Читаем Дзеці Аліндаркі полностью

“У лес, дурань! У лес, малы, у лес! У цябе што, няма ніякай схованкі? Калі я быў малы, у мяне заўжды была схованка, і калі дарослы, таксама. Ты жывеш каля самага лесу і не прыдумаў сабе схованкі? Бяжы і дамоў не вяртайся!”

“Але мамка сказала… Там абычны піянерскі лагер”.

“Мамка сама ня ведае, што там. Бяжы, прыдурак! Мамка ўжо нешта западозрыла, так што не разводзь тут гаварыльні, бяжы!”

І бацька штурхнуў хлопчыка ў плячо. Той паваліўся, ускочыў, твар ягоны перакасіла мярзотная, дзіцячая крыўда. Ён, мусіць, думаў уцячы, але бацька схапіў яго за руку і сьціснуў так моцна, што хлопчык мацерна вылаяўся.

“Давай! Пайшоў!” – бацьку апанавала нейкая тупая злосьць на гэтага недамерка, якога ён вырашыў што б там ні было ўратаваць. – “Пайшоў у лес, ты, зомбі!”

Бацька адпусьціў руку хлопца і даў яму высьпятка, і толькі тады той пабег. Да хаты, зразумела. Хто б сумняваўся. Бацька дагнаў яго, і яны разам паваліліся на зямлю. Ён зароў і схапіў хлапчука за шыю:

“У лес! Бягом! Каму сказаў!”

Ён бег па лесе, прадзіраючыся скрозь гальлё і адчуваючы, як адхінаюцца ад іх яловыя лапы. Лес не хацеў да іх дакранацца. Бацька бег, не разьбіраючы дарогі, сьціскаючы гэтую тонкую руку – яму ўжо ня важна было, ці трымае ён нешта яшчэ, апрача гэтай дзіцячай рукі. Была толькі яна, сьціснутая так, быццам бацька зьбіраўся адбівацца ёй ад ворагаў, было гучнае ўсхліпваньне за сьпінай, быў лес, была мэта. Яны беглі так доўга, пакуль бацька ня ўпаў тварам у мох. Але руку ён так і не адпусьціў.


17. КАЛІ НА ДАРОЗЕ ТЫРЧЫЦЬ ЗНАК, ЗНАЧЫЦЬ, ЗА ІМ АБАВЯЗКОВА БУДЗЕ ПРЫПЫНАК


Калі на дарозе тырчыць знак, значыць, за ім абавязкова будзе прыпынак. Аднекуль Лёся ведала гэта – хаця яе ніхто гэтаму не вучыў. Проста дарога была для яе кнігай – а ў кнігах бывае звычайна менавіта так.

Знак быў дзіўны, такіх яны зь Лёччыкам ніколі ня бачылі. Дзьве чорныя вэртыкальныя паласы ў чырвоным трохкутніку – адна простая, а побач зь ёй выгнутая…

“Гэта руна Райду, Шлях”, – сказала Лёся, спрабуючы ступаць так, каб быць заўжды на паўкроку паперадзе Лёччыка.

“Лухта!” – сказаў Лёччык. – “Яна хутчэй падобная на маркаманічную руну “Хур”.

Лёся ня стала спрачацца. Пакрысе яны адолелі ўзгорак, і ісьці зрабілася значна лягчэй. Яны нават паспрабавалі засьпяваць песьню – пра тое, як бацька сказаў, што ўсё будзе кепска, але што так цудоўна гучала ў лесе, на ўзбочыне дарогі ператваралася ў звычайныя крыкі, і таму яны, не дасьпяваўшы да канца, сьціхлі. Над дарогай вісела сонца, увесь час адступаючы, нібы фатаграфавала іх, няспынна, шчоўк-шчоўк-шчоўк-шчоўк: і яны бачылі сябе на гэтых сонечных кадрах, на гэтай засьвечанай стужцы летняга поўдня, якая разгортвалася перад імі, сьцелючыся проста пад нагамі.

“А вось яшчэ адна!” – Лёся падбегла да наступнага знаку. – “Сонца! Руна Сонца!”

