Доктара Толік вельмі любіў. Ён ня мог назваць доктара сваім сябрам – бо хіба можа сябар працаваць у мэдпункце? Але калі на сьвеце ў кожнага хлопчыка і ў кожнай дзяўчынкі ёсьць тата, думаў Толік, дык яму, Толіку, хацелася б, каб татам быў менавіта іхны доктар. Той самы доктар, які так стараецца, каб Толік выйшаў зь лягеру здаровым і з чыстым голасам. А там, хто ведае, можна будзе зноў вярнуцца і да матэматыкі. І калі яго зноў прывязуць да таго маладога прафэсара, прафэсар паслухае яго і скажа:
«Молодец, Толик. Из тебя будет толк».
Або так:
«Молодец, Толк. Из тебя будет Толик».
Вось і сёньня, калі Важаты зачыніў дзьверы, а за акном засьвяціў сваім сяброўскім, змоўніцкім сьвятлом ліхтар, Толік ціха засьмяяўся, нацягваючы на сябе коўдру. У яго такое цікавае імя. На языку толк – гэта нешта вельмі правільнае і чыстае. Амаль як голас. Толік любіў доктара – і вельмі хацеў яму дапамагчы.
Але доктар казаў, што ў Толіка пакуль што занадта вялікая пухліна, і наўрад ці яго выпішуць так хутка. Што ад лячэньня пакуль мала толку. Можа, нават наступным летам яго яшчэ ня выпішуць, сказаў доктар. Толік перажываў ня толькі за сябе. Яму было вельмі шкада доктара.
І таму сёньня, калі ўсе гісторыі былі расказаныя і ўсе ў пакоі паціху ўлягліся спаць, Толік вырашыў ажыцьцявіць сваю ідэю. Ідэя была простая і лягічная. Як матэматычная задача, якую некалі не маглі рашыць прафэсары, нават самыя старыя і сівыя. А Толік змог.
Калі ў пакоі зрабілася зусім ціха і вакол Толіка запанавала сапеньне і парохкваньне, ён раскрыў рот – так шырока, як толькі мог. А раскрываць яго ён навучыўся так, як ніхто ў атрадзе – таму што шмат трэніраваўся падчас аглядаў у доктара. Калі яму ставілі распоркі, Толік заўжды імкнуўся дапамагчы доктару і расьцягваў свой рот як мага шырэй.
Ён паляжаў крыху з адкрытым ротам. Ліхтар падміргнуў яму: «Давай, Толик! Из тебя будет толк!»
Недзе ў роце, зусім блізка ад Толіка, была яна. Костачка, пухліна, балячка, празь якую ён быў тут і ня мог гаварыць чыстым голасам, такім, каб яго разумелі людзі. У тым ліку прафэсары матэматыкі.
Толік паляжаў яшчэ крыху, а потым узяў і паволі засунуў руку сабе ў рот. Цэлы кулак. Мокрае ад сьліны запясьце прыемна халадзіў ветрык з адчыненага акна.
Ён паспрабаваў пальцамі намацаць гэтую пухліну, гэтую костачку, гэтую гідотную балячку, якая не давала спакойна жыць ягонаму доктару. Доктару было цяжка дабрацца да яе сваімі інструмэнтамі. А Толік вось дабраўся. Заўтра доктар паставіць распоркі, зазірне ў рот Толіка і… Не, Толіку не хацелася ад доктара ні віншаваньняў ні падарункаў. Яму хацелася толькі, каб доктар зьдзівіўся. Усьміхнуўся сваёй добрай усьмешкай і сказаў:
«Молодец, Толик! Я всегда знал, что из тебя выйдет толк!»
Толік паспрабаваў намацаць пухліну пальцамі, але чамусьці ніяк ня мог яе знайсьці. Пальцы не зьмяшчаліся ў роце, і наогул ён адчуваў, што яго зараз званітуе. Трэба было сьпяшацца. Толік засунуў пальцы яшчэ глыбей. Яго пачало злаваць, што пухліна ў роце хаваецца ад яго. Ён сьціснуў кулак – і кулак раптам зрабіўся такі вялікі, што запоўніў сабой увесь рот. Як быццам набрыняў ад сьліны.
«Як глыбока я яго засунуў», – падумаў Толік. – «Яшчэ трохі, і я буду як Чалавек-навыварат. Выверну сябе і пагляджу, дзе тая пухліна і куды яна правалілася».
А ягоны кулак пасоўваўся ўсё далей і нарэшце захрас у нейкай сьлізкай, але занадта вузкай трубе. У вачах Толіка зьявіўся ліхтар – які сьвяціў яму цяпер так утульна, быццам запрашаў пайсьці за сабой кудысьці. Кудысьці, дзе з усіх толікаў на сьвеце заўжды выходзіць толк.
А пасьля ліхтароў было ўжо некалькі. Яны ўсё множыліся і множыліся, як у матэматыцы. І Толік адчуў, што ён і праўда ідзе некуды, проста ў паветры. Ён зразумеў, што ў лягер больш ня вернецца. І пайшоў туды, куды паказваў яму той, самы першы, добры і ўсяведны ліхтар.
16. ВАМ ШКЛО НІКОЛІ Ў РОТ НЕ ТРАПЛЯЛА?
Вам шкло ніколі ў рот не трапляла? Не?..
Дробнае такое, пакрышанае, як для супу. Ты не адразу разумееш, што гэта яно, спачатку ты ўсё яшчэ спадзяешся, што на зубах храбусьціць звычайны пясок – і усё адно, немагчыма выплюнуць, жуеш, быццам цябе хто прымушае. Ня можаш не жаваць – звычка, а да таго ж яшчэ і пэрыядонта-мускулярны рэфлекс, супраць якога не папрэш.
Змусіць свае сківіцы да абсалютнае нерухомасьці насамрэч даволі цяжка – асабліва, калі ты жывеш у век жуйкі, бэтэлю і снафу. Вядома, частку шкла можна дастаць рукамі – калі яны вольныя, або вышпурнуць вуснамі, разам з кавалачкамі мяса, жоўтымі мандарынавымі жылкамі, чорнымі жучкамі дрэнна запаранай кавы, костачкамі ад учорашняга вінаграду і невядома чым яшчэ – і з ружовымі бурбалкамі сьліны, выціраючы пальцы проста аб штаны. Перадусім, аднак, хочацца выплюнуць сам гэты гук, гэты мярзотны хробаст.