Ён мог бы іх усіх вылечыць – тых, да каго яму трэба было зьяўляцца са справаздачай. У кожнага зь іх ў роце была пухліна памерам з кулак. Яны і самі нагадвалі яму вепрукоў, кароваў і сучак, апранутых у дарагія гарнітуры і сукенкі з найлепшых эўрапейскіх буцікаў. Доктар адчуваў да іх гідлівасьць і шкадаваньне, якія дапаўняў прафэсійны інтарэс. Але гэтыя сьвіньні, каровы і сучкі…
“І козы”, – зноў прыйшло яму ў галаву. Што да яго прычапілася гэтае слова? “Эй, каза”, сказаў ён з задавальненьнем, аднымі вуснамі. Гэтае слова так узбудзіла доктара, што ён зашпіліўся на ўсе гузікі, каб супакоіцца. Кіроўца зноў паглядзеў на яго запытальна – доктар і праўда выглядаў цяпер так, быццам зьбіраўся выйсьці з машыны.
“Притормозить?” – спытаў кіроўца паслужліва.
“Нет”, – сказаў доктар. – “А повторите-ка еще раз, что вы сказали?”
“Я просто спросил”, – пачаў апраўдвацца кіроўца. Гэта быў незнаёмы кіроўца. Кожнага разу, калі доктар наведваў гэтыя нарады, яму давалі новага. Строгія ў іх тут патрабаваньні. А самі гаварыць ня ўмеюць. Ня тое што гэты мужычок за стырном. Вось у каго ім павучыцца б.
“Все в порядке”, – супакоіў яго доктар. – “Просто повторите”.
“Я спросил, может, притормозить?” – маркотна сказаў кіроўца. – “Я подумал…”
“Спасибо”, – кіўнуў галавой доктар. Якое чыстае вымаўленьне. Адразу відаць, чалавек зь дзяцінства рос у сям’і, дзе клапаціліся пра моўную гігіену. Бацькі, напэўна, сачылі. Можа, нават білі па языку, калі, нахапаўшыся акцэнту, хлопчык, які некалі зробіцца кіроўцам чорнай-чорнай машыны, прыяжджаў у канцы жніўня зь вёскі. І вось вынік. Чысты голас.
Ну, амаль чысты. Доктар падправіў бы сёе-тое. Нешта ёсьць у гэтай краіне такое – разьлітае ў самім паветры – што замінае людзям гаварыць чыста. Нейкі хімічны элемэнт, які прымушае пухліну расьці з такой хуткасьцю, што калі своечасова ня ўзяцца, потым без хірургіі ўжо не абысьціся.
Ён зноў прыгадаў нараду.
Ад гэтых сьвінападобных небаракаў і кароваў з залатымі зубамі залежала, ці будзе існаваць лягер.
Там былі самыя розныя людзі – і з кожным трэба было быць уважлівым і прыветным, і кожнага ведаць па імі, і з кожным пасьмяяцца, і з кожным пашаптацца. Лес хуценька прачысьціў бы ім мазгі. У лесе, у лягеры, не было нічога лішняга. Дзеці – і доктар. Праўда, быў яшчэ дырэктар. Але той ня надта замінаў – доктар даваў яму адмысловую сумесь пігулак: дзьве чырвоныя і адну чорную, і гэта ў спалучэньні з самагонам, які дырэктару цягалі з суседніх вёсак важатыя, давала стоадсоткавы эфэкт. Дырэктар зьяўляўся раніцай, усьміхаўся дурной усьмешкай, вёрз нейкую лухту – і зьнікаў у сябе.
Нарада, у прынцыпе, прайшла ўдала. Усе гэтыя сьвінтусы і Каровы Паўлаўны падпісалі ўсё, пра што ён прасіў. Самі лячыцца ня хочуць, усім выглядам паказваюць, што на хваробу ім напляваць – але пра дзетак думаюць, крывадушнікі. Доктар марыў пра той час, калі дзеткі вырастуць. І краіна загаворыць нарэшце чыстым голасам – які яна заслужыла. Гэта будзе вяртаньне туды, дзе яе месца. У імпэрыі чыстага голасу – дзе кожны гук выразны і мае значэньне.
Дзе ўсе чуюць адно аднаго – дзе свайму ня страшна і ня сорамна раскрыць рот перад сваім.
А нават калі б яны не падпісалі – гэтыя сталічныя начальнічкі і начальніцы… Калі б заўпарціліся… На гэты выпадак у доктара былі свае спосабы і свае людзі. Ну, не зусім людзі. Але пра гэта доктар таксама не любіў думаць. Якая розьніца, хто яны. Яны ў лесе. І яны выканаюць любы ягоны загад. Бо ён даў ім тое, што не даваў ніводны лекар – голас. Чысты, як лясное паветра.
І гэта было цудам. Доктар верыў у навуку – але і ў тое, што навука бяз цудаў немагчымая.
На нарадзе былі такія начальнікі, якіх старэнькія бацькі доктара бачылі адно па тэлевізары. Дый тое ня ўсіх яны маглі там бачыць. Прыкладам, чалавек з камітэту, які больш маўчаў, толькі зрэдку дадаючы свае заўвагі (даволі разумныя, як на доктара) – гэтага чалавека па тэлевізары пабачыць ня мог ніхто. Не такая ў яго была пасада. А доктар зь ім побач сядзеў. Толькі ў яго, камітэтчыка, ды яшчэ ў нейкага палкоўніка зь міністэрства абароны, быў больш-менш чысты голас. Ну, ясная рэч – людзі не адсюль. Хаця таксама паднахапаліся тут – гэтае гэ… Гэтыя не аблагарожаныя рэдукцыяй галосныя. Першая стадыя.
Астатнія ж – на апошняй. І гэтыя людзі хочуць, каб краіна мела чысты голас? Доктар не разумеў лёгікі. Але пакуль яны былі зь ім хаўрусьнікамі – яму было ўсё роўна.
Дзеці вырастуць.
Кола замкнецца.
Пухліна зробіцца архаізмам.
Быў яшчэ пісьменьнік. Нейкі незнаёмы. Доктар трохі хваляваўся: той, звыклы, Барадаўкін ці як яго там, пасьпяхова выконваў ускладзеную на яго задачу – ствараць вобразу пухліны адмоўны фон у вачах грамадзкасьці. Барадаўкін служыў жывым прыкладам таго, што з пухлінай у роце немагчыма напісаць нічога цікавага. Але Барадаўкін, сказалі, ляжыць у шпіталі. Псыхіятрычным. Дапіўся клясык.
На шчасьце, высьветлілася, што і гэты новы – ня горшы за Барадаўкіна. Выслухаў заўвагі, запісаў патрабаваньні – і пачытаў нейкія свае вершыкі. Калі б доктар ня ведаў, падумаў бы, што гэта Барадаўкін і пісаў. Аказалася, вучань. Вучань паэта.