Нічога падобнага! Заставалася ў яе яшчэ цэлых два некранутых пяром журналы, але ж атраманту і сапраўды было б купіць няблага. Добра, яна сходзіць з ім на шпацыр толькі каб не крыўдзіць матухну. Але ж бабулі гэтых заходаў яна не даруе.
– Ірада таксама з сабой прыхапіце, – параіла наўздагон тая. – Ну, а мы паклапоцімся пра абед, праўда, Альжбэта?
Дык вось яно што. Яны чакаюць, што ён не проста суправодзіць іх з Тэдзі да крамы пісьмовых прылад і назад, але яшчэ і на dinner застанецца?
– Як вам мой Міро? Выключны красун і выкрадальнік дзявочых сэрцаў! – Падгорскі весела падміргнуў фурману. – Ну што ж, вядзіце мяне, пані Яўгенія. Я тутэйшых месцаў амаль не ведаю, у Менску заўжды праездам.
– Крама Шапіры непадалёк, адзін квартал адсюль, – паведаміла дзявіца, недаверліва касавурачыся на калматага.
– Тады чаму б нам не зрабіць круг праз той выдатны сквер? – Андрэй Вікенцьевіч махнуў рукой у процілеглы бок. – Падазраю, Тэдзі там спадабаецца.
З гэтым не пагадзіцца было складана, дый сам шчанюк ужо направіўся ў акрэсленым напрамку. Усё ж такі як хітра ён прыдумаў – зразумеў, што ў дачыненні да psa ёй будзе цяжка спрачацца. А мабыць, гэта са шчырасці? Яны дайшлі да скрыжавання Петрапаўлаўскай з Захар’еўскай і перайшлі вуліцу, апынуўшыся ў карункавым цені Аляксандраўскага сквера. Панна Пракшына ўсё яшчэ была ўражана выглядам пачварнага Міро.
– Фурман ваш надта да цыгана падобны, – з прадузятасцю сказала дзявіца.
– А ён і ёсць цыган, – адказаў Андрэй Вікенцьевіч. – Сапраўдны разбойнік! Але ж як ладзіць з коньмі – любата.
Яўгенія Канстанцінаўна палічыла за лепшае не ўдакладняць, чаго тычыцца заўвага перад «але», аднак у галаве дзявіцы чамусьці ўсплыла згадка пра нейкія нядобрыя метады, аб якіх распавядалі трэцяга дня ейнаму татухну. Перад вачыма паўстала непрыемная карціна, як злы Міро пад сховам ночы распраўляецца з кампаньёнамі Падгорскага, што не апраўдалі ягонага даверу. Дзявіца скаланулася: раптам праўда? А татухна дык толькі і рады прымаць яго ў гасцях. Але ў наступнае імгненне Андрэй Вікенцьевіч адцягнуў яе ад жахлівых думак і папрасіў распавесці пра першы і пакуль адзіны гарадскі фантан, які яны толькі што абмінулі. Дарэчы, і сам падзяліўся вельмі цікавымі разважаннямі датычна гарадскога добраўпарадкавання – апісваў гарады, у якіх быў, і як зграбна там вырашаны пэўныя рэчы. Панна Пракшына ажно заслухалася, ёй знянацку захацелася пабываць ва ўсіх мясцінах, пра якія казаў Падгорскі, і вядома ж – разам з ім! А можа, гэта ён так яе вабіць, намякае, што здолее ўсё кінуць да ног Яўгеніі Канстанцінаўны, варта ёй толькі захацець? Паза размовай дзявіца нават не заўважыла, як яны дайшлі да крамы.
Падгорскі з Тэдзі пад пахай трапятліва чакалі, пакуль яна думала, колькі ўзяць бутэлечак з атрамантам, і таксама, мабыць, новую скрыню з алоўкамі, і тыя два падарожныя нататнічкі, а лепей тры альбо нават чатыры. Калі яны паедуць у
– А як прасоўваецца вашая крымінальная аповесць? – пацікавіўся Андрэй Вікенцьевіч. – Ці хутка чакаць выдання?
Вось ніколі і не зразумееш: усур’ёз ён альбо здзекуецца. Панна Пракшына не стала ўдавацца ў дэталі, што Падгорскі патлумачыў іншым чынам:
– Не хочаце пакуль раскрываць інтрыгу?
Так яна і скажа, што за мінулы тыдзень не напісала ні старонкі. Ды якое там – ані радочка!
– А што ж чуваць пра золата, калі вяртацца да рэчаіснасці? – ён прыжмурыў мядовыя вочы.
– Пра якое гэта золата? – здзівілася Яўгенія Канстанцінаўна – адкуль толькі дазнаўся?
– Ды кіньце, у Ашмянах іншых турбот зараз няма, як адшукаць мех з золатам, які быццам бы належыць вашаму інжынеру, – Падгорскі падкруціў вус. – Калі я ехаў з Вільні, дык толькі пра тое і размоваў.
Вось Снопін! Навошта толькі пляткарыць? А можа, гэта бясшчасны Дзятлікаў? Але яму адкуль ведаць. Адзначыўшы засяроджанне, якое зараз выяўляла яе аблічча, Падгорскі цёпла рассмяяўся.
– Значыцца, гэта праўда? – зазірнуў у самую душу!
– Няўжо ж гэта адзінае, што вас цікавіць? – пытаннем адказала яна.
– Яўгенія, ну што вы! – ён заспяшаўся пераканаць яе ў адваротным і павёў далей. – Не падумайце, што мужчынам у трыццаць год рухае адна хцівасць.
– Дык вам ужо трыццаць? – якая добрая падстава нарэшце ўсё высветліць.