Гэта ўсё летнія сярэднявеччы – былі ж яшчэ зімовыя. Аднак пра іх Толік сёньня не хацеў успамінаць. Толік наогул не любіў успамінаць. Бо тады ўсё тое, чаму ён навучыўся ў лягеры, пачынала вельмі хутка забывацца. А ў роце зноў расла гэтая пухліна, якая чамусьці ніяк не хацела памяншацца, як ні стараўся бедны лягерны доктар. Толіку вельмі хацелася яму дапамагчы. І ён нават прыдумаў, як. Але яго ніхто не хацеў слухаць.
І Толік ня надта разумеў, чаму. Ён жа больш не абкакваўся, калі яго прывязвалі. Нікому не даводзілася больш за ім прыбіраць. І ўсё роўна зь ім ніхто не хацеў гаварыць. Можа, таму, што яны баяліся – баяліся заразіцца. Толік гаварыў дрэнна. Толік рабіў дрэнна. У Толіка не было сяброў. Праўда, доктар казаў, што ён Толікаў сябар (Друх), але Толік яму чамусьці ня верыў. Аднекуль ён ведаў – і ведаў, што яму гэта вядома зь дзяцінства – што сябар не ўстаўляе распоркі і не трымае нажніцы. Доктар быў добры – але быць добрым ня значыць быць сябрам, асабліва для такога чалавека, як Толік.
Звычайна іх тут было дваццаць пяць хлопчыкаў. Дваццаць пяць хлопчыкаў і дваццаць пяць ложкаў. Адзін хлопчык – адзін ложак. Гэта Толік мог зразумець. Але зь нядаўняга часу ложкаў было дваццаць пяць, а хлопчыкаў дваццаць чатыры. І Толік ведаў, чаму. Проста пра гэта нікому нельга было расказваць. І важаты рабіў выгляд, што хлопчыкаў дваццаць пяць, зусім як ложкаў, і ніхто не казаў, што тут памылка і дваццаць пяць мінус адзін будзе дваццаць чатыры.
Калі Толік хадзіў у школу, ён умеў лічыць значна большыя колькасьці людзей і прадметаў. Ён умеў – і гэта праўда! праўда, мама? – разгадваць такія загадкі, якія ня ўмелі нават прафэсары ўнівэрсытэту. І таму было вырашана, што ён будзе займацца па спэцыяльнай праграме: паўдня ў школе, паўдня ў цэнтры гораду, у вялікай і гулкай залі з дошкай са шкла. Але вось праблема (ці Случай, як кажуць важатыя) – калі яго прывялі да прафэсараў, праверыць, ці праўда Толік такі разумны, ён ня мог сказаць, як называюцца ўсе гэтыя складаныя рэчы. Высьветлілася, што ў матэматыкі свой Язык – як сказаў адзін малады прафэсар. І Язык у яе толькі адзін. А мама гэтага ня ведала, яна наогул слаба сабе ўяўляла, што такое матэматыка. Што зь яе возьмеш. Яна проста вучыла Толіка не таму Языку, на якім гаварылі прафэсары. Таму Толік зусім нічога ня змог ім тады сказаць. Так Толік трапіў у лягер.
Калі важаты сыходзіў, ён заўжды клапатліва папраўляў камусьці з хлопчыкаў коўдру. Дзяўчаткі расказалі, што важатым так сказаў рабіць сам дырэктар лягеру. Каб яны, хлопчыкі і дзяўчаткі, адчувалі сябе ў лягеры, як дома. Якая лухта, сказалі тады хлопчыкі. Дзявочыя цацачкі. Хіба ў лягеры можа быць, як дома? У лягеры ў сто разоў лепш! Дома ніхто не даваў ім такіх таблетак. Дома ўсе лекі горкія. Горкія і гідкія, так што хочацца ванітаваць.
«Ад ніх начынаецца ташніт», – сказаў тады адзін хлопчык зь іхнага атраду. І ўсе пагадзіліся, хаця і ведалі, што казаць так няправільна.
У іхным атрадзе важаты звычайна папраўляў коўдру Толіку – і кожны раз коўдра падала на падлогу. Толік злазіў з ложка, каб яе падняць, і атрымліваў па галаве. Рука ў Важатага і праўда была клапатлівая. Адной дзяўчынцы іхная важатая паклапацілася па галаве так, што ў яе пайшла кроў. Гэта ім таксама расказвалі дзяўчаткі – яны вечна ўсё ведаюць, хаця ім і нельга верыць. Як у чалавека можа пайсьці з галавы кроў? Калі б так было – ад доктара ўсе выходзілі б акрываўленыя. Але нічога такога не было – толькі рот крыху балеў ад распорак.
Важаты сыходзіў, нагадаўшы ім пра Сярэднявечча. У пакой зазіраў ліхтар – найлепшы Толікаў сябар. Толік любіў гаварыць зь ім, лежачы ў ложку і захінуўшыся коўдраю амаль да самых вачэй. Ліхтар ведаў пра Толіка шмат. І нікому не расказваў – бо ўмеў захоўваць таямніцы. Ліхтар ведаў, напрыклад, як аднойчы Толік скраў у важатых таблеткі, якія яны забіралі сабе, хаця мусілі раздаваць дзецям. Толік хацеў занесьці іх доктару, каб аддаць, але па дарозе ўсе зьеў. І таму прыйшоў да мэдпункту такі вясёлы, што яму доўга круцілі рукі і крычалі, каб ён больш ніколі не падыходзіў да гэтага дому так блізка, што ён хацеў забіць доктара і што Сярэднявечча яму гарантаванае цяпер кожны дзень.
Ліхтар бачыў, як аднойчы, у адну звычайную, а не сярэднявечную ноч, Толік вылез праз акно і выкапаў яміну. А потым засыпаў сам сябе – ажно па самую шыю. Для гэтага Толіку давялося ўсяго толькі змайстраваць адно няхітрае прыстасаваньне. Проста Толіку падалося, што ад яго тут у лягеры патрэбная толькі галава – вось ён і пакінуў ім адну галаву. Пухліна ж была там, а не ў жываце ці ў сэрцы.
Толік таксама ведаў сёе-тое пра ліхтар. Але трымаў язык за зубамі – як казаў доктар. Ён памятаў, што такое сяброўства. Сяброўства – гэта ўменьне захоўваць таямніцы. Ліхтар пра Толікавы таямніцы маўчаў – і Толік пра ягоныя таксама.