Вікторыя і Францішка задавалі пытанні то наперабой, нечакана, каб злавіць на мане, то павольна, паслядоўна, заахвочваючы казаць больш. Праз некалькі чалавек, якія, седзячы з пераляканымі тварамі, казалі адно і тое, гульня надакучыла. Вікторыя, страціўшы імпэт і надзею, хацела прыпыніць допыты і разагнаць прыхадняў, але Францішка ўпарта запрашала новых сумоўцаў: раптам пачуе нешта важнае. Бася і Уладзь не разумелі, навошта іх паклікалі.
– Была б з намі Анэля, – уздыхнула Францішка і – магчыма, падалося – глянула на Басю дакорліва, з дамешкам нянавісці. – Яе знікненні даўно цікавілі. Пра іх вельмі мала напісана, і гэта яе дражніла. Казала: «Не маглі першыя людзі не цікавіцца, як можна знікнуць і куды дзяецца свядомасць». Напэўна, не стрымалася і выпрабавала на сабе. Вось гэта прага да ведаў! – зноў падалося, ці ў голасе лекаркі былі слёзы?
– Можа быць, паглядзець сшыткі Анэлі? Яна ўвесь час пісала. Не магла не занатаваць, калі даведалася штосьці пра знікненні, – прапанаваў Уладзь.
– Галоўнага яна нам не скажа – што там, за межамі існавання, – са скрухай прамовіла Францішка, і тут жа сабралася: – Я прагляджу яе запісы, – дадала такім тонам, што працягнуць размову значыла засумнявацца ў яе ведах і здольнасцях. Сумнявацца ніхто не наважыўся.
Ночы накрывалі лес нечакана і імкліва, як звычайна бывае познім летам. Як усе ночы, якіх баішся. Бася штовечар углядалася ў цені па кутах, шукаючы там небяспеку, ворага. Ім можа аказацца хто заўгодна. Не абавязкова той, хто папярэдзіў княскіх вояў пра напад. Любы пасялянін можа чакаць у цёмным куце, за рагом хаты, дзе заўгодна яшчэ. Глупства, канешне. А недавер да людзей, як і да ночы, не хацеў знікаць. Халодны начны вецер перамешваўся з гарачым подыхам Вогненнага Птушкалова, які чакаў яе, Басю, але адной ёй не здаволіцца.
Гэтыя думкі не давалі спакою ні ў сне, ні наяве, але ў вечаровыя часы страхі рабіліся настолькі вострымі, што перасягалі рэчаіснасць, ніякія перакананні не маглі іх абвергнуць. Ноч за ноччу Бася пракручвала ў галаве адно і тое ж. Усё пачалося са здрадніка. Хтосьці папярэдзіў людзей князя пра напад на вязніцу. Калі б не праспаў адзін з вояў, калі б Уладзь не апынуўся там памылкова, калі б не запаволіўся перад самай брамай ды не выправіўся па дапамогу, стала б у князя на тузін вязняў больш. Адны выпадковасці, зусім няма за што зачапіцца. Ці выпадкова праспаў той вой?
Можа, ён і папярэдзіў князёвых, таму і не пайшоў у напад? Ды не дурны ж ён, заставацца ў паселішчы пасля такога…
Здрадапахіснула кожнага. Людзі забаяліся верыць усяму, што адбываецца таемна, без сведкаў. З насцярогай глядзяць на свае пары, суседзяў, на ўласнае адлюстраванне. Яны ўзрадаваліся, калі Басю схапілі. Вінаватая ці не – галоўнае, што не хтосьці з блізкіх ім. Чужая, нячыстакроўная – ідэальная мішэнь для абвінавачванняў.
Вось толькі хутка б яе апраўдалі і адпусцілі, а чалавечы гнеў застаўся б. І гэта ведае той, хто сапраўды вінаваты.
Хто?
Думай, Бася!
Пачаліся знікненні, і пасяляне забыліся пра няўдалы напад на вязніцу і пошукі вінаватага. Ці не прымушае людзей знікаць той, хто баіцца чалавечай увагі і выкрыцця? Калі так, то Бася ідзе да той самай мэты, што і Вікця, толькі з іншага боку. А тая і слухаць не хоча пра здрадніка.
Каму гэта патрэбна?
Галава пухла ад думак, карцінак, успамінаў. Бася ўзіралася ў кожны вобраз, што паўставаў перад яе вачыма, шукала дэталі, якія не заўважыла адразу і якія мусяць насцярожваць. Дэталі не знаходзіліся, і памяць здраджвала – падмалёўвала тое, чаго не было. Ды так, што разабрацца, было тое ці не, немагчыма.
Думай, Бася.
«Анэля. Прапанавала выйсці ў горад, сама правяла да ракі. Так і Уладзя можна падазраваць – тым больш, ён пра мост ведаў. Хто яшчэ? Вікторыя, будаўнікі, гетман, іншыя воі. Тупіковы шлях, на кожнага можна падумаць. Анэля сказала ўсім, што я выходзіла ў горад з невядомай мэтай. Знікненнямі цікавілася – магла б зрабіць так, каб людзі сыходзілі, не пакідаючы новых людзей. Ці не крыўда ўва мне кажа ўсё гэта?
Навошта тады ёй знікаць?
Казімір. Ведаў пра напад. Як ён там казаў? Добра, што гетман Якуб знік сам, а то некаторыя хацелі яго скінуць. Ці не Казімір быў тым самым ахвочым? Падазраваў, што Якуб не сцерпіць ганьбы, праваліўшы паход. Ці мог ён падумаць, што гетман не пакіне новага чалавека? І быць пэўным, што выберацца цэлым, трапіўшы ў пастку, зладжаную ахоўнікамі? Ён добры вой, усведамляе, на што здольны. Ды і ахоўнікаў маглі папярэдзіць, каб Казіміра не чапалі».
Хто яшчэ? Відавочных падазрэнняў няма, як і доказаў. Думкі блыталіся, чапляліся адна за адну, як дзядоўнік, і калоліся, калі Бася намагалася іх расчапіць.
«Францішка. Уладная, звыклая кантраляваць усё. А ўлада над паселішчам – у руках Вікторыі. Дакладней, была. Ці не магла лекарка зрабіць так, каб Вікці перасталі давяраць? Яна мусіць ведаць, як і куды знікаюць людзі. Не можа не ведаць…»