Бацька правёў Тацяну Эдуардаўну позіркам. Яе ногі ў чорных калготках, яе сьветлыя валасы, рассыпаныя па плячах, яе пастава гарадзкой, сталічнай штучкі… Бацька ненавідзеў Тацяну Эдуардаўну – але яму падабалася на яе глядзець. Неяк ён яе сьніў. Зрэдку ён думаў пра тое, што было б, калі засунуць ёй у рот тое, чаго яна заслугоўвае. На якой мове яна б тады гаварыла. Ці змагла б маўчаць. Але больш за ўсё ў Тацяне Эдуардаўне прыцягвала нейкая сіла, якая ішла ад яе на дзіва чыстага голасу. Моц перамогі. Бацьку было цяжка гаварыць зь ёй менавіта праз гэта – крышталь гэтага голасу немагчыма было падрабіць…
…«Я тут выйду, дзядзьку», – сказала дзяўчынка, налегшы плячом на дзьверы, і ён няўклюдна спыніў машыну, так што ягоная пасажырка ледзьве не разьбіла сабе нос. За акном была вёска, сьвежапафарбаваны плот, а за ім мужчына і жанчына зь вёдрамі.
«Не кажы нікому пра маіх Лёсю і Лёччыка», – папрасіў бацька, але дзяўчынка ўжо ня слухала, выскачыла з машыны і пабегла да весьнічак. Бацька паехаў проста на курэй, якія, лаючыся па-француску, кінуліся ўроссып, і завяз у нейкай кучы. За хатаю, дзе жыла дзяўчынка, чарнеў лес.
Той самы лес. Вялікі памежны лес, які праглынуў ягоных дзяцей. Ён проста аб'ехаў вакол лесу – вось і ўсё, што адбылося сёньня. Заднім ходам ён выбраўся з кучы і рушыў туды, да пафарбаванага ў ружовы колер крыжа, якім пачыналася вёска. Адматаўшы назад хаты, курэй і голых дзяцей, што не спускалі вачэй зь ягонай машыны – быццам спрабавалі запомніць нумар. Разварочваючыся, ён пасьпеў пабачыць краем вока, што бацькі дзяўчынкі выйшлі на вуліцу, і яна нешта расказвала ім, паказваючы пальцам на дарогу.
7. НАМАГАЮЧЫСЯ НЕ ГЛЯДЗЕЦЬ НА ЯЕ ЗУБЫ
Намагаючыся не глядзець на яе зубы, Лёся і Лёччык падышлі да гаспадыні хаткі бліжэй, і яна пагладзіла іх па валасах. Дотык быў прыемны – як вадой умыцца. У Лёсі і Лёччыка ніколі не было бабулі – і яны вырашылі называць жанчыну менавіта так. Яны нічога не казалі адно аднаму – проста вырашылі, і ўсё, і кожны ведаў, што гэта ўзаемна.
Хаця для бабулі гаспадыня салодкай хаткі была занадта маладая. Але гэта чамусьці не прыйшло ім у галаву. Маладая, таўставатая жанчына ў чырвоным станіку ад купальніка і прасторных шортах, перашытых з мужчынскіх штаноў. Яна выглядала так, быццам толькі што выпрасталася, корпаючыся ў гародзе. І гэта ўнушала да яе дзіўны давер.
«Можна», – паўтарыла яна і ўсьміхнулася.
Зубы – вось адзінае, што яе псавала. Чорныя, вострыя асколкі, якія драпежна выглядвалі з-пад пульхнай верхняй губы, цёмныя прагалы, побач зь якімі блішчэлі залатыя каронкі. Гэты скалечаны, жудасны рот прыцягваў іхныя позіркі. І таму яны стараліся глядзець ніжэй. На грудзі, якія калыхаліся так, быццам іх прынесьлі, каб павесіць на хатку, у дадатак да іншых уяўных ласункаў.
«Дзеці мае, дзеці», – сказала гаспадыня хаткі, прымружыўшыся. – «Галодныя, відаць?»
«Не», – сказала Лёся і строга паглядзела на Лёччыка.
«Не», – сказаў Лёччык, што праўда, досыць скрушна.
«Да Брэмэну далёка адсюль?» – спытала Лёся, разгортваючы мапу. – «Нам трэба ведаць, мы трапілі ўжо на мапу, ці яшчэ не».
«Блізка, дзеткі, блізка», – усьміхаючыся пустым ротам, сказала бабуля. – «Брэмэн… Як жа, ведаю. Угналі некалі туды на работу. Работы там хапае. Але жыць можна… Вось, гадоў дзесяць таму пасобіе палучыла як остарбайтар. Усё ў марках, у марках… На долары памяняла, унукам аддала».
Нешта тут было ня так, нешта не сыходзілася, думала Лёся, але вырашыла не задаваць лішніх пытаньняў. А хатка за іхнымі сьпінамі вабіла, прыцягвала да сябе сваімі яркімі налепкамі, малюнкамі, хатка быццам бы ціхенька трымцела ў раньнім сутоньні, і яны зь Лёччыкам адчувалі гэтае трымценьне – хрыбтамі, кончыкамі пальцаў, пяткамі, жыватамі…
«Хата Ігната», – сказаў Лёччык, з павагай азіраючыся на салодкую хатку.
«Ды не, якога Ігната», – сказала бабуля-маладуха. – «Я ў райцэнтры жыву, а гэта дача мая. Што было, з таго і зьляпіла хатку на пенсію… Песьня такая была красівая. «Я яго зьляпіла із таго, што была, а патом што было, то і палюбіла…» Але ж адкуда вам помніць, дзеткі, вы малыя яшчэ».
«Ты няправільна на Языку пяеш», – сказаў Лёччык, насупіўшыся. – «Трэба так: я ево слепіла із тово, что было». Па Языку правільна – ево, тово і что».
«Разумнік які», – зноў заўсьміхалася бабуля. – «Ты адкуль такі разумнік? І гаворыць, як у дзярэўні радзіўся. Нада ж такому случыцца».
І яна зусім ужо бессаромна раскрыла рот – так што Лёся і Лёччык пасьпяшаліся адвярнуцца.
«Дык адкуль вы, дзеткі?»
«Ні прапіскі, ні сказкі, жывем з божай ласкі», – сказаў Лёччык, успомніўшы бацькавы кніжкі. – «А ўвогуле мы зь…»
«Гэта брат мой», – сказала Лёся, моцна ўхапіўшы Лёччыка за руку, каб ня даць яму дагаварыць. – «Нам трэба трапіць на мапу, вось, а потым мы ўжо самі разьбярэмся».
«Брат?» – бабуля заўсьміхалася яшчэ больш прыязна, але потым раптам стуліла вусны – і ад гэтага зрабілася неяк вусьцішна. У лесе зусім пацямнела, і надпісы на сьценах хаткі ўжо немагчыма было прачытаць. – «Нешта не падобныя вы зусім. Брат…»