Читаем Дзеці Аліндаркі полностью

На гэтым успаміне доктар адчуў звыклую спакусу. Яму не хацелася прызнавацца самому сабе, што яна ўсё яшчэ жыве ў ім. Ці паддасца ён спакусе – залежала ад настолькі тонкіх рэчаў, што ён сам ніколі ня мог сказаць з пэўнасьцю, як выйдзе гэтым разам. Машына спынілася на сьветлафоры. Побач стаяла прыземістая спартовая мазда. На заднім сядзеньні пілі шампанскае.

І доктар наважыўся. Быў толькі адзін раз, калі ў свой прыезд на нараду ён стрымаўся. Тады балела галава. Але сёньня ён адчуваў сябе поўным сілаў.

“Ну-ка”, – сказаў ён з усьмешкай. – “Поверни здесь. Поедем в гостиницу. Подождешь меня. А после я скажу, куда”.

І доктар з загадкавым, трохі самаўпэўненым выглядам адкінуўся на сьпінку сядзеньня.

У гатэлі ён распрануўся. Пастаяў, голы, перад люстэркам. Голы доктар. Чысты голас. Козы.

Нацягнуў на сябе тонкія ільняныя нагавіцы. А потым падышоў да шафы, падумаў крыху, адчуваючы, як спакуса ўнутры мацнее, наліваецца, пранікае ва ўсе судзіны. Пастаяў з заплюшчанымі вачыма. А потым адплюшчыў – і засьмяяўся.

“Пуркуа па? А почему бы, собственно, и нет?”

“Чаму б і не, чаму б і не”, – прыгаворваў ён, нацягваючы на сябе беласьнежную кашулю з чыстай бавоўны, вышытую народнай майстрыхаю, маці аднаго зь ягоных пацыентаў. Ад горла ўніз ішоў прастакутнік чырвонага арнамэнту, а на поясе вышываная кашуля завязвалася адмысловым пасам.

“Чаму б і не, чаму б і не”, – усё гучней напяваў пад нос доктар, і яму было дужа прыемна перакочваць у роце гэтае густое “чаму”. Брудныя, прымітыўныя гукі ўваходзілі ў арганізм лёгка, падманваючы яго ўяўнай натуральнасьцю. Галава доктара закружылася, і шчокі загарэліся прадчуваньнем маленькага, але вельмі салодкага граху. Сёньня было можна. Раз на год было можна. Толькі разочак яму, доктару, было можна ўсё.

На вышыванку ён надзеў пінжак – але калі яны прыехалі на месца, доктар пакінуў пінжак у машыне. Гэта была кавярня ў самым цэнтры сталіцы: доктар бадзёрым крокам увайшоў і тут жа зьліўся з натоўпам.

Тут на ягоную кашулю ніхто не зьвяртаў увагі. Дый на яго самога таксама – пакуль доктар ня даў употай знак шэраму чалавеку, які, сьціпла прытуліўшыся ў куце, піў каву і назіраў з-пад доўгіх веек на брудныя танцы пасярод і так перапоўненай залі. Не мінула і хвіліны, як адна з канапаў вызвалілася – і вось ужо доктар сядзеў пасярэдзіне, а з аднаго боку сядзеў хлопчык, у такіх вузкіх штоніках, як у артыста балету – а з другога сарамлівая брунэтка, па грудзях якой бегалі зялёныя і чырвоныя промні. Доктар загаварыў з хлопчыкам – і той, спалохаўшыся, уцёк.

“Чым ты займаешся?” – пыталася брунэтка, гладзячы валасы доктара, а сам доктар удыхаў у сябе водар кавярні, яе пот, яе паўзмрок, і пацягваў кактэйль з высокага, падобнага на чэлес, келіха.

“Я раблю галасы чыстымі”, – казаў доктар, усьміхаючыся гэтай вясёлай і грэшнай цемры.

“Хіба гэта магчыма?”

“Некаторыя людзі здольныя на цуды”.

“А ў каго ты вучыўся?”

