Читаем Дзеці Аліндаркі полностью

Напрыклад, Толік ведаў, што акурат пад гэтым ліхтаром важатыя клапаціліся пра адну дзяўчынку зь першага атраду. Клапаціліся ў яе паміж ног, па чарзе. У пакоі ўсе рабілі выгляд, што сьпяць. Ніхто тады ня вызірнуў у акно, апрача Толіка. Сучасныя людзі баяцца Сярэднявечча, яны лічаць, што яно яшчэ ня скончылася. Але Сярэднявечча – гэта і ёсьць такі ліхтар пасярод ночы. Удзень ён выключаецца, а ўначы гарыць. Так думаў Толік, але Толіка ніхто не хацеў слухаць – каб не заразіцца.

Важаты зьнікаў, ліхтар гарэў, як ваўчынае вока, недзе зусім блізка шумеў лес – і тут пачыналася самае цікавае.

Хлопчыкі пачыналі расказваць пачутыя ад дзяўчатак гісторыі – і хаця дзяўчаткам нельга было верыць, бо яны толькі і робяць выгляд, што ўсё на сьвеце ведаюць, слухаць іх было можна.

Кожны ведаў, што ў лесе вакол лягеру жывуць самыя розныя істоты. Якім у лягер, вядома, ніколі не прабрацца – але часам тыя істоты падыходзяць занадта блізка, і тады трэба быць асцярожным, каб ня трапіць у які-небудзь Случай.

Расказвалі пра чалавека, які паказвае сябе. Гэта быў такі мужчына, які падыходзіць да агароджы і прапануе цукеркі, а потым выварочвае сябе.

«Як гэта выварочвае?» – пыталіся новенькія.

«Ну як-як. Навыварат! І что это за выварочвае? Учі язык – тагда паймёш!»

Усім было цікава, што выходзіць, калі чалавек выварочвае сябе навыварат. Але тыя, хто бажыўся, што бачыў гэтага чалавека, нічога не маглі патлумачыць. А мо й не хацелі. Відаць, смачныя былі ў яго цукеркі.

Яшчэ расказвалі, што па лесе, зусім блізка ад лягеру, ходзіць адзін салдат. Ці не салдат, а матрос. А можа і ўвогуле, міліцыянэр. А завуць яго Баравой Дохлы. Чаму менавіта так, ніхто ня ведаў. Аднойчы яго бачыў адзін хлопчык з трэцяга атраду – амаль здаровы, яго нават ужо зьбіраліся адпускаць зь лягеру. Дык вось пасьля сустрэчы зь ім той малец ужо зусім ня мог гаварыць. Ні чыста, ні брудна, ні нават мычаць. І тады яго і праўда выпісалі. Сказалі, што скончылася зьмена. А зьмена ў лягеры ў кожнага была свая.

Таму што ў кожнага свой тэрмін дзяцінства, тлумачыў дырэктар. Ніхто не разумеў, што гэта значыць. А вось калі адна дзяўчынка спытала ў доктара, той спакойна расказаў, што адны людзі робяцца дарослымі раней, іншыя пазьней, а ёсьць і такія, хто ніколі не сталее.

«Если все будут становится взрослыми одновременно – это же ерунда получится», – сказаў доктар. – «Вот смотри: если все отряды в нашем лагере пойдут на обед в одно время, что будет?»

І гэта было зразумела нават Толіку. Бо вельмі лёгка было ўявіць сабе, як у сталовую, дзе месца было толькі на дваццаць пяць чалавек, набіваюцца ўсё новыя і новыя хлопчыкі і дзяўчаткі. Першы атрад, другі, трэці, чацьверты, пяты… Гэта ж давялося б усім на каленях сядзець адно ў аднаго, і немагчыма было б лыжку паднесьці да рота – гэткая была б штурханіна і цяснота, дый не хапіла б на ўсіх ні ежы, ні талерак, ні лыжак.

«Вот вы сказалі, что есть дети, которые никогда не делаются взрослые», – спытала дзяўчынка ў доктара наступым разам. – «А есть такие, кто сразу делается взрослый, кто никогда не маленькій?»

І тады доктар сказаў ёй, што такія дзеці ёсьць. І нават у іхным лягеры такія жывуць. І яшчэ доктар сказаў, што ўсё залежыць ад бацькоў: калі дзяцінства пачынаецца і калі канчаецца.

Уначы расказвалі рознае. Што дзяўчынка Дуня, якую ўсе звалі Дыня, гэта насамрэч дачка дырэктара. І што тая Дыня па начах ходзіць у лес – і ловіць там чарвякоў і зьмеяў. А потым кідае іх на кухні ў вялікую каструлю з супам, калі кухар дзядзька Вася выходзіць пакурыць. І што за гэта дырэктар папрасіў іхнага доктара кожны раз, калі яна ўцякае ў лес, каб набраць рознай мярзоты, рабіць раніцай Дыні Сярэднявечча. І калі раніцай з мэдпункту было чуваць, як тоўстая Дыня крычыць і нешта мыкае – бо як ты скажаш штосьці з распоркамі ў роце, хлопчыкі і дзяўчаткі казалі:

«Так ей і нада!»

Дыню ніхто не любіў. Але яе і не чапалі – напэўна, тады давялося б адказваць перад дырэктарам. Дырэктара, праўда, мала хто баяўся – хіба што новенькія. Дырэктар падаваўся бяскрыўдным чалавекам, але трапіцца яму пад руку не хацеў ніхто. Яго і відаць у лягеры амаль не было – а калі трэба было сказаць штосьці на лінейцы, дырэктар гаварыў нейкімі незразумелымі словамі, якія не разумелі нават тыя, хто меў ужо амаль чысты голас.

За такія гісторыі, як пра Баравоя Дохлага, Чалавека-навыварат і Дыню, важатыя іх каралі. І гэта, па чутках, таксама загадаў дырэктар. Дый іхны добры доктар, калі гаварыў з хлопчыкамі і дзяўчаткамі, незадаволена моршчыўся і тлумачыў:

«Это всё ваши болезни, ваши болячки. Это опухоли, косточки в ваших головах создают их. Наш лагерь должен быть от них очищен! Чистый голос – самый хороший способ избавиться от фантазий!»

Перейти на страницу:

Похожие книги

Уроки счастья
Уроки счастья

В тридцать семь от жизни не ждешь никаких сюрпризов, привыкаешь относиться ко всему с долей здорового цинизма и обзаводишься кучей холостяцких привычек. Работа в школе не предполагает широкого круга знакомств, а подружки все давно вышли замуж, и на первом месте у них муж и дети. Вот и я уже смирилась с тем, что на личной жизни можно поставить крест, ведь мужчинам интереснее молодые и стройные, а не умные и осторожные женщины. Но его величество случай плевать хотел на мои убеждения и все повернул по-своему, и внезапно в моей размеренной и устоявшейся жизни появились два программиста, имеющие свои взгляды на то, как надо ухаживать за женщиной. И что на первом месте у них будет совсем не работа и собственный эгоизм.

Кира Стрельникова , Некто Лукас

Современная русская и зарубежная проза / Самиздат, сетевая литература / Любовно-фантастические романы / Романы