Як гэта бабуля ўчора яго назвала? Ендрусь? Гучыць ласкава… Цьху, трэба думаць пра Штэйна і Файнавы манеты! Вось як гэта звязана? Ясна ж, што маўчыць інжынер не проста так, але пэўна нешта там заблытана, мо ён праз гонар не можа сказаць… Ха! Ендрусь! Чаму не абраў другое імя, як знакаміты цёзка? Тадэвуш – таксама вымаўляць някепска, ды маецца ў сугуччы гэтым свой няўлоўны
Яўгенія Канстанцінаўна зрабіла спрытны кульбіт і падскочыла на мейсцы. Вось гэта заварот! А яна заўжды ведала: усё, што дбайна хаваецца, абавязкова выйдзе вонкі самым нечаканым чынам. Калі нехта прыкладзе дастаткова разумовых высілкаў, канешне ж. Проста бліскуча! Панна Пракшына павагалася: запісаць сваю здагадку ў журнал альбо адразу бегчы да татухны? Усё ж справядліва будзе здзейсніць спачатку другое, нататкі пачакаюць.
Дзявіца пабегла ў калідор, каб праз гасцёўню хутчэй апынуцца ў
Заскочыўшы ў гасцёўню, панна Пракшына ў жаху ўскрыкнула і паспрабавала закруціцца ў парцьеру, але ледзь не абарвала яе і пабегла хутчэй назад. Што Падгорскі робіць у іх дома? Дзявіца яшчэ не сустракала нікога ў сваім жыцці, хто ўспрымаў бы запрашэнне завітаць так літаральна і нахабна. І гэты штодзённы позірк па-над газетай! Добра хаця, што пад tricot яна апранула сарочку. Яўгенія Канстанцінаўна замкнулася ў ваннай і пусціла слабы струменьчык халоднай вады. Калі ж прыдумаюць такую сістэму водазабеспячэння, каб з крана лілася адразу цёплая, ды паўнавартасным патокам? Ну нічога, яна загартаваная, можна і пацярпець – пакуль Агапка нагрэе збан, дык пройдзе процьма часу. Дзявіца прабралася ў свой пакой і паклікала пакаёўку.
– Агапка, дзе ты ходзіш? – накінулася яна на дзяўчыну. – Чаму не сказала пра візіцёра?
– Ды ён толькі што прыйшоў, сказаў, што да бабулі вашай, вось я па яе і пайшла, панначка, – апраўдвалася тая, дапамагаючы Яўгеніі Канстанцінаўне зацягнуць гарсэт.
Панна Пракшына пагардліва хмыкнула. Значыцца, да бабулі? Ну і добра, тады яна ўвогуле не будзе да яго выходзіць. Усё ж трэ ўзрадаваць татухну наконт Штэйна, так што ёсць у яе прычына не марнаваць час на гасцей. Нарэшце скончыўшы з уборам, дзявіца адпусціла пакаёўку і на ўсялякі выпадак апырскала сябе з ног да галавы парфумай. Калі яна кралася ў абыход гасцёўні, з дзвярэй выплыла бабуля і зрабіла ёй знак. Яўгенія Канстанцінаўна прыкінулася, што не ўбачыла, і, незалежна задраўшы галаву, рушыла далей, але пані ІллінічВялькоўская была няўмольнай:
– Даражэнькая, нарэшце ж ты спусцілася! Мы ўжо думалі выправіць Агапку шукаць цябе.
У гасцёўні сабралася ўся сям’я, здаецца, яны чагосьці чакалі, пяшчотна пазіраючы на Падгорскага, нават Тэдзі.
Пабачыўшы Яўгенію Канстанцінаўну, госць іхні ўзняўся ды прывітальна пакланіўся ёй.
– Вы, як заўжды, само хараство, – адзначыў ён. Чарговы пошлы камплімент! А ў самога вунь як іскаркі ў вачах зіхцяць, ведае яна, якое хараство ён мае на ўвазе. Падгорскі ўзяўся ўхваляць спартовыя звычкі (з чаго б?!), завязалася нейкая размова, у якой дзявіца наўмысна не прымала ўдзелу, але ж калі татухна ў захапленні павярнуў да ўлюбёнага business, то матухна састроіла яму страшныя вочы.
– Зусім забыўся! Мушу на гадзінку адысці да Упраўлення земляробства, – татухна пляснуў сябе па лбе. – Ды добра, што гэта зусім блізка, то, спадзяюся, па вяртанні яшчэ застану вас тут, Андрэй Вікенцьевіч!
Ён горача паціснуў Падгорскаму руку і сышоў. Матухна з бабуляй пераглянуліся і, няўлоўна кіўнуўшы адна другой, нязмушана павярнулі галовы ў бок акна.
– Якое дзіўнае сёння надвор’е! – заўважыла пані Канстанцыя. – Такое сонца, быццам яшчэ жнівень. Як гэта –
– Я чула, у Амерыцы яго называюць зараз індыйскім, – падтрымала размову матухна.
– Як ні назаві, а ўсё адно: сядзець дома ў такую пагоду нельга! – прысудзіла бабуля. – Андрэй Вікенцьевіч, ці ж не складзяце вы кампанію нашай Яўгеніі?
– З вялікай асалодай, – пагадзіўся Падгорскі. – Калі толькі паненка сама не супраць.
Дзявіца ліхаманкава шукала падставу, каб нікуды з ім не ісці, але ж матухна, відаць, падзяляла намеры пані Канстанцыі:
– Сапраўды, Жэнюшка, вось і набудзеш новых сшыткаў. Сама ж нядаўна казала, што спісала апошні.