“Гэта няважна”, – доктар злавіў яе руку і ўкусіў за палец. – “Калі хочаш, я магу назваць сваім настаўнікам Ісуса Хрыста”.

“Вось як”, – яна прасунула ўкушаны палец яму пад кашулю. – “Калі ты доктар, палячы мяне”.

Ды які я доктар? Я смочка, падумаў доктар. Але яму хацелася гаварыць – так, каб чулі ўсе. “Я смочка!” – крыкнуў ён, але ніхто не зьвярнуў на яго ўвагі. Якое ўзбуджальнае слова. Усё праз гэтае густое, як нешта цякучае, як нешта напятае і пругкае, што вось-вось лопне – усё праз гэтае ч…

“Ісус гаварыў на дыялекце”, – сказаў доктар. – “На няправільным і брудным языку. І яго ўкрыжавалі”.

“А ты добра размаўляеш на роднай мове”, – гэты палец з даўгім пазногцем ціснуў, пальцу тэрмінова патрэбны быў доктар. – “Ня кожны тут ведае слова “укрыжавалі”…

“Ёсьць правілы гігіены”, – сказаў доктар, перакрыкваючы музыку. – “Калі адзін раз не пачысьціць зубоў…”

“Паглядзім, што ты за доктар”, – яна нахілілася да яго. – “У нас шмат часу. Столькі, колькі ты захочаш. Але ж што ты там казаў пра Хрыста? Я скончыла філфак, я магу размаўляць на такія тэмы…”

“Я ж патлумачыў”, – прамовіў доктар. – “Слова Хрыста толькі тады зрабілася мудрасьцю, калі было прамоўленае на чыстай мове. Мове, на якой можна было выказваць і ўспрымаць рэчы такога маштабу…”

Доктар дапіў кактэйль і заплюшчыў вочы. Заўтра ён вернецца ў лягер. І ніхто ніколі не даведаецца, дзе ён быў сёньня ўначы. Ён адчуў, як у роце, як і кожным разам, прачнулася нешта жывое, як пачало расьці, напружвацца, вібраваць – маленькая кропка, якой ён мог кіраваць, зь якой ён мог гуляць у рызыкоўныя гульні. Ён мусіў зрабіць гэта сёньня – інакш забываўся смак змаганьня.

“У цябе ёсьць дзеці?” – яе пальцы былі халодныя, яе пальцы ведалі, што такое сталічная сьпёка. І ён сказаў ёй пра гэта, тымі словамі, якімі мог – і словы прагучалі так пошла, што доктар паморшчыўся ад шчасьця.

“Пашляк”, – яна паказала зубы. – “І ўсё-ткі? Ёсьць?”

“Так, двое”, – сказаў доктар. – “Хлопчык і дзяўчынка. Дзяўчынку завуць Лёся, а яшчэ яе завуць Сіа. А хлопчык у мяне Лёччык…”

“Яны ведаюць, чым ты тут займаешся?”

“Ну што ты”, – доктар пачынаў задыхацца ад жаданьня. – “Дурніца…”

Перейти на страницу:

Похожие книги

Уроки счастья
Уроки счастья

В тридцать семь от жизни не ждешь никаких сюрпризов, привыкаешь относиться ко всему с долей здорового цинизма и обзаводишься кучей холостяцких привычек. Работа в школе не предполагает широкого круга знакомств, а подружки все давно вышли замуж, и на первом месте у них муж и дети. Вот и я уже смирилась с тем, что на личной жизни можно поставить крест, ведь мужчинам интереснее молодые и стройные, а не умные и осторожные женщины. Но его величество случай плевать хотел на мои убеждения и все повернул по-своему, и внезапно в моей размеренной и устоявшейся жизни появились два программиста, имеющие свои взгляды на то, как надо ухаживать за женщиной. И что на первом месте у них будет совсем не работа и собственный эгоизм.

Кира Стрельникова , Некто Лукас

Современная русская и зарубежная проза / Самиздат, сетевая литература / Любовно-фантастические романы / Романы