– Я ведаю, што ноччу ты выходзіла з паселішча. А куды хадзіла – не ведаю. Можа, як кажаш, да маці. А можа, да княскіх вояў. Я сказала толькі тое, што бачыла. Уладзь пацвердзіць мае словы.
Яшчэ раз рыпнула дошка ў вітальні, зноў грукнулі аб сцяну дзверы. Бася парадавалася, што стаяла ад іх досыць далёка.
– Пацверджу, што ты хлусіш, – пачуўся голас Уладзя. Анэля глядзела на яго круглымі вачыма. Бася цешылася: хоць нешта можа яе збянтэжыць. Уладзь стаяў за спінай, недасяжны для зроку, але яго прысутнасць, яго вера і голас далі Басі крылы.
– А можа, ты здрадніца? – працягваў Уладзь хітрахалодным голасам. Быццам не ён колькі хвілін таму казаў, што Анэля – яго пара. Тая адвярнулася, тонкія плечы дробна затрэсліся. Бася тарганулася, каб суцешыць, але Уладзь стрымаў яе. Ён больш не верыў.
– Чаму выдала Басю? – жорстка спытаў ён.
– Ведаеш, колькі падазроных поглядаў я злавіла, калі Вікторыя аб’явіла пра здраду? На мяне заўсёды коса пазіралі: «Блюзнерка, не верыць наканаванням». А я не разумею, чаму нейкія паперы загадваюць, якую справу мне абраць і дзе шукаць пару. За месяцы, што мы тут жывём, ніхто не запытаўся, чаму ўратушы дзвярэй няма. Што Вікторыя хавае ад усіх? Я адзіная запыталася. Яны перапужаліся. Ніхто не паглядзеў бы, што я невінаватая, – Анэля раскрычалася, толькі і паспявала хапаць паветра. Твар расчырванеўся, вакол рота і на ілбе з’явіліся гістэрычныя плямы. Светлыя валасы, кантрастуючы з чырванню твару, яшчэ больш выбеліліся, сталі празрыстымі. Не такая яна прыгажуня.
– І ты вырашыла абвінаваціць Басю, – голасам Уладзя можна было камяні секчы.
– Калі б пачалі шукаць сляды, то знайшлі б менавіта яе. Ні ты, ні я не ведаем, дзе яна насамрэч была, – Анэля супакоілася, як бы ўцягнула ў сябе слёзы. Яе голас запрашаў Уладзя ў змоўшчыкі. Ну сапраўдная спакушальніца. Калі б не плямы ля вуснаў і над бровамі.
– Чаму ты не сышла з паселішча, калі табе тут цесна? – Басю крыўда ўзяла за сябе і ўсіх.
– Вярнуцца ў горад без абароны і падтрымкі – самазабойства, – Анэля ўсміхалася, быццам тлумачыла відавочныя рэчы неразумнаму дзіцяці.
– Тут табе таксама месца няма, – кінуў Уладзь праз плячо, выходзячы з пакоя. Бася патрусіла за ім.
Вікторыя, нягледзячы на позні час, не спала. І не здзівілася, пабачыўшы Басю.
– Не сумнявалася, што ты ўцячэш, – усміхнулася, а сама сумная, не тут.
– Чаму ты дазволіла забраць мяне?
– Пасялянам патрэбны вінаваты. Яны самі пакаралі б цябе горш.
– Добра ж ты думаеш пра людзей, якімі апякуешся.
– Таму і апякуюся, што ведаю іх.
– Знявольваць невінаватых, супакойваць падманам, вызначаць за людзей іх лёс – гэта зусім не падобна да вольнага свету, апісанага ў Летапісе першых людзей.
– Якая ты наіўная. Але ты першая, хто заўважыў несупадзенне.
– Не першая. Анэля задавала правільныя пытанні, толькі сабе.
– Значыць, ты першая, хто наважыўся пагутарыць адкрыта.
– Я жыла ў звычайных людзей – сямейнай пары. Дзяцей ім Лёс не даў, яны знайшлі мяне ў хмызняку недалёка ад гарода і вырашылі ўзяць. Замест хатняй жывёлкі, ці што. Добрыя людзі. Напэўна, з імі мне было лепш, чым на вуліцы. Толькі дачкой я для іх не стала.
Я доўга не разумела, што са мной не так. Стаўшы дарослай, запыталася правільна: у чым прычына нянавісці да адметных? Нас баяцца, намі пагарджаюць. Той жа князь – разумны, дасведчаны мусіць быць чалавек – падпісвае законы супраць адметных. Забараняе жыць дзесьці, акрамя аддадзенай ім слабады, прызначае жорсткія пакаранні за найменшыя правіны. Калі ў кепскай справе будуць падазраваць звычайнага гараджаніна і адметнага, то асудзяць адметнага. Я ніколі не бачыла, каб адметны зрабіў штосьці кепскае чалавеку. Толькі наадварот.
А можа, у гэтым і бяда? Калі істота не з’ядае ўсіх, да каго можа дацягнуцца, не грызецца за лепшае месца – яна незразумелая і небяспечная. «Што такога страшнага прыдумалі адметныя, што так доўга выглядаюць рахманымі?» – думаюць пра нас людзі. Ведаеш, не так крыўдна трываць пагарду і нянавісць, калі сапраўды нешта задумваеш. А чаму б і не?
Я была натхнёнай і дурной. Сабрала ўсіх адметных, каго знайшла, і як сякерай рубіла прамовы, што кожны з нас – асоба, якая можа жыць, як хочацца, і не лавіць падазроныя позіркі. Яны слухалі мяне з пустымі вачыма. А калі я перапынілася, каб аддыхацца і глытнуць вады, адзін за адным сышлі, мармычучы незадаволена пра страчаны час і нязробленыя справы.
Асобы – самотныя, быць самотным – страшна. Калі ўдалося сабраць людзей іншым разам, я казала, што мы – вольны народ з багатай гісторыяй і асобным шляхам. Нас не можа паглынуць іншы народ. Прамова мая была яшчэ больш гарачай і адчайнай. І мяне не пачулі. Што такое народ? Ці можна яго пабачыць, дакрануцца? Не? То мы пайшлі.
Мне патрэбныя былі сведкі і доказы. Дзе шукаць доказы, калі сведкі адмаўляюць іх і сябе? Было б добра, каб засталіся сведчанні… Нашай велічы, першаснасці, нашага права на вартае жыццё.