Як панна Пракшына і прадчувала, наступны дзень быў настолькі шчыльна размеркаваным, што яна не паспявала не тое каб хаця на кароткі час прысесці ды занатаваць свае разважанні, але нават і ў думках вярнуцца да тых сюжэтаў, якія з’яўляліся ў яе галаве і мусілі стацца асновай для новых твораў. Яна пакуль не вызначылася дакладна, ці гэта будзе
Спачатку татухна настаяў на тым, каб Яўгенія Канстанцінаўна не проста паехала разам з ім на лесапілку ды занялася там, напрыклад, разбіраннем дакументаў у каморцы Штэйна: мо знайшліся б якія дадатковыя доказы, дарэчы! Пан Пракшын пра гэта і слухаць не жадаў – Джынні мусіла дапамагаць яму з наладкай новага абсталявання, да якога за адсутнасцю галоўнага інжынера ніхто з рабочых не наважваўся нават падыходзіць. Не хапала папсаваць якую дэталь ды ўвогуле пазбавіцца працы, усе і так пераймаліся, каб лесапілка не зачынілася. Таму Канстанцін Мікалаевіч, які лічыў, што цалкам няблага разумее тонкасці механікі, вырашыў разабрацца з гэтым самастойна, а пасля наладкі прызначыць часовага назіральніка – той і будзе несці адказнасць за выкананне замовы, усе тэрміны на каторую ўжо амаль сышлі.
Татухна спадзяваўся, што ўсё яшчэ можа паспецца: насамрэч, непасрэдна працэс апрацоўкі складаным не быў, трэ было толькі падаваць драўніну ды прымаць яе гатовенькую на пакаванне, ну а за дадатковую плату можна і папрацаваць трошкі болей ды актыўней. А вось каб усё сапраўды атрымалася гэтак жа ўдала, як прэзентавалася на прысвечаных індустрыяльным дасягненням
Дачка ж мусіла зараз сачыць за ціскам у паравой машыне ды, пакуль татухна змагаецца са шматлікімі махавікамі ды вагавікамі, фіксаваць паказчыкі, звяраючыся час ад часу з таўсманнымі інструкцыямі. Панна Пракшына трошкі злавалася – праца была не самага інтэлектуальнага кшталту, можна было б любога хлапчызну-падмайстра пасадзіць ды не здзекавацца з яе бясконцымі падкручваннямі ды панукваннямі. Але Канстанціну Мікалаевічу падавалася, што іх сумесны занятак, наадварот, вельмі займальны дый справа ідзе весела, а значыцца, і Джынні, напэўна, гэта падабаецца. А таму дзявіца нашая ўнутрана абуралася яшчэ больш.
У дадатак да ўсяго была ў яе і іншая падстава для няёмкасці: каб Яўгенія Канстанцінаўна не запэцкалася, ёй выдалі рабочую робу, апрануўшы якую, дзявіца адчула сябе ці то інквізітарам, ці то адной з тых хворых, над якімі, як яна неяк чула, у Парыжы ставяць дзіўныя эксперыменты з ужываннем гіпнозу. У дадатак да ўсяго ёй давялося закрыць хусткай галаву на сялянскі манер, каб у валасы не панабівалася пілавіння, ды насунуць на рукі нязграбныя рукавіцы, у якіх пальцы яе ледзь згіналіся. Зараз панну Пракшыну было б цяжка ўпікнуць за разбэшчанасць альбо капрызнасць, – усё ж займаецца яна найсапраўднейшай мужчынскай справай, аднак насамрэч не хацелася б ёй гэнай роўнасці. Яўгенію Канстанцінаўну засмучаў нават не столькі ўласны знешні выгляд – тут, у глухмені, ёй не мелася каго счароўваць, – колькі ўнутраны стан, які нельга азначыць як упэўнены.
Праз некалькі гадзін плённай працы наладка была скончаная ды татухна паклікаў рабочых, каб не толькі паказаць ім, што і як рабіць, але ж і распачаць апрацоўку. То пан Пракшын нарэшце дазволіў дачцы выйсці на двор трошкі праветрыцца, а сам узяўся з захапленнем інструктаваць падначаленых. Тым часам Яўгенія Канстанцінаўна ўладкавалася на бярвёны і, аслабіўшы тугія вузлы хусткі, ужо збіралася пагрэцца на сонейку, як нехта гукнуў за спінай:
– Міленькая, пакліч свайго гаспадара!
Голас падаўся ёй цьмяна знаёмым, але ж да каго ён звяртаўся, калі тут на дварэ ні душы? Панна Пракшына нязмушана азірнулася ды ледзь не задыхнулася ад хвалявання: гэта быў Падгорскі. Яна пра яго сёння нават не ўзгадала ні разочка, амаль цалкам забылася, і вось ён сам з’явіўся ёй на вочы, бездакорны насмешнік на рудым кані.