“І тут міма”, – Лёччык абыякава прамінуў дарожны знак і цяпер наперадзе быў ён, давялося яго даганяць і зноў наладжваць крок. – “Гэта хутчэй Хагалаз. Град”.

“Ды ну цябе”, – сказала Лёся і пагардліва паглядзела на брата. – “Сам ты Хагалаз”.

Нарэшце яны выйшлі на сапраўдную дарогу – і гэта надавала ім сілаў. Праўда, ніводзін зь іх ня ведаў, ці трапілі яны ўжо на мапу. Яны пачуваліся ніякавата на гэтай бясконцай узбочыне – у лесе было куды весялей. Сустрэчныя машыны абдавалі іх прывезеным зь невядомых краёў ветрам – але Лёсі так і карцела збочыць у лес і схавацца за суцэльнай сьцяной прыветных, як старыя знаёмыя, дрэваў.

Сонца падумала і схавалася за хмару, лёгкую, летнюю, амаль празрыстую. І тады яны пабачылі прыпынак.

Хаця, можа, гэта быў і ня ён. Проста на ўзбочыне стаяла ружовая бэтонная хатка-трохсьценка, а ўнутры была лаўка. На лаўцы сядзела бабуля ў чорнай хустцы – нерухома, як мёртвая. Вочы глядзелі ў адну кропку, Лёччык паспрабаваў прасачыць, куды менавіта яна глядзела, і ня змог.

А далей, за гэтай бэтоннай хаткай, зноў ішла тая самая ўзбочына, рэдкія прысады знакаў і слупкоў. І такая самая на тым баку. А пасярэдзіне быў асфальт, прагна паедзены коламі вялікіх машынаў. І над асфальтам плавілася паветра, распаўзалася гарачымі зьмеямі, скрозь якія ўсё было відаць, як праз матавае шкло.

Бабуля паднялася з лаўкі. На дарозе нечакана вырасла тоўстая пыса аўтобуса. Дзьверы адчыніліся, і бабуля палезла ўгару, сьмешна перастаўляючы кароткія, амаль нябачныя ножкі.

“Едзем”, – сказала Лёся.

“Едзем”, – сказаў Лёччык. – “Магчыма, мы ўжо на мапе. Аўтобусныя людзі мусяць ведаць”.

І яны палезьлі за маленькай чорнай бабулькай. Там, наверсе, сядзеў за стырном такі самы тоўсты, як ягоны аўтобус, мужчына ў яркай кашулі, з кароткіх рукавоў вывальваліся вялізныя валасатыя рукі, і ў іх стырно выглядала, як нейкі плод у лапах малпы.

“А вам дакуда, маладзёж?” – спытаў кіроўца, непрыязна зірнуўшы на Лёччыка.

“Нам? Туды”, – махнуў рукой Лёччык.

“Не падманвай!” – сказала Лёся шэптам і гучна патлумачыла: “Нам, увогуле, у Брэмэн”.

“Шутніца!” – сказаў кіроўца. – “Можа, вас у Маскву адвезьці? У Крэмаль? А дзеньгі ў вас есьць, рэбята?”

Перейти на страницу:

Похожие книги

Уроки счастья
Уроки счастья

В тридцать семь от жизни не ждешь никаких сюрпризов, привыкаешь относиться ко всему с долей здорового цинизма и обзаводишься кучей холостяцких привычек. Работа в школе не предполагает широкого круга знакомств, а подружки все давно вышли замуж, и на первом месте у них муж и дети. Вот и я уже смирилась с тем, что на личной жизни можно поставить крест, ведь мужчинам интереснее молодые и стройные, а не умные и осторожные женщины. Но его величество случай плевать хотел на мои убеждения и все повернул по-своему, и внезапно в моей размеренной и устоявшейся жизни появились два программиста, имеющие свои взгляды на то, как надо ухаживать за женщиной. И что на первом месте у них будет совсем не работа и собственный эгоизм.

Кира Стрельникова , Некто Лукас

Современная русская и зарубежная проза / Самиздат, сетевая литература / Любовно-фантастические романы / Романы