Шынкароўна сышла, а панна Пракшына адкінулася ў фатэлі, паглыбіўшыся ў роздум. Ясная рэч: калі справы тычыцца каханне, то любая жанчына будзе заступацца за свайго суджанага. І нават нягледзячы на тое, што адказаў на найбольш істотныя заўвагі гэтая дзяўчына не ведала, Яўгенія Канстанцінаўна ёй паверыла. І не таму, што сэрца яе было падкуплена рамантычнай гісторыйкай, а таму, што гісторыйка гэтая мела ясную логіку. Штэйн, здаецца, не збіраўся змяняць ладу свайго жыцця ці, прынамсі, неяк выправіць, схаваць страшную памылку, каб усё быццам бы засталося звыклым чынам. Альбо ўсё ж такі Штэйн – агідны злачынца, які мае такое самавалоданне, што нават нявеста ягоная не заўважыла ніякіх недарэчных прыкмет? Апынуўся ж ён, тым не менш, на станцыі! Чаму яму было патрэбна з’ехаць з флігеля? На горшы выпадак мог бы і ў шынку пераначаваць. Але навошта? Відаць, штосьці ён недагаворваў і шынкароўне. Хаця, з іншага боку, цалкам не зразумелыя і дзеянні фурмана. Панне Пракшыной, па праўдзе, не даводзілася раней задумвацца аб тым, што можа рухаць душамі фурманаў, але такія паводзіны бачыліся ёй неўразумелымі хітрыкамі. Але нават калі шынкароўна не хлусіць і можна ўявіць – усяго толькі на імгненне, – што Штэйн не вінаваты, труп і дукат з’явіліся не дзе-небудзь, а ў яго флігелі. Нешта тут не складалася…
–
З затурбаваных разважанняў панну Пракшыну выцягнуў татухна, які толькі што вярнуўся ды мусіў вось-вось грымнуць тырадай. Спешна перапрасіўшы выбачэння, дзявіца рэтыравалася з кабінета, дбайна прывяла сябе ў належны выгляд ды спусцілася да
– Ну-с, Яўгенія Канстанцінаўна, чым жа вы займаліся ў нашую адсутнасць? – татухна быў відавочна незадаволены.
Панна Пракшына вырашыла не спяшацца з пераказам сведчанняў шынкароўны, а таму ў сваю чаргу пацікавілася пра вынік вандроўкі ў Ашмяны. Канстанцін Мікалаевіч неахвотна распавёў, што сустрэча са Штэйнам прынесла мала карысці – інжынер маўчаў.
– Але ён даў слова, што не мае дачынення да забойства, – падзяліўся татухна. – Для мяне гэтага дастаткова, ды я і сам думаю, што наш Людвіг Восіпавіч іншага складу чалавек.
Ну вось, зноў – беспадстаўнае сцвярджэнне, вера ў якое да непарушнасці цвёрдая. Яўгенія Канстанцінаўна пацікавілася ў татухны, ці не здолеў ён дамагчыся якіх-небудзь падрабязнасцяў ад следства, і высветлілася, што пану Пракшыну давялося не толькі штурмаваць павятовую паліцэйскую ўправу, але і зноўку паваяваць з Дзятлікавым. Той паспеў напісаць на татухну скаргу з маляўнічым апісаннем учарашняга выгнання, якое да таго ж было ў значнай ступені гіпербалізавана. Аднак непразорлівы губернскі сакратар даслаў свой літаратурны шэдэўр у абыход непасрэднага кіраўніцтва, і скарга апынулася ў руках павятовага спраўніка, Снопіна Ігната Андрэевіча, які быў баявым татухнавым таварышам. Няхай шляхі іх на пэўны час разышліся, але стасункі засталіся добрымі і дагэтуль, таму Дзятлікаў атрымаў вымову за парушэнне парадку службовых зваротаў, а Канстанцін Мікалаевіч нарэшце даведаўся пра тыя бедныя звесткі, якімі зараз распараджалася следства.
Што цікава, ніякіх дукатаў альбо іншых манет ды каштоўнасцяў знойдзена не было. Вядома, татухна не казаў спраўніку пра іхнюю знаходку наўпрост, аднак жа пацікавіўся, што магло стацца падставай для забойства. На ўсялякі выпадак усіх службоўцаў, хто наведваў мейсца забойства, добранька распыталі на прадмет утойвання сведчанняў, але ж гэта ніяк не паспрыяла ўзбагачэнню на доказы. Што ж тычыцца прылады забойства, то адзінае ўдакладненне, якое з’явілася пасля прамывання раны забітага, толькі заблытвала далейшы пошук: рэч мела характэрны ўзор – невялічкія адмеціны, падобныя да зорачак. Але за адсутнасцю якіх-небудзь прадметаў, якія адпавядалі такому апісанню, здагадак пра тое, што ўяўляла сабой прылада гэтая, прапанавана не было.
Уважліва выслухаўшы татухну, панна Пракшына ўпотайкі ўзрадавалася – усё ж сведчанні шынкароўны больш трапна апісвалі ход нядаўніх падзеяў, і яна распавяла Канстанціну Мікалаевічу ўсё, пра што даведалася сама. Але той не спяшаўся выказваць асаблівага ўхвалення. Мабыць, усё яшчэ сердаваў за абыякавасць да дысцыпліны, а мо і праўда не бачыў у гісторыі шынкароўны асаблівай карыснасці, хаця пан Пракшын і адзначыў, што адвакату, які будзе займацца Штэйнам, абавязкова трэ будзе перадаць яе словы. Але пакуль, згодна з татухнам, усё, што ім заставалася рабіць, дык гэта чакаць новых звестак, а каб не марнаваць час, трэ было заняцца не менш надзённай справай, а менавіта лесапілкай. Яўгенія Канстанцінаўна была абсалютна не згодная з абедзвюма заявамі, аднак жа спрачацца з татухнам, які быў не надта ў гуморы, не выпадала: на заўтра яе чакаў пад’ём на самым світанку.
Раздзел V