Читаем Дзеці Аліндаркі полностью

“Ні прапіскі, ні сказкі, жывем з божай ласкі”, – прамармытаў Лёччык, але тут нейкая жанчына, якая нецярпліва тузалася на пярэднім сядзеньні, прабурчала:

“Ды падвязі ты дзяцей, што табе, жалка?”

“Ладна”, – сказаў кіроўца і зачыніў дзьверы. І аўтобус, такі задушлівы, як школьная разьдзявальня пасьля фізкультуры, рохкаючы, рушыў зь месца і нясьпешна пакаціў па дарозе, падскокваючы на выбоінах.

“Глядзі, што ў яго ёсьць”, – зашаптала Лёся. – “Вунь там, дзе ён грошы складвае. Ды вунь жа!”

І Лёччык пабачыў, што каля кіроўцы ляжыць складзеная, працёртая на згінах зеленаватая мапа.

“Прыдумала”, – сказала Лёся. – “Мы можам прыкласьці яе да нашай…”

І тут зь яе рук выпала шмат аркушаў – яны пасыпаліся на падлогу, і ўвесь аўтобус кінуўся іх зьбіраць.

“Дзякуй”, – паўтараў Лёччык. – “Дзякуй”.

“Дзякуй”, – сказала Лёся. – “Дзякуй вам, цётачка. І вам!”

“Якія вежлівыя дзеці”, – ухвальна сказаў нехта. – “Наверна, радзіцелі харашо васьпітывают”.

“Харашо-та харашо”, – азваўся кіроўца. – “Што ж яны гразныя такія. Аж ваняе. Як сьвіньні”.

“Ты на сябе паглядзеў бы”, – уступілася за дзяцей тая цётка, якая ўгаварыла кіроўцу ўзяць Лёсю і Лёччыка на борт. – “Кожны раз увесь аўтобус як прапярдзіш, фортку дажа зімой адкрываць трэба”.

Аўтобус зарагатаў. Кіроўца пачырванеў і надзеў цёмныя акуляры.

“Дзядзьку, а можна ў вас мапу пазычыць, на хвілінку?” – спытала ў яго Лёся, калі ўсе аркушы былі сабраныя.

“Чаго?”

“Вось гэтую”, – сказаў Лёччык, паказаўшы на мапу пальцам.

“Зноў ты пальцам паказваеш”, – сказала Лёся. – “Так, гэтую. Мы проста прыкладзем яе да сваёй, параўнаем і адразу аддамо, праўда, Лёччык?”

“Ну вазьміце”, – працадзіў кіроўца. – “Толькі аддаць не забудзьце. І гэта, сядзьце наканец-та. У той канец ідзіце, каб я вас тут ня нюхаў”.

Яны схапілі мапу і пабеглі ў самы канец аўтобуса. Але мапа была ня тая. Ніводная зь яе дарог не перасякалася з тымі, што былі ў атласе. У кіроўцы была нейкая няправільная мапа – у самым яе цэнтры была сталіца іхнай краіны – а ў атласе такога гораду яны так і не знайшлі.

“Нічога”, – сказаў Лёччык. – “Галоўнае, што дарога ідзе наперад”.

Яны раскінуліся на мяккіх сядзеньнях, гледзячы ў акно – там міма іх прабягаў усё той жа самы лес. Кіроўца наперадзе нягучна размаўляў з кімсьці па мабільным тэлефоне. Недзе пад іхнымі азадкамі натужна гуў матор, надзімаючы свае гарачыя шчокі. Аўтобус прыціхнуў. Людзі пачалі драмаць, і Лёся зь Лёччыкам таксама адчулі, як у іх зьліпаюцца вочы. Лёся паклала Лёччыку галаву на цёплае плячо, а рукі – на Лёччыкавы голыя, падраныя, маляўніча пакусаныя камарамі калені. Калені былі прахалодныя, і Лёсі захацелася іх пацалаваць. І нечакана ёй стала так сорамна – яна ажно здрыганулася, але Лёччык нічога не заўважыў.

“Цікава, дзе мы?” – сказаў Лёччык. – “Калі б бацька нам зараз пазваніў – што б мы яму сказалі? Ці тая, з жоўтымі валасамі?”

