Самі жанчыны недзе наверсе, высокія, выцягнутыя да ранішняга сонца сосны, шумяць, сьмяюцца, не даюць мне ўставіць ніводнага слова — ды мне і ня хочацца, мне падабаецца ляжаць вось так, моўчкі, на падлозе, у штабе Босай, ляжаць у вежы і ведаць, што мне адсюль ня выйсьці. Яны ходзяць, пераступаючы празь мяне, па гэтым жаночым пакоі, жанчыны-асілкі, жанчыны-волаты, маладыя, злосныя і здаровыя, а я ляжу, самотны, малы, як на вялікай жаночай далоні, і думаю пра тое, што яшчэ два дні таму Замак быў маім, а цяпер ён іхны, я аддаю яго ім, аддаю задарма, і гэтая палёгка робіць мяне яшчэ меншым.
Прачынацца, лежачы на падлозе, сон яшчэ жыве недзе ў хрыбце, з учорашнім, яшчэ сьвежым дотыкам яе вуснаў, з дотыкам яе пальцаў (пазногці чорныя ад зброі), з пахам крыві, прачынацца поўным неймавернага, немага шчасьця.
Іх было пяць ці шэсьць у пакоі, дзіва, але некаторыя зь іх пераадзяваліся, робячы гэта так нязмушана, быццам ніякага мяне тут не існавала. Босая насьмешліва паглядзела на мяне са сваіх белых вышыняў: «Хочаш, дам табе белыя калготкі? Пойдзеш да сваіх, пафарсіш перад мужыкамі».
Яна кінула іх мне на твар — белае, цякучае, цёплае, лёгкае.
Што я мог на гэта сказаць? Толькі дурнавата пасьміхнуцца і зноў з асалодай заплюшчыць вочы. Я быў кончаны чалавек. Я трапіў да іх у лапы. Здраднік — першы здраднік у доўгім і слаўным родзе Саха-Якуцкіх.
Яны заржалі. Маладыя кабылкі, якія даплылі да апошняй выспы, жаночай выспы, дзе я — усяго толькі прыродная недарэчнасьць, якую лёгка выправіць. Раптам пякучы ўкол рэўнасьці працяў мяне, ды так, што я скінуў белую пошасьць з твару і сеў на падлозе, сьціснуўшы зубы. Як жа мне хацелася выгнаць іх усіх адсюль, кожнай даць высьпятка, кожную — у каршэнь, каб застацца сам-насам з гэтай шалёнай гадаўкай.
Босая заўважыла гэта, паглядзела мне ў вочы, я ненавідзеў яе за гэтую звычку — глядзець проста ў вочы, не даваць ухіліцца, пазбавіць права на роздум, спадзеву на апраўданьне.
«Я табе ня веру, — сказала яна расчаравана. — І ты ня верыш мне. Ня верыш ва ўсё гэта, у нашую барацьбу, ня верыш у справядлівасьць. Ты будзеш са мной толькі да таго моманту, пакуль ня пройдзе тваё ачмурэньне».
Гудзі, гудзі, мая белая муха. Я слаба замахаў рукамі, але Босая скрывіла вусны: «Маўчы ўжо... Гэта так. Проста ты страціў галаву. Лепш знайдзі яе, а то горай будзе. І ідзі да сваіх, пакуль ня позна».
Я ўмольна схапіў яе за нагу, яна ляніва адштурхнула мяне і зноў пачала сьвідраваць сваімі вузкімі зрэнкамі: «Нешта зашмат асалоды ў цябе на пысе, шаноўны мой шпіёне. Трэба крыху пачысьціць гэтую пазалоту, што там пад ёй? Дзеўкі, глядзіце, у яго сьляза цячэ».
Усе зьбегліся зірнуць на сьлязу. Толькі Люба засталася стаяць ля акна: яна рабіла выгляд, што не пазнае мяне, а можа, і праўда, не пазнавала. Яна глядзела ўніз, а ўнізе вартавала дастойных мужоў і дабрадзейных кабет яе каханьне. Джэк Падрачыцель — як пажартаваў неяк Паўлюк, пазнаёміўшыся з гэтай дзеўкай. Пажартаваў ціха — раптам пачуе?
«Джэк Патрашыцель таксама аднойчы плакала, — сказала Босая гучна і звонка, як аплявуху мне заляпіла. — Толькі на гэтыя сьлёзы ніхто ня бегаў глядзець, і ніхто не суцяшаў яе, ніхто не даваў ёй шанцу сысьці, адмовіцца, ніхто не дазволіў выбіраць. Была ноч, і двое дзяўчат ехалі на таксі дахаты… Па вялікім горадзе, залітым агнямі. Такім вялікім, што калі б яны пайшлі дамоў пехатою, дык прыйшлі б толькі ўраньні… Таксіст быў не стары і не малады, звычайны такі дабрадушны мужчына, які ўвесь час мармытаў пад нос нейкую песеньку. Твару ягонага яны ня бачылі, цёмная пляма ў люстэрку задняга агляду, толькі вочы паблісквалі ў сьвятле гарадзкіх агнёў, агні праносіліся міма, машына ехала хутка, праспэкт быў пусты. Дзяўчаты сядзелі на заднім сядзеньні, шчыльна прыціснуўшыся адна да адной, бо было халаднавата, і ім было добра, так добра, што не хацелася размаўляць, не хацелася ніякай музыкі, не хацелася нічога лішняга, толькі ехаць у гэтым таксі і адчуваць, што неўзабаве яны апынуцца дома.
Часам у таксіста пачынала гаварыць рацыя, стомленым, начным жаночым голасам, хрыпатым, неразборлівым, рваныя словы, абыякавыя інтанацыі, як у радыё. І гэта таксама было часткай начной паездкі — чуць гэты загадкавы жаночы голас і пачувацца пасажыркамі, выпадковымі ўдзельніцамі дзіўнай гульні…
І ў нейкае імгненьне адна зь дзяўчат узяла другую за руку. Не таму, што ім важна было паказаць сьвету, што яны разам — а таму, што ноч была чароўная, поўная неспадзяванак і рознакаляровых шкельцаў, якія сьвяцілі ў вокны і разьбіваліся насьмерць, варта машыне было прамінуць чарговы навіслы над зямлёй будынак… І вось яны ўзялі адна адну за рукі. Проста ўзяліся за рукі. І адной зь дзяўчат падалося, што таксіст ім падміргнуў. А другой — што ён усьміхнуўся. Як ён мог заўважыць іхныя рукі? Але цалкам магчыма, што не было нічога, ні ўсьмешкі, ні падміргваньня, бо твару яны ня бачылі, толькі цёмную пляму, і гэтая пляма праз хвіліну сказала, адвярнуўшыся да акна: «Да вы, девчонки, не переживайте. Все нормально. Вы из этих, да? Или чисто меня подразнить?»