Чалавечая плынь увабрала Басю і Уладзя, панесла, не даўшы падумаць, ці трэба ім туды, куды нясе. Яны спрабавалі рухацца насуперак, стаяць на месцы, выбрацца збоку, але балючыя штуршкі, выпадковыя падножкі і натхнёныя магчымай бойкай твары не давалі. Бася сціснула далонь Уладзя. Заазіралася па баках. Вакол кружыліся разяўленыя ў крыку ці ўсмешцы пашчы, вострыя зубы, бліскучыя вочы, чырвоныя шчокі, ускінутыя рукі. Хваля сілы, падняўшыся, абрынулася і накрыла пахаджанаў з галавой. Ноч дазваляла ўсё, бо ўсё магла схаваць. Водбліскі агню нагадвалі пра смерць і жарсць, што ўсё выбачалі. Прыгожыя людзі ператварыліся ў пачвар, і Бася таксама крычыць, усміхаецца, бліскае зубамі, шчокі яе гараць, рукі дрыжаць. Вакол пануе еднасць, прыналежнасць, роднасць, якія яна шукала ў паселішчы. Якая розніца, куды і з якой мэтай ісці, калі ідзеш разам са сваёй вялікай сям’ёй. Азірнуўшыся, яна пабачыла Уладзя. Усміхнулася – ён скрывіўся, як рапуху пабачыўшы. Бася скалатнулася.
Перад ратушай натоўп спыніўся. Воі выстраіліся шэрагам паміж пасялянамі і будынкам. Скураныя даспешныя курткі і шаломы слаба адбівалі чырвонае жывое святло. Пачвары ачомаліся, прыпадобіліся да людзей. Ніхто не казаў, што рабіць далей. Ніхто не хацеў першы кідацца на ратушу. Няма куды кідацца – дзвярэй не бачна, вокны высока. І чаму ніхто ніколі не заўважаў, што ў ратушы няма дзвярэй? Вяртацца назад было няёмка.
Бася выбілася з натоўпу і выцягнула за сабой Уладзя. Ахінуўшы будынак, яны падбеглі да знаёмай каражыны. Дзіва, якатрымалася ссунуць яеў мінулы раз адным неасцярожным рухам. Зараз кавалак сухога дрэва ледзь зрушыўся намаганнямі двух чалавек.
Вікторыя стаяла ля акна ўатачэнні палічак з кнігамі, якія ці то ахоўвалі яе ад нападу ззаду, ці то ўхіляліся за яе спінай ад небяспекі спераду. Паўпразрыстыя фіранкі хавалі яе ад зрокаў людзей знізу і дазвалялі ўсё бачыць самой.
– Паглядзі на іх, – з пагардай і жалем кінула Вікторыя. – Думалі, што іх шмат, праўда за імі, і яны – моц. Яны ўсё яшчэ Ахвяры, і ніколі не будзе сярод іх ні Воя, ні Настаўніка. Моцныя людзі – добрыя ці кепскія – не павядуць іх за сабой, а вымушаныя будуць цягнуць на сабе. Слабасць заб’е, паглыне любую сілу.
– Замест старой сілы знойдзецца новая, – Уладзь задуменна хітнуў галавой на акно.
З натоўпу выштурхнулі чалавека – таго самага, што прамаўляў раней. Зрэшты, новай сілай назваць яго не выпадала: ён разгублена азіраўся і намагаўся даць нырца назад, у гурбу людзей, але тыя сталі шчыльным шэрагам. Воі за яго спінай таксама не расступіліся.
– Кажы, што рабіць!
– Не дарма ж стаяць!
– Абвяшчай напад!
Паходні пагрозліва наблізіліся да твару нявольнага правадыра. Набраўшы ў грудзі паветра, ён выгукнуў што ёсць моцы:
– Калі Вікторыя не выйдзе, мы спалім ратушу разам з ёй!
Людзі загулі, ухвальна і вусцішна, загырчэлі, як драпежнікі, што даўно не бачылі крыві. Аднекуль узяўся пясочны гадзіннік. Прамоўца падняў яго ўгору і перавярнуў. З бязлітаснай хуткасцю пасыпаліся пясчынкі.
– Спусціся да іх, – горача шаптаў Уладзь.
– Яны разарвуць мяне на кавалкі.
Кожную новую пясчынку суправаджала жывёльнарадаснае галёканне. Калі пяску ў гадзінніку заставалася зусім мала, а Вікторыя так і не з’явілася, людзі, зноў паверыўшы ў сваю перавагу, замітусіліся: збіралі навокал галіны, мох і траву, складалі ў гурбы паміж сабой і воямі. Ахоўнікі прыкінуліся камянямі шчыльна складзенага плота.
Апошнія пясчынкі ўпалі.
Грукнулі дзверы. Вікця, Бася і Уладзь уздрыгнулі і азірнуліся адначасова. Новы гетман, зыркаючы жвавымі вачыма, ззяючы нахабнай усмешкай, разняволена наблізіўся. Недарэчны настолькі, наколькі раздражняльны.
– Што ты тут робіш, Казімір? – халодна спыталася Вікторыя, быццам не па яе душу гараць паходні над купкамі сухой травы, моху і галін.
– Войска выбрала мяне новым гетманам. Хачу прапанаваць табе дапамогу і ахову вояў.
– Воі і так ахоўваюць паселішча і мяне. Ты толькі намеснік, а гетмана прызначаю я.
– Якуба, якога ты прызначыла, былі ахвочыя скінуць.
Так дарэчы няўдалы паход у горад.
Твар і вочы Уладзя наліліся крывёй. Толькі новае званне былога сябра стрымлівала ад неабдуманых слоў і дзеянняў. Казімір добры вой, і ў той жа час – свойскі хлопец, сябра для ўсіх. Нахабным і жорсткім Уладзь бачыў яго толькі падчас бою.
– Чаго ты хочаш? – каменным голасам запыталася Вікця
– Кіраваць паселішчам. Ты не здатная, людзі бунтуюць. Бася хітра-горка зірнула на Вікторыю. Хацела кампаньёна – атрымай.
– Наіўны хлапчыска, гэта цяжар.
– Я здужаю лепш за цябе. А яшчэ яхачу заробак. Дзвесце грошаў у месяц.
– У мяне іх няма. Людзі паселішча карыстаюцца толькі тым, што самі вырабляюць.
– Больш за паўсотні чалавек унізе гатовыя падпаліць нас. Воі ахоўваюць ратушу, пакуль я тут. І будуць рабіць гэта, пакуль я загадваю. Калі не хочаш тлець жыўцом, знойдзеш грошы і прызнаеш мяне суправіцелем. Не будзе нейкая дзяўчына кіраваць войскам.
Уладзь ірвануўся на Казіміра, але Вікця, выкінуўшы ўбок руку, спыніла яго.
– Я згодная. Няхай людзі разыходзяцца.