“Ці мама”, – сказала Лёся. – “Але яны не пазвоняць. Куды ім званіць? Табе на вуха? Туруру, алё, дзе вы?”

І яна патрапала Лёччыка за мочку ягонага вуха – як роварны званок націснула.

“Але праўда: дзе мы?” – сказаў Лёччык. – “Можа, спытаем?”

“Не”, – сказала Лёся. – “Тады яны падумаюць, што мы заблудзілі. І пачнуць нам дапамагаць. І мы ніколі ня трапім у Брэмэн”.

Яны пасядзелі яшчэ крыху моўчкі, адганяючы ад сябе цяжкі аўтобусны сон.

“Дзе мы”, – прамармытала Лёся. – “Дзе мы… А мне вось больш цікава: хто мы?”

І яна з падазрэньнем паглядзела на Лёччыка.

“Хто мы?” – паўтарыла яна, прыўстаўшы. – “І хто ты?”

“Я твой брат”, – цярпліва сказаў Лёччык.

“Ну добра”, – Лёся паклала галаву на шурпатыя калені Лёччыка. – “Дземы і хтомы. Гэта такія народнасьці. Ну, ці проста такія істоты, якія ходзяць па сьвеце і пакідаюць за сабой дарогі і сьцежкі”.

“Файна”, – засьмяяўся Лёччык. – “Ты хтомка, а я дзем!”

“Гучыць”, – цяпер засьмяялася і Лёся.

І яны зноў прынялі тую самую позу, задаволеныя сабой.

Аўтобус тым часам выруліў са старой дарогі на новую і неўзабаве ўжо ехаў празь нейкае мястэчка.

“Вуліца сямнаццатага верасьня”, – прачытаў Лёччык, падняўшыся. – “Няўжо восень надышла – а мы і не заўважылі?”

“Дурны ты, Лёччык”, – сказала Лёся і пацягнулася ўсім целам. – “Гэта сьвята такое. У гэты дзень барадатыя мужчыны цалуюць бязвусых і небарадатых”.

Аўтобус вільнуў, чхнуў і спыніўся пад нізкім навесам, пад якім сядзелі ў рад бабулькі і чамаданы. “Стаянка дзесяць мінут”, – раздражнёна прамовіў кіроўца і закурыў.

“А вось крамы тут цікава называюцца”, – Лёся засьмяялася і павярнула галаву Лёччыка туды, дзе чырванелі шыльды на дзіўных, падобных да вялізных сьмецьцевых кантэйнэраў, быццам з канструктару складзеных спарудах.

“Ліліана. Алінта”, – прачыталі яны хорам і пераглянуліся ў захапленьні. – Тофілія. Лукер’я”.

“Я б хацела, каб мяне звалі Алінта”, – сказала Лёся. – “А цябе я назвала б Ліліян. Ліліян Лёччык!”

Дзьверы адчыніліся, і ў праходзе зьявілася худая, нязграбная і нейкая панылая постаць міліцыянта. Ён акінуў салён сумнымі вачыма і шпарка прайшоў да тых месцаў, дзе Лёся і Лёччык курчылі адно аднаму страшныя фізіяноміі.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Уроки счастья
Уроки счастья

В тридцать семь от жизни не ждешь никаких сюрпризов, привыкаешь относиться ко всему с долей здорового цинизма и обзаводишься кучей холостяцких привычек. Работа в школе не предполагает широкого круга знакомств, а подружки все давно вышли замуж, и на первом месте у них муж и дети. Вот и я уже смирилась с тем, что на личной жизни можно поставить крест, ведь мужчинам интереснее молодые и стройные, а не умные и осторожные женщины. Но его величество случай плевать хотел на мои убеждения и все повернул по-своему, и внезапно в моей размеренной и устоявшейся жизни появились два программиста, имеющие свои взгляды на то, как надо ухаживать за женщиной. И что на первом месте у них будет совсем не работа и собственный эгоизм.

Кира Стрельникова , Некто Лукас

Современная русская и зарубежная проза / Самиздат, сетевая литература / Любовно-фантастические романы / Романы