– Заўтра ты аб’явіш усім. Вы – сведкі, – Казімір тыцнуў пальцам у Басю і Уладзя, перш чым знікнуць за дзвярыма.
Раніцай у паселішчы ўладарыў пахмельны сорам. Жыхары без пільнай патрэбы і носа вонкі не паказвалі. А калі выходзілі, то стараліся не сустракацца вачыма, як змоўшчыкі, што правалілі справу, ці як выпадковыя каханкі. Больш за ўсё пазбягалі сутыкнуцца позіркамі з Вікцяй. Асабліва бянтэжыла апякунская ўсмешка і мацярынскае дараванне на яе твары. Ад такой дабрыні было яшчэ больш няёмка і злосна. І шкада Вікторыю.
– Дарма яна Казіка роўным сабе зрабіла. Загубіць ён і яе, і нас, – перашэптваліся людзі, разыходзячыся пасля абвяшчэння навіны.
– Хіба добры гетман пасярод дня будзе ў карчомцы з півам сядзець?
– Гэта ён вояў залагоджвае. Як абралі, так і скінуць могуць. Ён у іх уладзе.
– Гэта нам цяпер адна ўлада, ніякай абароны.
Гетман Казімір, як толькі Вікця аб’явіла яго суправіцелем, «які будзе дбаць пра дабрабыт і спакой жыхароў паселішча, як я, і варты такога самага даверу», сабраў вояў ды павёў да хаты зельніка-півавара, што ўсе называлі карчомкай. Частаваць «на доўгае сяброўства і падтрымку». Уладзь з агідай і крыўдай глядзеў, як гаманлівая кампанія радасна рушыць за сваім новым завадатарам. Час ад часу хтосьці пахлопвае яго па плячы. Сам таго не чакаўшы, засумаваў па Якубу. Хоць не адзін гузак ён на Уладзевай галаве паставіў і не адзін струмень крыві пусціў. «Хлопнулі б вы гетмана Якуба, ён бы вашы рукі ў адваротны бок павыварочваў», – са скрухай падумаў адрынуты вой, кіруючыся ў супрацьлеглы бок – да лякарні ўслед за Вікторыяй і Басяй.
Лякарню зладзілі ў бакавым пакоі Францішкавай хаты. Галоўная лекарка чакала іх. Відавочна старэйшая за большасць жыхароў паселішча – на яе твары, акружаным вадаспадам снежна-белых валасоў, ззяла выспелая прыгажосць і несыходная свежасць, якую аспрэчвалі толькі чорныя-чорныя вочы, глыбокія і поўныя таямніц. Мужчыны і хлопцы-пасяляне цягнуліся да яе, а хто не цягнуўся, маючы пару, той любаваўся здалёк. Дзяўчаты за гэта празвалі яе Старой. Што не перашкаджала прыслухоўвацца да яе парад, піць прыгатаваныя ёй лекі і лавіць кожнае слова, шукаючы ў ім схаваную мудрасць. Францішка глядзела на ўсіх паблажліва, а недзе і з пагардай. Бася сціснулася, трапіўшы пад яе цяжкі погляд. Ведае лекарка, каго вінаваціць у знікненні сваёй любімай вучаніцы. Уладзь узяў Басю за руку і моцна сціснуў. Ад гэтага захацелася ўспыхнуць і апынуцца на падлозе купкай абыякавага попелу. Дарэчы, навіну пра знікненне Анэлі Уладзь прыняў спакойна.
– Я ведаў, што ў паселішчы ёй цесна, а ў Свеце – занадта вольна, – прашаптаў ён, а Бася дадумала несказанае:
«таму для яе гэта лепшае выйсце».
У пакой Францішкі забегла вучаніца.
– Усе, каго вы чакалі, з’явіліся! Я прывяла! – выгукнула радасна, але зніякавела пад суровым поглядам сваёй настаўніцы. «Вось і тут – свая ўлада, у Францішкі. Нават Вікторыя перад ёй на дыбачках ходзіць», – Басі стала непамысна, быццам небяспека падсцерагае яе на кожным кроку, у кожным чалавеку, і ніхто не дапаможа, калі не ўбачыць у дапамозе сваёй выгады.
Людзі па чарзе заходзілі ў пакой. Сведкі знікненняў. Сябры і суседзі тых няшчасных, што не пакінулі новых людзей.
– Ты бачыў, як знік твой сябар? – мякка пытаецца Вікторыя ў высокага хударлявага хлопца з праставата-няўцямным выразам твару.
– Бачыў.
– Як гэта было?
– Ну, ён… знік.
– Ён растварыўся ў паветры, рассыпаўся пяском ці проста сышоў і не вярнуўся?
– Не ведаю. Знік, ды і ўсё. Ні слядочка не засталося, – хлопец дурнавата ўсміхнуўся.
– Ты заўважала ў сваёй сяброўкі бяду ці кепскі настрой? – Францішка, адчуваючы сваю ўладу ў гэтых сценах, не стрымлівала жорсткасць у голасе.
– Здаралася, яна была сумная, – разгубленую дзяўчыну прыціснула да крэсла цяжкім позіркам.
– Ты пыталася пра прычыны?
– У каго не бывае суму? Каб хацела – падзялілася б.
– Што ты можаш сказаць пра свайго суседа?
– Мы бачыліся, калі выпадкова сустракаліся ў дзвярах хаты. Я нават не запомніў яго імя. Дзіўны быў – заўсёды адзін.
– Чаму твая сяброўка захацела знікнуць?
– Яна казала, што жыццё ў паселішчы здаецца ёй лялечным. Што сапраўднага жыцця ў яе ніколі не будзе. Праўда, я не разумела, што яна мае на ўвазе. Старалася не слухаць такія словы, бо гэта падобна да блюзнерства.
– Хіба ў паселішчы кагосьці каралі за блюзнерства? – Вікторыя абурылася.
– Людзі коса глядзяць.
– Чаму ты не сказаў нікому, што твой сябар кепска пачуваецца?
– Я баяўся, што яго палічаць нявартым і прагоняць.
– Ты не заўважала, што з тваёй суседкай нешта не так, перш чым яна знікла?
– Ды не, ціхая была, як заўсёды, – дзяўчына з рудымі валасамі і хітравата-жвавымі вачыма прыжмурылася, ці то ўзгадваючы, ці то прыдумляючы.
– Што магло яе напужаць ці ўквяліць?
– Мы не надта стасаваліся. Яна нібыта прывязалася да хлопца з вояў, а той меў пару. Яна баялася, што застанецца адна, як Самотнік.
Бася міжволі зірнула на Вікцю. Тая напялася.