі, тувалет.
У тувалеце дзелавіта стагналі. Чалавек зь Міхалінаў рэзка адчыніў дзьверы і злавесна ўсьміхнуўся.
«Здароў, краязнавец, — прамовіў ён. — Даўно ня бачыліся».
«І вам добрага здароўечка, Фёдар Вячаслававіч, — заскавытаў чалавек у позе птушкі, спрабуючы адарваць непаслухмянымі, пахмельнымі рукамі кавалак газэты. — Абаждзіця, я зараз…»
«Колькі разоў я табе казаў, ніякі я табе ня Фёдар Вячаслававіч! — рыкнуў на яго чалавек зь Міхалінаў. — А пан Тадэвуш Р-скі, тваю маць!»
«Пан Тадэвуш, — з жахам заківаў галавой гаспадар хаты. Было відаць, што яму яшчэ нядаўна было вельмі блага, а цяпер яшчэ горш. — Помашч мая нужна? Дык я зараз, зараз…»
«Нам вядома, што маеш ты, Псякрэўскі, важную для нас інфармацыю, а дзяліцца ня хочаш, — сказаў Чалавек зь Міхалінаў, пагардліва пазіраючы, як дрыготкая рука ніяк ня можа ўхапіць край газэткі. — Намякнулі мне нядаўна ў мястэчку, што ты нешта ведаеш пра падземныя хады…»
Газэта разарвалася зь непрыстойным гукам. Чалавек у позе птушкі часта-часта хітаў галавой, ён ведаў, што калі ён памыліцца, літасьці яму гэтым разам не відаць. Пан Тадэвуш Р-скі падумаў, што гэтая ноч будзе доўгай — і што, урэшце, ён проста верне сабе неўзабаве тое, што з поўным правам належыць яму. Па праве гісторыі. Па праве крыві.
24.Таксiст
Прачынацца сярод жанчын.
Паволі расплюшчваць вочы сярод галізны жаночых ног, сярод мяккіх жаночых рэчаў, сярод жаночых галасоў, якія перамаўляюцца так адрывіста і якія так хочуць пакінуць за сабой апошняе слова.