Там, у цені пад каштанам, стаяў невялікі фургон. Такія апошнім часам шмат дзе сустрэнеш у нашай краіне: зь лягатыпам якой-небудзь няіснай цяпер нямецкай фірмы, з даўно неактуальным чужаземным тэлефонам на падраным баку і рэклямай невядомага зьместу. Мужчына падвёў дзяцей да задніх дзьвярэй і адчыніў – унутры было цёмна і холадна, як у яміне, і падлога была ўся ў бурых, густых плямінах.
Ён азірнуўся па баках і паказаў пальцам усярэдзіну:
“Залазим внутрь и молчим”.
“А пальцам паказваць…” – пачала Лёся, але гэты незнаёмы ім тата нецярпліва схапіў яе за талію – і яна паляцела ўглыб фургона, а ўсьлед за ёй паляцеў і Лёччык, якому такая акрабатыка нават прыйшлася даспадобы. Дзьверы ляснулі, і Лёся зь Лёччыкам апынуліся ў поўнай цямрэчы. Яшчэ адзін кароткі, рэзкі ляскат – і фургон са зларадным бурчаньнем папоўз па брукаванцы, потым крэкнуў, разагнаўся – і Лёся і Лёччык ілбамі адчулі, як хутка ён рвануў зь месца і пабег па вуліцах.
“У яго зубы, як іголкі”, – сказаў Лёччык. – “Цікава, як ён цалуецца са сваёй жонкай”.
“Можа, у яе зубы, як ніткі”, – сказала Лёся.
Па тым, як гаварыў рухавік, і тым, як падтаквалі яму колы, яны неўзабаве дапялі, што фургон выехаў зь мястэчка. Зрабілася яшчэ больш холадна, і вецер даставаў іх з усіх шчылінаў, як яны ні стараліся знайсьці зручнае месца.
“Ты пасьпела прачытаць, што напісана на гэтым фургоне?” – спытаў Лёччык.
“Шрэдэр і сын, рамонт сантэхнічнага абсталяваньня кругласуткава, усталяваньне ваннаў, унітазаў і замена трубаў”, – сур’ёзна, нават заклапочана прадэклямавала Лёся.
“Ясна”, – Лёччык прысунуўся да яе бліжэй.
Яны ехалі ня надта доўга – фургон таргануўся і спыніўся. За тонкімі сьценамі пачуўся агушальны птушыны сьпеў. Там шумеў лес, адтуль пахла ігліцай і зямлёй. Дзьверы адчыніліся і ў вочы Лёсі і Лёччыку зноў ударыла сьвятло. Яны прыціснуліся да сьценкі – а незнаёмы тата разнасьцежыў дзьверы, так што ў фургоне зрабілася зусім сьветла. У прастакутніку перад імі, як на экране, яны зноў пабачылі лес.
Як жа хораша! – падумала Лёся. Пасьля ўсіх гэтых аўтобусаў, уазікаў, фургонаў і кабінэтаў. Калі б я была ваўкалакам, я б уцякала ў лес не ўначы, а з самай раніцы – прыйшло ёй раптам у галаву. Невядома, зь якой прычыны.
“Хорошо”, – працадзіў мужчына, быццам бы пагадзіўшыся зь Лёсінымі думкамі. – “Хорошо”.
І тады ён зьняў цёмныя акуляры. А пад імі не было нічога – проста гладкая скура. Праўда, на ёй былі намаляваныя два вокі, але так няўмела, звычайнай шарыкавай асадкай, што Лёсі адразу зрабілася ніякавата.
“Што ў вас с глазыма?” – вырашыў бліснуць веданьнем Языка Лёччык.
“Заросли”, – сказаў мужчына, агаліўшы свае зубы-іголкі. Цяпер ён ужо не трымаў рукі каля вуснаў, і голас ягоны гучаў так выразна і чыста, што Лёччыка апанавала зайздрасьць. – “Все эти таблетки. Да…”
Ён паглядзеў сваімі намаляванымі вачыма на Лёсю – і тая ўся сьцялася. Намаляваныя вочы не міргалі – яны ўтаропіліся на яе рукі, калені, на голы жывот, які выглядваў з-пад зашмальцаванай, даўно ўжо сіня-зялёна-чорнай майкі.
“Хорошо”, – паўтарыў невядомы тата. – “Тебя, паренек, я отвезу доктору. Скорая помощь. А ты, девочка, выходи”.
Ён вымаўляў гукі з задавальненьнем – бы цукеркі еў. Лёся ня рухалася – і тады тата ўскочыў у фургон, зь лёгкасьцю адарваў яе ад Лёччыка і выкінуў у траву.
“Лёся, бяжы!” – крыкнуў Лёччык. Але ногі ня слухаліся Лёсю. Пачуўся грукат – невядомы тата зачыніў дзьверы фургона, і Лёччык забарабаніў па іх, але ўсё было дарэмна.
Мужчына схапіў Лёсю за валасы і пацягнуў да дрэваў. І тады яна, вядома, закрычала – бо гэты раптоўны боль быў такі, што ім зрабілася ўсё, і Лёся сама перастала быць Лёсяй, яна была проста нейкай скрынкай, поўнай усялякае драбязы: усё зрабілася драбязой, апрача гэтага болю.
“Вкусная”, – сказаў невядомы тата, прысланіўшы яе да дуба. – “Грязная, вкусная. Хорошо, что тебя не мыли”.
На нейкае імгненьне Лёся адчула ўдзячнасьць да гэтага мужчыны ў вайсковай форме – за тое, што боль адступіў, што ягоная нечалавечая тэмпэратура імкліва падала ў напрамку нуля, за тое, што яна зноў адчувала сваю галаву, сваё цела, бачыла лес і чула, як гнеўна заходзяцца над ёй схаваныя сярод вецьця птахі. Але гэтая страшная, такая крыўдная ўдзячнасьць зьнікла, як не было – замест яе была толькі нянавісьць.
Твар мужчыны быў зусім блізка, яна адчувала яго дыханьне. Рот быў адкрыты, і ад зубоў-іголак ішоў пах селядца. Намаляваныя зрэнкі ўсё гэтак жа, не міргаючы, глядзелі ў шырока расплюшчаныя вочы Лёсі, і з намаляваных зрэнак зеўрала пустата, зь якой нічога немагчыма было зрабіць.
З раскрытым ротам невядомы тата паволі пачаў апускацца на карачкі. Напэўна, ён нават не пачуў нічога, бо зубы-іголкі ў ягоным роце раптам пачалі перазвон – ня надта гучны, ён нарастаў, як камарынае гудзеньне. А вось Лёся пачула – як фургон забурчаў, задрыжэў, і да носа Лёсі даляцеў салодкі пах выхлапных газаў.